З верай у магчымасці кожнага вучня

Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 13 Гродна Вольга Іванаўна Груздоўская ў прафесіі 10 гадоў. З самага пачатку педагагічнай дзейнасці яна займаецца падрыхтоўкай дзяцей да алімпіяд і навуковых канферэнцый па прадмеце. Сярод яе навучэнцаў штогод ёсць пераможцы. Сёлета Вольгу Іванаўну чакала надзвычай радасная падзея — яе вучань Максім Касцоў заваяваў бронзавы медаль на Міжнароднай алімпіядзе па біялогіі.

Вольга Груздоўская скончыла хіміка-біялагічны клас Гродзенскага ліцэя № 1 і факультэт біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”. Па размеркаванні трапіла ў родны Воранаўскі раён, дзе ў Радунскай гімназіі працавала чатыры гады. З верасня 2012 года яна з’яўляецца настаўніцай біялогіі сярэдняй школы № 13 Гродна. З першых дзён работы ў школе Вольга Іванаўна зарэкамендавала сябе як педагог, які не стаіць на месцы, а пастаянна ўдасканальвае сваё прафесійнае майстэрства. У ёй спалучаюцца глыбокае веданне біялогіі і методыкі выкладання прадмета з жывым, эмацыянальным і даступным тлумачэннем матэрыялу.

“Веды і навыкі, якія будучыя педагогі набываюць ва ўніверсітэце, праходзяць шліфоўку падчас непасрэднай практычнай работы ў калектыве, — адзначае Вольга Іванаўна. — Педагогу становіцца зразумела, у якім кірунку трэба рухацца, каб быць цікавым вучням. Так было і са мной. Галоўнае, на мой погляд, мець шырокі кругагляд. Абапірацца толькі на веды школьнага падручніка недастаткова. Калі я як настаўнік павышаю планку свайго майстэрства, развіваюцца і мае вучні. У сваю чаргу навучэнцы, якія прыходзяць на мае заняткі з жаданнем спасцігнуць нешта новае, таксама натхняюць мяне да прафесійнага росту і развіцця.

Сваю задачу бачу не ў тым, каб перадаваць дзецям гатовыя веды, а ў тым, каб быць для іх матывацыйным лідарам, каб фарміраваць зацікаўленасць у прадмеце, выклікаць жаданне яго вывучаць, каб атрымаць потым адпаведную спецыяльнасць і г.д. Паколькі ў дзяцей розныя здольнасці да прадмета “Біялогія”, прапаноўваю ім дыферэнцыраваныя заданні, арганізоўваю работу ў групах, за камп’ютарам — па рашэнні індывідуальных заданняў (у класе ёсць камп’ютары і выхад у інтэрнэт)”.

У Вольгі Іванаўны склалася свая сістэма работы з таленавітымі дзецьмі. У 7 класе, калі алімпіяды па біялогіі толькі пачынаюцца, настаўніца высвятляе ў вучняў, каму з іх патрэбны дадатковыя веды па прадмеце. Жадаючыя знаходзяцца кожны год. З імі настаўніца агаворвае індывідуальны графік заняткаў. На бягучыя адзнакі гэтых навучэнцаў па біялогіі яна не звяртае ўвагу. Галоўны крытэрый — жаданне дзяцей шмат часу ўдзяляць любімаму прадмету, займацца дадаткова з педагогам і самастойна, прымаць удзел у алімпіядах і канферэнцыях. Матываваныя вучні, як правіла, умеюць арганізоўваць свой час так, каб яго хапала на ўсё, у тым ліку і на адпачынак.

Штогод навучэнцы Вольгі Іванаўны перамагаюць на канферэнцыях і алімпіядах па біялогіі рознага ўзроўню. З асаблівай цеплынёй настаўніца расказала пра свайго выпускніка Максіма Касцова.

“Такія вучні, як Максім, вялікая рэдкасць і ўдача для педагога, — гаворыць Вольга Іванаўна. — Ён імгненна спасцігае веды, імкнецца дайсці да сутнасці самага складанага пытання, гатовы працаваць гадзінамі. Рыхтавацца да алімпіяды Максім пачаў у 8 класе — штудзіраваў не толькі школьныя падручнікі па біялогіі і дапаможнікі для абітурыентаў, але і ўніверсітэцкія выданні, рашаў алімпіядныя заданні мінулых гадоў, набіваў руку на шматлікіх тэстах і практычных заданнях па прадмеце. Для таго каб дапамагаць Максіму, мне самой даводзілася штодня ўзнаўляць у памяці ўніверсітэцкі курс біялогіі, чытаць літаратуру па сумежных дысцыплінах. Відаць, наша з ім мэтанакіраванасць супала, таму і атрымаўся цудоўны вынік. У 10—11 класах у яго былі дыпломы I ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, дыпломы III і І ступені на чацвёртым (заключным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце, дыплом I ступені ў дыстанцыйнай алімпіядзе па біялогіі і экалогіі пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і бронзавы медаль на Міжнароднай алімпіядзе па біялогіі. Максім стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. А мяне ў новым навучальным годзе зноў чакаюць юныя таленты, якія хочуць атрымаць сур’ёзную падрыхтоўку па біялогіі”.

Калегі называюць Вольгу Іванаўну Груздоўскую нястомнай працаўніцай, адзначаюць не толькі ўменне індывідуальна падыходзіць да кожнага дзіцяці, але і яе цярпенне, вытрымку, настойлівасць, веру ў магчымасці кожнага вучня.

“Вольга Іванаўна з першага ўрока выклікала прыхільнасць да сябе, — адзначае навучэнка 11 класа пераможца раённага і абласнога этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі Караліна Севасцьяновіч. — Яна заўсёды была стрыманай, упэўненай у сабе, падтрымлівала з дзецьмі добразычлівыя адносіны, старалася кожнаму ўдзяліць увагу. Яшчэ тады я падумала, што наўрад ці кожны вучань зможа стаць профі ў біялогіі, але засвоіць асновы гэтай навукі з дапамогай такога таленавітага педагога, несумненна, можна. Я зразумела, наколькі добра яна ведае сваю справу і ўмее настроіць вучняў на работу, выбраць найбольш важны матэрыял і падаць яго даступна і займальна. Біялогія мяне заўсёды цікавіла, а зараз я проста ўлюбёная ў гэты прадмет. І ўсё — дзякуючы Вользе Іванаўне”.

Нястомная працаўніца Вольга Іванаўна Груздоўская шмат часу ўдзяляе не толькі свайму прадмету і ўлюбёным у біялогію дзецям, яна яшчэ і класны кіраўнік. Яе падапечныя — навучэнцы спартыўнага класа, якія займаюцца валейболам.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Надзеі ВАШКЕЛЕВІЧ.