З вясеннім настроем

На працягу вясенніх канікулаў у Доцішскай сярэдняй школе працаваў прышкольны аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Равеснік”. За гэты час адпачылі і паправілі здароўе 30 навучэнцаў 2—6 класаў, у тым ліку дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў. Для іх аздараўлення было прадугледжана трохразовае харчаванне, аздараўленчыя мерапрыемствы, выхаваўча-развіццёвая праграма і абавязковае выкананне рэжыму дня. У распараджэнні школьнікаў былі прасторная спартыўная зала, мультымедыйныя праектары, камп’ютарны клас, бібліятэка, сталовая.

Кожны дзень лагернай змены пачынаўся і заканчваўся лінейкай, меў пэўную тэматыку і дэвіз і, вядома, быў прысвечаны вясне і напоўнены вясеннім настроем (дні вясенніх першацветаў, вясенняга настрою і адпачынку, дзень казак пра вясну). А дзень беларускіх традыцый быў прысвечаны вясенняму святу Вялікдзень. Школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў выхаваўчых мерапрыемствах і творчай майстэрні.

Штодзённымі мерапрыемствамі былі “Хвілінка здароўя”, “Урокі бяспекі ад Цётачкі Савы”, флэшмоб “Чытаць — гэта модна!”.

Падчас адпачынку ў лагеры была арганізавана экскурсія на памежны пункт спрошчанага пропуску “Доцішкі”. Тут дзеці пазнаёміліся са спецыфікай памежнай службы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю апрабавалі спецсродкі, з якімі працуюць пагранічнікі.

Школьнікі з радасцю і карысцю правялі час у лагеры ў перыяд вясенніх канікулаў. Не за гарамі і лета. А гэта значыць, што лагер зноў адчыніць свае дзверы для адпачынку школьнікаў.

Алена РУСЯЛЕВІЧ,
дырэктар прышкольнага аздараўленчага лагера “Равеснік”
Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.