З высокім рэйтынгам

- 16:22Адукацыйная прастора, Рознае

У нашай гімназіі ўсе педагогі зацікаўлены ў вызначэнні і развіцці патэнцыялу, закладзенага ў кожным вучні. Аднак, валодаючы цэннымі кадравымі, матэрыяльнымі і вучнёўскімі рэсурсамі, мы маем магчымасць арганізаваць работу з адоранымі навучэнцамі ў асаблівым рэжыме. Прадукцыйнымі з’яўляюцца заняткі міжшкольных факультатываў, якія праводзяцца вядучымі настаўнікамі-прадметнікамі рэгіёна, выязныя заняткі са спецыялістамі ВНУ, удзел у дыстанцыйных вучэбных праграмах.

Дыяпазон алімпіядных прадметаў у гімназіі ўключае 10 вучэбных дысцыплін. Нядаўна завяршылася рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах. З дзесяці дыпломаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, заваяваных школьнікамі Барысаўскага раёна, шэсць належаць прадстаўнікам гімназіі № 1 Барысава. Прычым на алімпіяду мы адпраўлялі толькі шасцярых гімназістаў.
На алімпіядзе па фізіцы дыпломы атрымалі Віталь Няхай, навучэнец 9 “А” класа, Уладзіслаў Клімашонак, навучэнец 10 “А” класа (дыпломы ІІ ступені), Настасся Горына, навучэнка 10 “А” класа, заваявала дыплом ІІІ ступені. Усе пераможцы з’яўляюцца вучнямі Яўгена Яўгенавіча Валынца. Аляксандр Скамарошчанка, навучэнец 10 “А” класа, быў удастоены дыплома ІІІ ступені па вучэбным прадмеце “Інфарматыка” (настаўніца Іна Васільеўна Іванова); Андрэй Сташкевіч, навучэнец 8 “А” класа, — дыплома ІІІ ступені па вучэбным прадмеце “Матэматыка” (настаўніца Ніна Васільеўна Глушакова). А Ганна Кадзер, навучэнка 9 “Г” класа, заваявала дыплом ІІІ ступені на алімпіядзе па рускай мове і літаратуры (настаўніца Вольга Пятроўна Шастак).

Безумоўна, за поспехам дзяцей стаіць карпатлівая праца настаўнікаў. Іна Васільеўна Іванова на ўроках інфарматыкі выкарыстоўвае тэхналогію дыферэнцыраванага навучання. Паводле меркавання педагога, менавіта яна дазволіла вызначыць здольных у прадметным плане навучэнцаў, а потым арганізаваць эфектыўную работу з імі на ўроках.
“Падрыхтоўку да алімпіяды ажыццяўляем разам з навучэнцамі падчас пазаўрочнай дзейнасці. Менавіта сур’ёзная бесперапынная трэніровачная і развіццёвая работа, на мой погляд, дазваляе дасягнуць высокіх вынікаў. У прыватнасці, з Аляксандрам сістэматычна займаемся з 6 класа. У асноўным гэта індывідуальныя заняткі, кансультацыі, самастойная работа. Шмат карысці прыносяць заняткі факультатыву і міжшкольнага факультатыву па інфарматыцы, вучань дыстанцыйна займаецца ў Школе юнага праграміста, самастойна і разам са мной разбірае задачы мінулых гадоў, аналізуе гатовыя рашэнні, шукае альтэрнатыўныя. Цікавай і прадукцыйнай работай з адоранымі вучнямі лічу ўдзел у турнірах з тэсціруючай сістэмай, сеткавыя конкурсы (4 гады Аляксандр удзельнічае ў АСКІТ горада Мыцішчы, у 2014 годзе ўзяў дыплом І ступені ў складзе каманды вучняў гімназіі). Прыродная адоранасць, аналітычны розум, мэтанакіраванасць, настойлівасць, працаздольнасць, самастойнасць і, канечне, высокая матывацыя, цікавасць да прадмета — вось тыя складнікі, якія прывялі майго вучня да заслужанага дыплома рэспубліканскай алімпіяды”, — адзначыла Іна Васільеўна.

