З верай у мір і незалежнасць

28 і 29 красавіка ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” прайшла традыцыйная, 16 па ліку, рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Маштабная, яркая, прымеркаваная да 70-годдзя Вялікай Перамогі і Года моладзі, яна, безумоўна, стала знакавай падзеяй у жыцці педагагічнай грамадскасці краіны.

Выстава праводзіцца з 1998 года з мэтай удасканалення форм і метадаў, навукова-метадычнага забеспячэння грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, прэзентацыі перадавога педагагічнага вопыту, новых падыходаў у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. З кожнай выставай павялічваецца не толькі колькасць яе ўдзельнікаў, якасць і разнастайнасць прадстаўленых работ, мяняецца і фармат мерапрыемства. На сённяшні час гэта маштабны форум педагагічных ідэй і навучэнскай творчасці, які ладзіцца на вядучай выставачнай пляцоўцы краіны.
Словы “Ганарымся мінулым, цэнім цяперашняе і верым у будучыню мірнай і незалежнай Беларусі” нездарма сталі дэвізам сёлетняй выставы. Менавіта тры часткі гэтага ўзнёслага сказа яскрава адлюстроўваюць асноўныя кірункі работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, канкрэтныя справы навучэнцаў на карысць Бацькаўшчыны. Ганарыцца мінулым — значыць займацца пошукавай і даследчай дзейнасцю, вывучаць старонкі слаўнай гісторыі нашага народа, збіраць экспанаты для школьных музеяў, даглядаць помнікі, абеліскі, магілы салдат і брацкія пахаванні. Цаніць цяперашняе — значыць паважліва ставіцца да ветэранаў, дапамагаць ім у звычайных бытавых клопатах, прычым рабіць гэта не толькі напярэдадні 9 Мая. Верыць у будучыню мірнай і незалежнай Беларусі — значыць перадаваць вучням ад шчырага сэрца іскрынку сваёй любові да роднага краю, верыць, што гэтая іскрынка ператворыцца ў сапраўднае вогнішча палымянай любові.
— Тое, што выстава праходзіць у гэтым будынку, на вялікай пляцоўцы, падкрэслівае яе асаблівае значэнне. У гэтым годзе ў выставы асаблівы статус — яна праводзіцца ў сувязі з 70-годдзем перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і Годам моладзі. Выставе нездарма ўдзяляецца вялікая ўвага з боку міністэрства, нашых партнёраў, бо галоўная задача сістэмы адукацыі не толькі перадача і набыццё пэўнага багажу ведаў, але і набыццё навучэнцамі грамадзянскай пазіцыі, выхаванне чалавека, патрыятычна настроенага, які можа лагічна адстаяць свой пункт погляду, які любіць Радзіму, ведае Радзіму, — адзначыў на ўрачыстым адкрыцці выставы міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.
Тое, што адукацыйны працэс — гэта не столькі вучэбны працэс, адзначыў і намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Іванавіч Бузоўскі. Па яго словах, аснова адукацыі павінна быць закладзена ў паняцце “выхаваўчы працэс”, а пра важнасць выставы сведчаць тыя пытанні, якія ўзнімаюцца на імправізаваных пляцоўках і сцэне. І галоўным пытаннем, адказ на якое даюць удзельнікі выставы, з’яўляюцца знакамітыя словы “З чаго пачынаецца Радзіма?”. “Падобныя выставы важна наведаць кожнаму педагогу, бо на іх прадстаўлена ўся метадычная палітра перадавога вопыту па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, прадстаўлены цікавыя формы і метады работы ў выхаваўчай дзейнасці”, — адзначыў Ігар Іванавіч.
— Мы глыбока перакананы, што работа педагогаў і тое, што сёння прадстаўлена на выставе, — гэта яшчэ адно сведчанне нашай павагі да Радзімы, сваёй зямлі. Мы, ветэраны, імкнёмся дапамагаць вам, дарагія педагогі, перадаваць падрастаючаму пакаленню баявыя традыцыі нашага народа. Хочацца, каб дэвізам вашага жыцця і жыцця вашых вучняў сталі словы з песні майго юнацтва: “Жыла б краіна родная, наша родная цудоўная Беларусь, і няма іншых клопатаў”, — звярнуўся да ўдзельнікаў і гасцей выставы першы намеснік старшыні Рэспубліканскага савета ветэранаў Міхаіл Дзмітрыевіч Жукоўскі.
На пляцоўках вядучых устаноў дадатковай адукацыі (Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці) былі паказаны дасягненні навучэнцаў у мастацкай, тэхнічнай, экалагічнай, турыстычна-краязнаўчай дзейнасці. Сваю адметную праграму прадставілі і НДЦ “Зубраня”, установы вышэйшай адукацыі. Акрамя забаўляльна-гульнявой праграмы, у рамках выставы была наладжана вялікая колькасць прэзентацый, майстар-класаў: “Урок Памяці”, “Усе мы родам з вёскі”, “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”. Асобным блокам вылучаліся прэзентацыі сродкаў масавай інфармацыі: часопіса “Спорт-тайм”, якую праводзіла наша калега рэдактар аддзела праблем выхавання “Настаўніцкай газеты” Наталля Іванаўна Алёхіна, навукова-метадычнага часопіса “Выхаванне і дадатковая адукацыя” і дзіцячага пазнавальна-гульнявога часопіса “Рукзачок”.
У многіх установах адукацыі цэнтрамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі з’яўляюцца музеі баявой славы. Нездарма арганізатары выдзелілі для стэндаў-экспазіцый цэлы выставачны праспект, на якім было асабліва ажыўлена. А вось галоўнай падзеяй музейнага блока выставы стала канферэнцыя “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі сродкамі музейнай дзейнасці: з вопыту работы музеяў баявой славы”, якая прайшла ў першы дзень яшчэ да афіцыйнага адкрыцця выставы і дзе педагогі-музейшчыкі дзяліліся сваім перадавым вопытам. Так, кіраўнік народнага музея баявой славы Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці Ларыса Уладзіміраўна Эйсмант паведаміла пра выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у музейнай педагогіцы. Пра выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму сродкамі школьнага музея баявой славы дзяліліся і кіраўнікі музеяў сярэдняй школы № 9 Барысава Мінскай вобласці Вера Мікалаеўна Ігнаткова, сярэдняй школы № 9 імя Г.М.Халасцякова Баранавіч Брэсцкай вобласці Вольга Васільеўна Капцюх, сярэдняй школы № 1 Лёзна Віцебскай вобласці Таццяна Мікалаеўна Паўлава, сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля Ірына Вітальеўна Рэмізава, Гадылеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Ларыса Міхайлаўна Папкова, сярэдняй школы № 120 Мінска Алена Іванаўна Зубялевіч.
Майстар-класы ад вядучых педагогаў, інтэрактыўныя віктарыны, конкурсна-гульнявыя праграмы, тэматычны паказ фларыстычных работ “Кветкі Перамогі”, вызначэнне лепшай лагічнай каманды краіны на вялізнай шахматнай дошцы, выступленні юных пагранічнікаў, літаратурна-музычныя кампазіцыі, творчыя інтэрактыўныя пляцоўкі (напрыклад, “Салют Перамогі!”) і г.д. — адным словам, на выставе было што паглядзець, як было дзе і сябе паказаць і, дарэчы, амаль не было дзе праштурхнуцца з-за вялікай колькасці наведвальнікаў, асабліва ў першы дзень. Як чакаецца, наступная выстава, 17 па ліку, стане яшчэ больш маштабнай, яшчэ больш урачыстай.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і БелТА.