З Японіі — з трыумфам

- 10:03Актуально, Апошнія запісы

Днямі з Цукубы (Японія) вярнулася беларуская каманда юных знаўцаў алгарытмікі і праграмавання, на рахунку якой два залатыя і два сярэбраныя медалі ХХХ Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы (International Olympiad in Informatics — IOI), якая прайшла з 2 па 8 верасня.

Алімпіяда сабрала 335 удзельнікаў з 87 краін свету. Беларусь на ІОІ-2018 прадстаўлялі чатыры пераможцы сёлетняга заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Гэтыя міжнародныя спаборніцтвы аказаліся для нашай краіны самымі ўдалымі — беларуская каманда паказала найлепшы вынік: залатыя медалі заваявалі выпускнік гімназіі № 2 Магілёва Аляксандр Кернажыцкі (настаўніца Алена Іванаўна Качанава) і выпускнік сярэдняй школы № 2 Лунінца Андрэй Некрашэвіч (настаўнік Іван Альфрэдавіч Трэгубаў), сярэбраных медалёў удастоены выпускнік гімназіі № 1 Віцебска Марк Карнейчык (настаўніца Вераніка Паўлаўна Лакціна) і выпускнік гімназіі № 51 Гомеля Станіслаў Ціцянок (настаўнік Міхаіл Сямёнавіч Далінскі). Дарэчы, двое навучэнцаў — Аляксандр Кернажыцкі і Станіслаў Ціцянок — зараз з’яўляюцца студэнтамі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Кіраўнікамі каманды выступілі старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі БДУ Аляксандр Андрэевіч Буслаўскі і старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі БДУ Аляксей Аляксандравіч Толсцікаў. У агульным медальным заліку каманда Беларусі заняла 4—5-е месца, падзяліўшы яго з Расіяй.

Карпатлівая праца, засяроджанасць і крыху вязення дазволілі заваяваць залаты медаль Аляксандру Кернажыцкаму. “У гэтым годзе на міжнародных спаборніцтвах мне было значна прасцей, чым летась, бо ўжо набраўся пэўнага вопыту, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Аляксандр. — На зборах па падрыхтоўцы да міжнароднай алімпіяды мы прарэшвалі вялікую колькасць задач. Адна з іх на эфектыўныя структуры даных для апрацоўкі масавых запытаў, якую мы разглядалі, мне вельмі дапамагла на самой алімпіядзе.

Увогуле, мне падабаецца тое, што я раблю, падабаецца рашаць алгарытмічныя задачы. Зразумела, кожны дзень падрыхтоўкі праходзіў па-рознаму: у адзін дзень займаўся 5 гадзін, іншы раз больш. Да ўзроўню рэспублікі цябе даводзіць педагог, а далей пастаянныя самастойныя трэніроўкі, зборы, удзел ва ўсемагчымых міжнародных конкурсах, алімпіядах прыводзяць да поспеху”.

Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы лічыцца адным з найбольш прэстыжных інтэлектуальных спаборніцтваў па праграмаванні. ІОІ ўпершыню была праведзена ў 1989 годзе (г.Правец, Балгарыя), Беларусь удзельнічае з 1990 года. Па правілах правядзення алімпіяды навучэнцы спаборнічаюць індывідуальна. Ад кожнай краіны можа быць прадстаўлена не больш за 4 удзельнікі. Алімпіяда праходзіць у два туры, у кожным з якіх навучэнцы рашаюць па тры задачы. На выкананне заданняў кожнага тура адводзіцца пяць гадзін. Задача ўдзельнікаў — напісаць праграму, якая адпавядае выстаўленым арганізатарамі ўмовам. Пасля здачы алгарытму яго правярае аўтаматычная сістэма. Гэта ўсё дастаткова складана і патрабуе ад удзельнікаў добрай падрыхтоўкі, канцэнтрацыі і засяроджанасці.