Вользе Пятроўне Шастак працаваць з адоранымі дзецьмі цікава, адказна, лёгка і складана адначасова. “Асаблівасцю падрыхтоўкі да алімпіяды па рускай мове і літаратуры з’яўляецца шматаспектнасць: алімпіяда ўключае тры туры, кожны з якіх патрабуе ад удзельнікаў спецыфічных ведаў і ўменняў, спецыяльных кампетэнцый. У якасці традыцыйных трэніровачных практыкаванняў разбіраем шматлікія алімпіядныя заданні мінулых гадоў, з дапамогай тэстаў адпрацоўваем валоданне лінгвістычнымі нормамі, паглыбляем веды па тэорыі літаратуры. Рыхтуючыся да вуснага выступлення, вучымся аратарскім прыёмам, уменню валодаць аўдыторыяй.
З Ганнай мы працуем з 6 класа. Цяперашняму поспеху на алімпіядзе папярэднічалі штогадовыя перамогі ў другім (раённым) этапе алімпіяды, паспяховы вопыт даследчай работы па літаратуры (2 месца на абласной НПК). Наогул варта адзначыць рознабаковую адоранасць маёй вучаніцы: яна паспяхова скончыла мастацкую школу, заняла 2 месца ў раённым этапе алімпіяды па фізіцы, выдатна паспявае па ўсіх вучэбных прадметах. Аня творча і адказна падыходзіць да ўсіх вучэбных заняткаў. Трэба дзякаваць і яе бацькам, якія ствараюць спрыяльныя ўмовы для рознабаковага развіцця дачкі. Гэта, канечне, дапамагло яе годнаму выступленню на алімпіядзе, якая, па прызнанні спецыялістаў, адрознівалася напружанай барацьбой (ад дыплома ІІ ступені Ганну аддзялялі дзясятыя бала)”, — расказала Вольга Пятроўна.
Сваім рэцэптам падзялілася і Ніна Васільеўна Глушакова: “Андрэй удзельнічае ў алімпіядным руху з 4 класа, я працую з ім з 6-га. Адразу звярнула ўвагу на выдатныя здольнасці вучня і прапанавала працаваць па індывідуальным плане. Вялікай дапамогай у рабоце сталі факультатыўныя заняткі, работа з дадатковай літаратурай. Большую частку падрыхтоўкі займаліся аналізам алімпіядных заданняў, рашэннем і разборам гатовых рашэнняў. Па словах Андрэя, неацэнную падтрымку заўсёды аказваюць бацькі (дарэчы, бацька і маці вучня — педагогі). Запомніліся цікавымі сустрэчамі з таленавітымі педагогамі і аднагодкамі, а таксама эфектыўнымі заняткамі зборы пасля абласнога тура алімпіяды на базе МАІРА. Васьмікласнік прызнаўся, што яму яшчэ трэба вучыцца кіраваць сваім эмацыянальным станам: моцнае хваляванне — дрэнны спадарожнік на алімпіядзе, а вось уседлівасць, любоў да матэматыкі і працаздольнасць назваў сваімі саюзнікамі”.

Шмат гадоў працуе ў гімназіі з адоранымі навучэнцамі Яўген Яўгенавіч Валынец: “Алімпіяднікі — гэта вучні асаблівага гатунку. Яны першапачаткова мэтанакіраваныя людзі, якія ведаюць, што ім трэба і як яны гэта могуць атрымаць. Безумоўна, у іх павінны прысутнічаць талент, хватка і імкненне быць першым. Школьнай праграмы для ўдзелу ў міжнародных, рэспубліканскіх алімпіядах недастаткова, трэба многа працаваць дадаткова, таму важнай умовай добрага выніку застаецца працавітасць. Упэўнены, што поспех магчымы там, дзе і з боку настаўніка, і з боку вучня існуе цікавасць да прадмета, высокая пазнавальная матывацыя, гатоўнасць працаваць і ўсямерная падтрымка (вучням неабходна падтрымка бацькоў і настаўнікаў, а настаўніку — калег і адміністрацыі). Настаўнік, якому пашчасціла працаваць з адоранымі вучнямі, абавязаны быць тонкім псіхолагам. Як правіла, таленавітыя дзеці — гэта ранімыя, амбіцыйныя (у добрым сэнсе) асобы. Поспех іх акрыляе, а няўдача можа зламаць. Каб гэтага не адбылося, важна правільна настройваць вучня на ўдзел у алімпіядзе: гэта і цікавае мерапрыемства, і магчымасць праверыць сябе, набыць каштоўны вопыт. Ні ў якім разе нельга дакараць у выпадку няўдачы, абавязкова падтрымліваць веру ва ўласныя сілы”.
Яўген Яўгенавіч — настаўнік з высокім рэйтынгам у рэспубліцы, заслугі якога адзначаны ганаровымі званнямі “Выдатнік адукацыі” і “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”, штогод рыхтуе прызёраў рэспубліканскіх алімпіяд (на яго рахунку іх ужо 40). Акрамя таго, сярод яго вучняў — удзельнікі і прызёры Міжнароднай алімпіяды па фізіцы.

 

Людміла БАЧЫЛА,
дырэктар гімназіі № 1 Барысава.