З вопыту прафарыентацыі

- 16:28Выхаваўчая прастора

Прафесійная арыентацыя вучняў — адна з найважнейшых функцый школы. Стварыць умовы для прафесійнага і жыццёвага самавызначэння выпускнікоў дазваляюць пашырэнне дапрофільнай адукацыі, дыферэнцыяцыя адукацыйнага працэсу, актыўная прафарыентацыя.

У Старадварэцкім яслях-садзе — базавай школе Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці ганарацца тым, што вучні ўстановы знаходзяць сваё прызванне. Шмат маладых спецыялістаў і рабочых аграфірмы “Стары Дворац” — выпускнікі гэтай школы, якія атрымалі сельскагаспадарчую адукацыю і вярнуліся працаваць у сваю вёску. Былыя вучні працуюць у роднай гаспадарцы бухгалтарамі, касірамі, займаюць кіраўніцкія пасады. Яны ахвотна наведваюць родную ўстанову адукацыі, каб дапамагчы сённяшнім школьнікам зрабіць свой прафесійны выбар. Для дасягнення такога выніку педагогі праводзяць вялікую работу. Адзначу найбольш актуальныя і карысныя мерапрыемствы.

  1. Класныя гадзіны па прафесійнай арыентацыі з 1 класа. Настаўнікі расказваюць малодшым школьнікам пра заняткі і спецыяльнасці, а вучняў старшых класаў інфармуюць аб прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, аб навучальных установах вобласці і краіны, даюць ім канкрэтныя рэкамендацыі.
  2. Дыскусіі з татамі і мамамі на бацькоўскіх сходах.
  3. Афармленне тэматычнага кутка, альбомаў “Прафесіі маіх бацькоў”. Альбомы з фотаздымкамі бацькоў на іх працоўных месцах рыхтуюць вучні 1—9 класаў.
  4. Тэматычныя конкурсы. Напрыклад, настаўнікі-мовазнаўцы праводзяць конкурсы сачыненняў на тэмы “Мая будучая прафесія”, “Якой я бачу сваю будучую прафесію?” і інш.
  5. Экскурсіі на вытворчасць, ва ўстановы адукацыі. Так, у мінулым навучальным годзе вучні старшых класаў наведалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, гродзенскую каланчу — помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя, працоўныя аб’екты аграфірмы “Стары Дворац”, каб пазнаёміцца са спецыфікай работы на іх, з асаблівасцямі пэўных прафесій. На 2018/2019 навучальны год для школьнікаў запланаваны экскурсіі ў рэдакцыю “Бераставіцкай газеты”, на Бераставіцкі камбінат бытавога абслугоўвання, раённы вузел электрасувязі, МНС і РАУС.

Дзякуючы гэтай рабоце, выпускнікі Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы і іх бацькі ўсвядомлена падыходзяць да выбару будучай прафесіі, а значыць, школа выхоўвае сапраўднага грамадзяніна, які прыносіць карысць Радзіме, займаючыся любімай справай.

Марына ВЫСОЦКАЯ,
класны кіраўнік і адказная за прафарыентацыйную работу
Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна.