З “Вясёлкай” весела

Займальныя гульні, пазнавальныя мерапрыемствы і жывыя зносіны — у сярэдняй школе № 21 Магілёва імя П.А Лярскага дакладна ведаюць, як правесці зімовыя канікулы весела і з карысцю. На базе ўстановы адукацыі чарговы раз прымаў сваіх маленькіх наведвальнікаў аздараўленчы лагер “Вясёлка” з дзённым знаходжаннем дзяцей.

— Наш зімовы лагер сабраў 65 чалавек у складзе трох атрадаў, адзін з якіх — атрад сярэдняй школы № 1, — расказаў педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 21 Юрый Ваціслававіч Смалякоў. — Дзеці з нецярпеннем чакалі гэтай сустрэчы, бо школьны аздараўленчы лагер — гэта мноства цікавых спартыўных, творчых і інтэлектуальных мерапрыемстваў, розныя гульні і забавы, а таксама выдатная магчымасць зняць напружанне і аднавіць сілы пасля вучэбных заняткаў.

Нягледзячы на тое, што змена нядоўгая, у навучальнай установе прытрымліваліся ўсіх лагерных правіл і звычаяў. Так, дзеці і выхавальнікі прыдумалі назвы і дэвізы для сваіх атрадаў, аформілі тэматычныя куткі з насценнымі газетамі. Акрамя таго, кожны дзень, праведзены ў школьным лагеры, быў падпарадкаваны свайму распарадку ў адпаведнасці з планам работы.

— Асаблівая ўвага ў працы лагера была ўдзелена патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення, папулярызацыі беларускай культуры і здаровага ладу жыцця, вывучэнню правіл дарожнага руху і пажарнай бяспекі, — удакладніў суразмоўнік.

Скончылася змена вялікім развітальным канцэртам, які быў па-сапраўднаму цёплым і святочным. Сіламі дзяцей падрыхтаваны 21 творчы нумар, які з задавальненнем паглядзелі як іх аднагодкі, так і педагогі. Дзецям было чым здзівіць: напрыклад, неверагодных апладысментаў быў удастоены арабскі танец вучаніцы 4 “Г” класа Паліны Акінчыц. Дзяўчына прымеркавала выступленне да зімовых свят і выбрала для сваёй харэаграфіі знакамітую калядную песню Jingle Bell Rock амерыканскага кантры-спевака Бобі Хелмса ў незвычайнай усходняй аранжыроўцы. Дарэчы, многія нумары былі выкананы на беларускай мове, што стала прыемным сюрпрызам для гледачоў.

— Мы вельмі спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў аздараўленчым лагеры “Вясёлка” і напоўненыя незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі і прыемнымі знаёмствамі, запомняцца нашым дзецям надоўга, — сказаў на заканчэнне Юрый Ваціслававіч.

Усяго ў Магілёўскай вобласці ў перыяд зімовых канікул з 26 снежня 2018 года да 7 студзеня 2019 года была арганізавана работа 245 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, у якіх пабывалі 8 тысяч школьнікаў. На гэтыя мэты з дзяржаўнага бюджэту выдзелена 230 тысяч рублёў, расказалі ў абласным упраўленні Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

У сярэднім поўны кошт пуцёўкі ў лагеры з 6-дзённым тэрмінам знаходжання склаў ад 33,14 рубля для дзяцей 6—10 гадоў да 39,9 рубля для падлеткаў 14—17 гадоў. У 7-дзённым лагеры — ад 38,4 рубля для дзяцей малодшага школьнага ўзросту і да 44,15 рубля для старшакласнікаў. На зніжэнне кошту пуцёвак дзяржаўная дапамога склала 25,2 рубля за 6 дзён знаходжання ў лагеры і 29,4 рубля — за 7 дзён.

У перыяд работы лагераў дзеці былі заняты рознымі конкурсна-гульнявымі і інтэлектуальнымі праграмамі, для іх праводзіліся ранішнікі, прагулкі, экскурсіі, прафілактычныя і тэматычныя гутаркі, фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, арганізаваны наведванні кінатэатраў, музеяў і бібліятэк.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.