— Усе перажыванні і думкі былі сканцэнтраваны вакол пяцігадзінных прамежкаў двух дзён, да іх і нават пасля, асабліва калі ўсё атрымалася,— расказвае кіраўнік каманды старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі БДУ Аляксей Аляксандравіч Толсцікаў. — Я не ведаю, як гэта адбываецца ў спартсменаў, але маё ўнутранае адчуванне як былога ўдзельніка алімпіяды і як трэнера — гэта проста спорт, дзе цябе ахопліваюць толькі думкі аб выніку. У адрозненне ад спорту высокіх дасягненняў, дзе натрэніраванасць важная, у нашым інтэлектуальным спорце (праграмаванне вельмі блізкае да шахмат) навучэнцы натрэніроўваюцца да 11 класа, а потым, калі ўдаецца “адпусціць” сябе ў плане напружанасці і падрыхтоўкі, то вынікі ідуць уверх. Вельмі часта вучні, якія рыхтуюцца да алімпіяды, даюць нечаканы ўсплёск у рэйтынгу пасля саміх спаборніцтваў, бо яны разняволіліся, не трэніраваліся так інтэнсіўна.

Сёлета ўдача нам спадарожнічала. Стаць на адну прыступку з Расіяй, Карэяй, ЗША — гэта фантастычны вынік. Мы вельмі задаволены. Немагчыма сказаць, што заданні, якія прапаноўваюцца на алімпіядзе, вельмі структурна адрозніваюцца ад тых, што выкарыстоўваюцца ў нас на трэцім і заключных этапах алімпіяды. Проста мы прапаноўваем дастаткова складаныя задачы па адной у дзень, а на міжнароднай алімпіядзе яны ўсе вельмі складаныя, бо ўдзельнічаюць лепшыя з лепшых. Цяжкасць перад аргкамітэтам спаборніцтваў заключаецца ў тым, каб на шасці задачах адранжыраваць і тыя краіны, дзе няма ўзмоцненай падрыхтоўкі ў алгарытмічным праграмаванні і нацыянальнай алімпіяды, і тыя краіны, у якіх гэта стаіць на прафесійных рэйках, дзе вельмі працяглыя трэніровачныя зборы, — зазначае адзін з трэнераў. — Нам пашчасціла: ва ўсім вялізным спектры тэматык і метадаў выкарыстання і пабудовы адпаведных структур даных адна з задач, якую навучэнцы рашалі, закранала вельмі блізкую тэму. Аднак пры гэтым яна была не настолькі блізкая, як магло падацца, бо ў выніку толькі двое з чатырох прадстаўнікоў нашай краіны (а з усіх удзельнікаў алімпіяды чацвёра) змаглі рашыць яе.

Па выніках ІОІ-2018 першыя тры месцы занялі каманды Кітая (4 залатыя медалі), Паўднёвай Карэі і ЗША. Больш за ўсё балаў набраў школьнік з ЗША Бенджамін Цы — 499 з 600 магчымых, які стаў першым у рэйтынгу спаборніцтваў. Аляксандр Кернажыцкі набраў 430 балаў і стаў пятым. Андрэй Некрашэвіч з 359 баламі заняў 19-ы радок. У Станіслава Ціцянка 302 балы, у Марка Карнейчыка — 294.

Па словах трэнераў нацыянальнай каманды, неабходна рухацца наперад, працягваць працаваць далей, ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і паляпшаць дасягнутыя вынікі. Упершыню два “золаты” Беларусь заваявала ў 2006 годзе (Уладзімір Міняйлаў і Мікіта Леснікаў), а потым паўтарыла сваё дасягненне ў 2009 годзе (Генадзь Караткевіч і Дзмітрый Багданаў) і ў 2012 (Генадзь Караткевіч і Адам Бардашэвіч). “Немагчыма спрагназаваць тое, што будзе ў нас праз некалькі гадоў, бо ўсё вельмі хутка мяняецца. З мінулага года ў Еўропе з’явілася юніёрская алімпіяда па інфарматыцы, куды могуць прыязджаць навучэнцы да 9 класа. Беларусь пакуль, на жаль, у ёй не ўдзельнічае. А тыя краіны, што прымаюць удзел, свой малады рэзерв могуць бачыць і раней пачынаць яго трэніраваць. Мы спадзяёмся, што ў 2019 годзе нашы вучні пабываюць на гэтых спаборніцтвах і юніёрская падрыхтоўка ўзмоцніцца”, — адзначае старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі БДУ Аляксандр -Андрэевіч Буслаўскі.

Наступная, ХХХІ Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы пройдзе ў Баку (Азербайджан).

Наталля КАЛЯДЗІЧ.