З верай у талент

Дырэктар Расонскага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціна Анатольеўна Шаблінская ў сістэме адукацыі 40 гадоў, палову з іх яна прысвяціла дадатковай адукацыі. З 2002 года жанчына ўзначальвае калектыў цэнтра. Падмурак яе паспяховай працы і яе натхненне — гэта пастаянны пошук новых ідэй і праектаў, якія дазваляюць развівацца і ісці наперад. Яна той чалавек, які гарманічна спалучае шматгадовы вопыт і жаданне быць на хвалі часу.

Валянціна Анатольеўна з тых кіраўнікоў, якія з’яўляюцца ідэйнымі лідарамі калектыву і пры гэтым умеюць выслухаць прапановы калег і знайсці сродкі для рэалізацыі ідэй. Нездарма яна нарадзілася ў адзін дзень з легендарным сынам беларускага народа — Пятром Міронавічам Машэравым.

Родам В.А.Шаблінская з Магілёўскай вобласці, з некалі вялікай вёскі Беразякі, якая славілася сваёй сярэдняй школай, куды з’язджаліся вучыцца дзеці з трох суседніх раёнаў. Установа была вядома выдатнымі настаўнікамі, добра падрыхтаванымі вучнямі і актыўным пазакласным жыццём.

— Я вырасла ў сям’і з традыцыямі — у плане адукацыі і чалавечых зносін. Абедзве бабулі скончылі царкоўна-прыходскую школу, мама і тата былі бухгалтарамі. Мы з сястрой раслі ў атмасферы любові і высокіх маральных каштоўнасцей. Бабулі і тата перажылі вайну, гэтыя людзі асаблівыя, ад іх мы вучыліся дабрыні, веры ў лепшае. Увогуле, мяне па жыцці вялі вельмі цікавыя і неверагодна захопленыя прафесіяй настаўнікі. Глыбокі след у душы пакінула першая настаўніца — Надзея Істратаўна Кажамякіна. Яна валодала асаблівым талентам: міжволі прывучала нас да працы, любові да роднай зямлі і, галоўнае, сваім прыкладам паказвала, што трэба быць спагадлівымі і адкрытымі да людзей. З яе лёгкай рукі я сёння з задавальненнем займаюся прысядзібным участкам: вырошчваю шмат кветак, сярод іх больш за 60 сартоў лілей, звыш 40 — хрызантэм і — вяргіняў, 20 кустоў руж. Мне здаецца, што гэта вельмі падобныя справы — вырошчваць прыгажосць на ўчастку і выхоў­ваць асобу з самымі лепшымі якасцямі, раскрываючы яе здольнасці і задаткі.

Калі мая родная сястрычка Таццяна з самага маленства гуляла ў магазін, то я марыла толькі пра тое, каб вучыць дзяцей, таму доўга над выбарам прафесіі не разважала. У 1980 годзе скончыла Магілёўскі педагагічны інстытут імя Кірава, — дзеліцца ўспамінамі Валянціна Анатольеўна.

Па размеркаванні малады педагог пачатковых класаў трапіла на Расоншчыну ў Сяляўшчынскую школу. Там адпрацавала два гады, добра сябе зарэкамендавала, не толькі як настаўнік, але і як арганізатар — і ёй прапанавалі работу ў райцэнтры. З 1982 года пачалася яе “дадатковая” кар’ера — Вялянціна Анатольеўна стала працаваць метадыстам у Доме піянераў. Гэтая работа яе захапіла, здавалася больш цікавай: было больш прасторы для рэалізацыі творчых задум.

Ёсць у яе біяграфіі і такі цікавы факт: яна адным махам вырашыла змяніць свай лёс і пераехаць на Поўнач былога СССР. Па натуры Валянціна Шаблінская чалавек справы і дзеянняў, і калі ў асабістым жыцці наспела неабходнасць перамен, яна вырашыла зрабіць іх максімальнымі.  Разам з сынам і дачкой пераехала ў Ніжні Тагіл.

— Там працавала з дзецьмі з затрымкай псіхічнага развіцця. Было складана, але гэта выдатная магчымасць для пашырэння педагагічных гарызонтаў, і, ведаеце, сваіх асаблівых вучняў я таксама па сваёй ініцыятыве вадзіла ў мясцовы Дом піянераў, — расказвае педагог.

