З выхаванцамі — на пазітыве

- 10:26Першае працоўнае месца, Суразмоўца

Настаўнік-дэфектолаг Вераніка Трушкова пасля адпрацоўкі па размеркаванні плануе застацца ў дзіцячым-садзе — сярэдняй школе у аграгарадку Жодзішкі Смаргонскага раёна. Малады педагог душой прыкіпела да сваіх выхаванцаў.

Сёння Вераніка Станіславаўна нават не бачыць сябе ў іншым асяроддзі, вельмі любіць сваю справу, радуецца, калі яе намаганні прыносяць карысць і дзеці пачынаюць правільна і выразна гаварыць. Відаць, педагагічная жылка была закладзена ў яе характары, хаця ў школьныя гады марыла звязаць жыццё са спортам. Аднак прыслухалася да парад мамы, за што ёй сёння вельмі ўдзячна. Паступіла на спецыяльнасць “Лагапедыя” на педагагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, які скончыла з чырвоным дыпломам.

— Чатыры гады студэнцтва сталі самымі яркімі ў маім жыцці, бо былі напоўнены не толькі вучобай, але і цікавымі грамадскімі мерапрыемствамі, конкурсамі, акцыямі, выступленнямі, паездкамі, я была і валанцёрам, і актывістам, — прызналася Вераніка Трушкова. — Давялося пабываць на балі ў Палацы Незалежнасці і на рэктарскім балі, прыняць удзел у сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы. 

Размеркаванне выпускніца атрымала ў Смаргонскі раён, дзе працаваў яе муж. Вераніка з цеплынёй успамінае вучобу ў маленькай сельскай школе Гродзенскага раёна, таму з ахвотай прыняла прапанову на работу менавіта ў сельскую школу. Быў толькі страх, як прымуць калегі і дзеці. Але страхі дзяўчыны былі дарэмнымі.

— З першага дня мяне адразу падтрымаў калектыў, дырэктар школы Данута Феліксаўна Балыш. Кіраўніцтва нада мной як маладым спецыялістам узяла завуч. Раённая арганізацыя БРСМ стала запрашаць да ўдзелу ў конкурсах, акцыях.

— З першага дня мяне адразу падтрымаў калектыў, дырэктар школы Данута Феліксаўна Балыш. Кіраўніцтва нада мной як маладым спецыялістам узяла завуч. Раённая арганізацыя БРСМ стала запрашаць да ўдзелу ў конкурсах, акцыях. У першы год работы я ўжо ўдзельнічала ў раённым конкурсе “Малады спецыяліст XXI стагоддзя”, а затым у абласным, дзе заняла 1-е месца. Такім чынам маё актыўнае ўніверсітэцкае жыццё прадоўжылася ў школе. Я сябе не страціла, хоць і працую ў аграгарадку, маю магчы­масць цікава і з карысцю праводзіць час. Калі ты зацікаўлены ў нечым, то абавязкова знойдзеш сябе ў гэтай справе. А тут яшчэ кіраўніцтва ўстановы адукацыі заўсёды дапамагае, накіроўвае, прапаноўвае ­ўдзел у розных мерапрыемствах, — падкрэслівае Вераніка Трушкова.

Працаваць з дзецьмі, лічыць малады спецыяліст, і цікава, і няпроста. Кожнае дзіця са сваім характарам, тэмпераментам, звычкамі, да кожнага патрэбен індывідуальны падыход. Вельмі абрадаваў асобны кабінет, які педагог аформіла на свой густ, дапамагалі кіраўніцтва і нават родныя. 

Настаўнік-дэфектолаг працуе з дашкольнікамі і вучнямі малодшых класаў. Займаецца пастаноўкай гукаў, развіццём звязнага маўлення, выконвае з дзецьмі артыкуляцыйную гімнастыку, удасканальвае з імі лексіку, граматыку. Адным словам, зай­маецца ўсім, з чым у дзетак праблемы і што можна падкарэкціраваць. Педагог працуе індывідуальна з кожным дзіцем. Разам з выхавальнікамі тлумачыць дзецям розныя лексічныя тэмы. Работа разнапланавая, бо трэба не толькі паставіць гукі, каб дзіця правільна гаварыла, але і каб яго маўленне было звязным, без граматычных памылак. 

