З якімі запытамі працуюць псіхолагі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі?

- 14:09Новости, Психолог в школе

Адваротная вокладка школьнага дзённіка ўжо некалькі гадоў запар нагадвае: калі вучням патрэбна падтрымка псіхолага, яны могуць звярнуцца па яе, набраўшы нумар тэлефона Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі. Пра тое, з якімі запытамі часцей за ўсё звяртаюцца навучэнцы і якіх кампетэнцый для дасведчанай работы з дзецьмі не хапае школьным псіхолагам, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела псіхалагічнай дапамогі ў крызісных станах Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ Аляксандр Пархомчык.

— Аляксандр Аляксанд­равіч, з якімі запытамі працуюць псіхолагі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі?

Мы працуем са шматлікімі запытамі, якія паступаюць ад усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Калі закранаць найбольш частыя прычыны звароту школьнікаў, то сярод іх вострыя крызісныя перажыванні, якія звязаны са стратай, гараваннем, ­суіцыдальнымі думкамі, булінгам, гвалтам, у тым ліку сексуальным.

Спецыялісты нашага цэнтра, калі ёсць патрэба, выязджа­юць ва ўстановы адукацыі для арганізацыі і аказання псіхалагічнай дапамогі ў посткрызісных сітуацыях, для правядзення псіхалагічных кансультацый удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Да таго ж псіхолагі цэнтра арганізу­юць супервізіі для настаўнікаў, педагогаў-псіхолагаў, адміністрацыі ўстаноў адукацыі.

Яшчэ адна форма работы цэнтра — інфармацыйна-метадычная і вучэбная дзейнасць па пытаннях псіхалагічнай дапамогі. Распрацоўка метадычных дапаможнікаў, буклетаў, практыкумаў для псіхолагаў устаноў адукацыі, для дзяцей, бацькоў і настаўнікаў у інтарэсах стварэння і падтрымання бяспечнага адукацыйнага асяроддзя — гэтым усім займаюцца псіхолагі.

— Вы аказваеце падтрымку ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Калі больш дэталёва, то з чым звяртаюцца педагогі, бацькі і дзеці? Якія пытанні часцей за ўсё іх хвалююць?

Калі разглядаць звароты па катэгорыях, то бацькі звяртаюцца з актуальнымі запытамі. У першую чаргу іх цікавіць тое, як пабудаваць канструктыўны дыялог са сваімі дзецьмі, як падтрымліваць зносіны без канфліктаў і спрэчак. Гэтае пытанне застаецца важным на працягу многіх гадоў нашай работы. Што тычыцца педагогаў, то яны часта звяртаюцца па супервізію адносна канкрэтных сітуацый па суправаджэнні таго ці іншага выпадку. У большасці сваёй гэта суправаджэнне дзяцей з суіцыдальнымі думкамі і намерамі або суправаджэнне непаўналетніх пасля сітуацый булінгу і вострых эмацыянальных перажыванняў.

Што тычыцца нашых самых важных удзельнікаў — школьнікаў, то яны сутыкаюцца з мноствам праблем. Самыя частыя — цяжкасці ў камунікацыі з аднагодкамі і дарослымі. Таму заканамерна, што навучэнцы цікавяцца наконт таго, як дасведчана пабудаваць адносіны з аднакласнікамі або настаўнікамі, як пасябраваць з іншымі дзецьмі ці як выправіць дрэнную адзнаку. Таксама звароты дзяцей звязаны з тым, як сказаць бацькам пра тое, што ў дзённіку стаіць нізкая адзнака па прадмеце, каб мама не сварылася.

У падлеткаў ужо свая гісторыя. Іх хвалюе тое, як выбудоўваць адносіны з процілеглым полам, як правільна аказваць знакі ўвагі ці як перажыць расставанне.

— Нумар тэлефона цэнтра ўжо некалькі гадоў запар размешчаны на дзённіках навучэнцаў. Ці паўплывала гэта на рост колькасці зваротаў да псіхолагаў?

— Так, кожны год коль­касць зваротаў непаўналетніх расце. Гэта звязана яшчэ і з тым, што нашы спецыялісты па запыце наведваюць установы адукацыі па пытаннях прафілактыкі булінгу, суіцыдаў і гвалту сярод непаўналетніх. Што тычыцца нумара тэлефона, які размешчаны на дзённіку, то гэта абсалютна правільны крок. Часта дзеці, калі з імі здараецца траўміруючая сітуацыя, баяцца пайсці да школьнага псіхолага, у іх няма дарослага, якому можна давяраць. А нумар тэлефона цэнтра — гэта магчымасць быць пачутым. Бачачы яго, дзеці могуць пазваніць і расказаць, што з імі адбываецца і ў чым ім патрэбна дапамога.

— Калі разумееце, што праб­лему па тэлефоне не вырашыць, што рэкамендуеце дзіцяці?

— Пачну з таго, што наш тэлефон працуе ў гадзіны работы цэнтра, а псіхолагі РЦПД аказ­ваюць псіхалагічную дапамогу і падтрымку ананімна. Гэта зна­чыць, што можна не баяцца па­тэлефанаваць і даверыцца незнаёмаму псіхолагу. Так, дзеці могуць звярнуцца па тэлефоне з любым хвалюючым іх пытаннем, але бываюць выпадкі, калі праблему па тэлефоне не выра­шыць. У такіх выпадках мы збіраем больш інфармацыі ад дзіцяці. Гэта неабходна для таго, каб запрасіць яго на вочную кансультацыю да псіхолага цэнтра або перанакіраваць у іншыя ўстановы, якія аказваюць дапамогу па заяўленай праблеме. Акрамя гэтага, па тэлефоне да нас часта звяртаюцца і з рэгіёнаў. У такіх сітуацыях мы таксама стараемся падказаць найбліжэйшыя арганізацыі, дзе можна атрымаць псіхалагічную дапамогу ў тым ці іншым рэгіёне.