Прычым да кожных заняткаў у Доме піянераў яна дасканала рыхтавала сваіх падапечных. Для яе было прынцыпова важна, каб дзеці маглі быць больш адаптаванымі, зацікаўленымі, уключанымі ў жыццё. А гурткі па інтарэсах — гэта выдатны інструмент, каб дзіцячыя вочкі загарэліся і з’явіўся шанс для больш цэласнага развіцця асобы. Галоўнае — расці над сабой, рабіць крокі да развіцця кожны дзень. Для яе як для педагога гэта было неабходна!

Доўга на чужыне сям’я не затрымалася: цяжкі клімат, крызісныя 90-я мінулага стагоддзя з дэфіцытам прадуктаў і прамысловых тавараў, а галоўнае, цяга да роднай зямлі і дарагіх людзей, вярнулі яе на Расоншчыну. Дзякуючы прафесіі, а таксама сваёй няўрымслівасці і жаданню, каб яе ўстанова, педагогі і дзеці былі самымі лепшымі і мелі ўсе магчымасці для ўдасканалення і павышэння ўзроўню сваіх творчых дасягненняў, Валянціна Анатольеўна неаднаразова бывала ў Расіі, а яшчэ ва Украіне, Латвіі, Літве, Эстоніі, Балгарыі, Польшчы, Швецыі, Францыі.

З расійскімі калегамі атрымалася наладзіць цесны кантакт — узорная вакальная студыя “На­дзея” шмат разоў была ­ўдзельніцай і пераможцай вакальных конкурсаў у Беларусі і Расіі. Яшчэ адна гордасць установы — узорны фальклорны калектыў “Нежачкі” — выхаваў у лепшых традыцыях беларускай культуры не адно пакаленне юных расонцаў, пры гэтым заўсёды паказваў вынікі як на рэспубліканскіх, так і міжнародных конкурсах.

Сёння цэнтр — гэта 44 аб’яд­нанні па інтарэсах, якія працу­юць на некалькіх пляцоўках: на базе самой установы адукацыі, школы мастацтваў і ўстаноў адукацыі. Паказальна, што калі Валянціна Анатольеўна пачынала сваю дзейнасць у Доме піянераў, то большая частка педагогаў сумяшчалі вя­дзенне гурткоў і асноўную працу. Сёння ж большая частка педагогаў — 18 з 23 — гэта педагогі, якія працуюць у цэнтры на пастаяннай аснове.

— Гэта вельмі стымулюе: у іх дастаткова часу займацца толькі сваім напрамкам дзейнасці, удасканальваць свае веды, развівацца прафесійна. Сёння цэнтр — гэта адна вялікая сям’я з педагогаў, выхаванцаў і іх бацькоў.

З кожным годам у нас з’яўляюцца ўсё новыя аб’яднанні, штогод мы запускаем і рэалізоўваем новыя праекты, такія як робататэхніка, студыя прычосак, саломапляценне, мастацкі напрамак, “Ганчарная майстэрня” і многія іншыя. 19 выхаванцаў цэнтра занесены ў банк даных адораных дзяцей. Актыўна праводзіцца прафесійнае арыентаванне дзяцей. У выхаваўчы працэс уключаюцца і сельскія школьнікі, якія ў шосты школьны дзень могуць наведаць установу, па­ўдзельнічаць у майстар-класах. Або самі педагогі прыязджаюць да іх і на месцы праводзяць тэматычнае мерапрыемства. Дзеці за­дзейнічаны ў цэнтры і ў канікулярны час — тут ім заўсёды рады.

Сёння цэнтр зусім іншы ў параўнанні з тым, калі я толькі пачынала працаваць. Час патрабуе перамен. У сакавіку ўстанова адзначыць своё 60-годдзе, і прыем­на, што мы не стаім на месцы, стараемся быць карыснымі. Учарашнія нашы выхаванцы прыво­дзяць да нас сваіх дзяцей. Сёння наша дзейнасць прысвечана і прыродзе, і спорту, і пажарнай бяспецы, і здароўю, і патрыятызму. Напрамкаў шмат, але галоўнае для нас — даць дзіцяці адчуць свае здольнасці, паспрабаваць сябе ў розных напрамках дзейнасці, каб стаць у будучыні не толькі прафесіяналам, але і проста добрым і шчаслівым чалавекам, якому камфортна сярод людзей, — падкрэс­лівае Валянціна Анатольеўна.

Таццяна ЛАПАЦІНА.
Фота аўтара.