— Спачатку было цяжка, не магла прывыкнуць да дзяцей, не ўсё разумела ў вя­дзенні дакументацыі. Дапамогу атрымала ад Смаргонскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, пастаянна звярталася да іх. А ўжо калі пайшлі першыя станоўчыя вынікі дзетак, калі яны сталі “рычаць-шыпець”, то ў мяне проста захапленне, эйфарыя, я акрыленая, што ўсё атрымліваецца. І ў дзяцей усмешкі на тварах. Задаволены бацькі. Гэта вельмі дапамагае, дае стымул рухацца наперад. У нейкі момант нават сама стала распрацоўваць гульні для дзяцей. Клеіла, выразала, ламініравала. Мяне ахапіла такое вялікае жаданне даць дзецям нешта новае. Потым стала купляць дапаможнікі, хацелася зацікавіць выхаванцаў. Яны такія шчаслівыя, нават калі атрымліваюць каляровыя наклейкі за поспехі, — расказвае Вераніка Трушкова.

Малады педагог цікавіцца рознымі методыкамі, распрацаванымі ў краіне і за яе межамі, прапанаванымі калегамі на метадычных аб’яднаннях. Як сцвярждае Вераніка Станіславаўна, было б жаданне вучыцца, а магчымасці знойдуцца. Кіраўніц­тва школы дапамагло наладзіць кантакт з бацькамі выхаванцаў.

Вераніка Трушкова працуе ў школе чацвёрты год, яшчэ адзін — і скончыцца яе пяцігадовая адпрацоўка па размеркаванні. Але яна не плануе шукаць работу ў іншай установе адукацыі. Упэўнена, што застанецца, бо ёй вельмі падабаецца школа.  

— Тут утульна, спакойна, па-вясковаму, гэта мне блізка. Я не ўяўляю сябе ў вялікай гарадской школе, я люблю сваю работу, — расказала Вераніка Станіславаўна. — З дзецьмі працаваць вельмі цікава, не толькі я даю ім веды, кожны з іх прыўносіць нешта сваё. Я з імі заўсёды на пазітыве, хоць яшчэ і маладая, але адчуваю, што побач з імі не старэю. Ведаю іх сучасныя фішкі, а калі прыносіш ім заданні з іх любімымі персанажамі, то бачыш шчаслівыя вочы. Цесны кантакт нала­джаны з бацькамі, адпраўляю ім заданні ў Viber, запісваю ў асабістыя сшыткі. З кожным з бацькоў размаўляю. Бываюць дні з дрэнным надвор’ем (усміхаецца), але звычайна ўсё пазітыўна, таму што дзеці настолькі шчырыя, добрыя, душэўныя, адкрытыя, кожны са сваім меркаваннем, характарам. Іх шчырасць падкупляе. Мне вельмі цікава, што работа разнастайная, не трэба сядзець увесь дзень за камп’ютарам, а ёсць магчымасць знайсці падыход да кожнага дзіцяці. З адным можна пажартаваць, з другім быць строгай. 

Вераніка Станіславаўна не пашкадавала, што ў свой час не пайшла ў спорт. Лі­чыць, што са спортам можна сябраваць. 

— У плане рэалізаваць сябе, лагапедыя, педагогіка — гэта маё. Часта званю маме і дзякую за тое, што яна накіравала мяне на гэты шлях. Я вельмі ўдзячна ёй, што працую педагогам, — расказала Вераніка Трушкова.

На рахунку маладога педагога ўжо нямала ўзнагарод, сярод якіх Падзячны ліст міністра адукацыі, Ганаровая грамата ўпраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама, райкама БРСМ, дыплом лаўрэата сярод маладых педагогаў Гродзенскай вобласці “Паспяховы старт” і інш. Яна была запрошана на прыём старшыні Гродзенскага аблвыканкама, прымеркаваны да Дня моладзі, а на рэспубліканскім спартыўна-адукацыйным форуме “Алімпія” разам з галоўным суддзёй спаборніцтваў была ўдастоена гонару падымаць сцяг “Алімпіі”. В.С.Трушкова занесена ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. А наперадзе ў маладога педагога яшчэ шмат дасягненняў і цікавых спраў.

Ірыны АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.