Па даручэнні Міністэрства адукацыі створана Рэспубліканская сетка крызісных псіхолагаў, закліканых своечасова і прафесійна рэагаваць на крызісныя падзеі на месцах. У яе ўвайшлі педагогі-псіхолагі з усіх абласцей краіны. Каардынацыя, падтрымка і развіццё гэтай сеткі з’яўляюцца прыярытэтнымі задачамі дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі.

— Вы арганізуеце шэраг вучэбных праграм для педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі. На што накіравана вучэбная дзейнасць для спецыялістаў?

— Вучэбная дзейнасць нашай установы накіравана на павышэнне кампетэнтнасці педагагічных работнікаў у пытаннях прафілактыкі гвалту і суіцыдальных паводзін непаўналетніх, на папярэджанне сітуацый булінгу ў адукацыйным асяроддзі. Так, спецыялістамі цэнтра сумесна з выкладчыкамі Інстытута псіхалогіі БДПУ распрацавана праграма “Работа педагога ўстановы адукацыі па прафілактыцы і вырашэнні складаных педагагічных і крызісных сітуацый”. Яна накіравана на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці школьных псіхолагаў па пытаннях рэагавання і выбудоўвання стратэгій паводзін у складаных педагагічных сітуацыях, якія здараюцца ў адукацыйным працэсе. Акрамя гэтай праграмы, ёсць і іншыя. У межах павышэння кваліфікацыі яны дапамага­юць павысіць узровень ведаў па шматлікіх пытаннях, у першую чаргу тых, што тычацца аказання псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім з высокай суіцыдальнай рызыкай і тым дзецям, якія знаходзяцца з імі ў адным асяроддзі.

— З вашых назіранняў, у рабоце з якімі праблемамі школьным псіхолагам не хапае навыкаў і кампетэн-
цый?

Цяжкасці ў рабоце педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі выклікаюць такія тэмы, як узаемадзеянне з непаўналетнімі, якія маюць суіцыдальную рызыку, з дзецьмі, якія пацярпелі ад сексуаль­нага гвалту, і з тымі вучнямі, у якіх назіраюцца самапа­шкоджвальныя паводзіны. Не толькі гэтаму, але і многаму іншаму вучым сваіх калег.

Працуючы з навучэнцамі, пра якіх узгадалі, трэба наладзіць даверныя адносіны і стварыць бяспечную прастору для выяўлення імі сваіх пачуццяў — гэта самыя простыя і важныя правілы. Гэтага можна дасягнуць у тым выпадку, калі іх выслухаць і не папракаць. Трэба помніць, што кожнае дзіця і яго вопыт індывідуальныя, а значыць, патрабуюць асаблівага падыходу.

Кожны выпадак трэба разглядаць са спачуваннем, ра­зуменнем і цярпеннем, каб дзіця адчувала падтрымку і бяспеку ў самавыяўленні без страху асуджэння, крытыкі. Вельмі важна, каб падлеткі, якія сутыкнуліся з узгаданымі праблемамі або маюць адпаведныя думкі, маглі атрымаць кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу. Таму, якой яна павінна быць і як яе аказ­ваць, мы і вучым школьных псіхолагаў.

— Раскажыце, калі ласка, аб суправаджэнні крызіснай сеткі псіхолагаў у краіне. Як адбываецца такое ўзаема­дзеянне?

— Суправаджэнне крызіснай сеткі псіхолагаў ажыццяўляецца з дапамогай арганізацыі тэматычных вэбінараў, семінараў-практыкумаў і супервізій. Псіхолагі крызіснай сеткі ўключаны ў групу, якая створана ў Тelegram. Гэта зроблена для таго, каб у іх была магчымасць рассылаць анонсы мерапрыемстваў, для вывучэння тэматыкі супервізійнай падтрымкі, для арганізацыі вочных мерапрыемстваў, а таксама для хуткай камунікацыі і вырашэння крызісных сітуацый. Трэба адзначыць, што колькасць крызісных псіхолагаў у нашай краіне пашыраецца дзякуючы навучанню рэгіянальных спецыялістаў у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перапад­рыхтоўкі БДПУ.

— Аляксандр Аляксанд­равіч, у якіх выпадках псіхолагі цэнтра выязджаюць на дапамогу сваім калегам у
рэгіёны?

— Спецыялісты цэнтра выязджаюць на аказанне першай псіхалагічнай дапамогі ва ўстановы адукацыі па запыце. Запыт можа паступаць з Міністэрства адукацыі ці з самой установы адукацыі, дзе адбыўся крызісны выпадак, дзе рэсурсаў самой школы не дастаткова для вырашэння пэўнай сітуацыі. Калі псіхолагі ўжо аказваюцца на месцы, то аказ­ваюць экстранную псіхалагічную дапамогу педагогам, бацькам, якія перажываюць вострыя эмацыянальныя перажыванні, і непасрэдна самім дзецям. Гэта робіцца для таго, каб знізіць эмацыянальнае напружанне і мінімізаваць наступствы пасля крызіснай сітуацыі. Тое, якімі метадамі працу­юць нашы спецыялісты, залежыць ад сітуацыі і праблемы, з якой сутыкнуліся школьнікі і настаўнікі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА