У першы навучальны дзень у першакласнікаў мінскай гімназіі № 11 прайшоў урок па бяспецы дарожнага руху. Паўтарыць і замацаваць веды са школьнікамі прыйшлі намеснік начальніка аддзела тэхнічных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Мінску маёр юстыцыі Вячаслаў Усаў, прадстаўнік аддзела ДАІ Першамайскага раёна г. Мінска маёр міліцыі Аксана Мяхедка і метадыст кампаніі ТАА “Новы паварот”.
— Перш чым рашаць задачы, вучыцца пісаць, чытаць, даведвацца шмат цікавага, кожны школьнік павінен навучыцца клапаціцца пра сваё жыццё і бяспеку, асабліва на шляху ў школу і са школы. Колькасць аўтамабіляў пастаянна расце не толькі на дарогах, але і ў жылых зонах, таму мы пастаянна праводзім гутаркі са школьнікамі па правілах бяспекі дарожнага руху, спрабуючы засцерагчы іх ад няшчасных выпадкаў, — каментуе Вячаслаў Усаў.
Менавіта сёння, у першы школьны дзень, кампанія “Новы паварот” падрыхтавала для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўпершыню ступілі на парог школы, унікальную мультымедыйную прэзентацыю.
Пры праглядзе камп’ютарнай праграмы дзеці адказалі на пытанні спецыялістаў: як бяспечна дайсці да школы і потым вярнуцца дадому? дзе павінен ісці школьнік? у які бок спачатку трэба паглядзець пры пераходзе вуліцы? як выглядае святлафор? як пераходзіць праз дарогу, калі ўсталяваны трохкаляровы сябар? Дзеці праявілі вялікую цікавасць да размовы са спецыялістамі.
Здзіўленне ў маленькіх удзельнікаў дарожнага руху выклікаў той факт, што пешаход павінен перш за ўсё сам пераканацца, што выхад на дарогу бяспечны, нават калі гарыць зялёны сігнал святлафора. Таксама для школьнікаў нечаканай навіной аказалася і тое, што вадзіцель можа таксама дапусціць памылку. Здавалася б, сталы чалавек, а памылкі дапускае! Таму пра сваю бяспеку і жыцця кожны маленькі пешаход павінен паклапаціцца сам, пры гэтым быць вельмі асцярожны. І гэта галоўнае правіла на дарозе!
У завяршэнні мерапрыемства спецыялісты ўпэўніліся, што дзеці гатовы хадзіць у школу! А таксама папярэдзілі, што першакласнікі і далей будуць вывучаць правілы дарожнага руху, і папрасілі кожнага быць вельмі ўважлівым.
Кацярына ЖУРЫМСКАЯ,
афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па г. Мінску.