З’явяцца новыя адрасы

З мэтай умацавання супрацоўніцтва нашу краіну наведала дэлегацыя Новасібірскай вобласці на чале з губернатарам А.А.Траўнікавым. Адукацыйную галіну гэтага рэгіёна Расійскай Федэрацыі прадставілі міністр адукацыі Новасібірскай вобласці С.У.Федарчук, рэктары ўніверсітэтаў Новасібірска.

На сустрэчы ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка сардэчна вітаў расійскіх калег.

— Калі аналізаваць узровень нашых адносін з вышыні гісторыі, то можам з упэўненасцю сказаць, што за гады супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі мы назапасілі багаты вопыт, які істотна ўзбагаціў нашу адукацыйную сферу, прыдаў новы, больш дзейсны імпульс нашаму ўзаемадзеянню, — заявіў Ігар Васільевіч.

Прыкладам гэтага сталі цесныя сувязі, якія склаліся паміж Новасібірскім аддзяленнем Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, паміж універсітэтамі, установамі адукацыі і культуры дзвюх краін. І.В.Карпенка нагадаў, што 2 гады назад на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі нашай краінай была ўнесена прапанова аб заключэнні пагаднення паміж Беларуска-Расійскім універсітэтам і Новасібірскім тэхнічным універсітэтам аб стварэнні Беларуска-Расійскага цэнтра міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культуры і інавацыйнай дзейнасці.

— Прыемна адзначыць, што такі цэнтр ужо адкрыты і паспяхова працуе, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Такая падзея ўдвая значная, таму што ў Новасібірскім рэгіёне пражывае шматлікая беларуская дыяспара, і гэты цэнтр з’яўляецца для яе істотнай падмогай у вывучэнні роднай мовы, азнаямленні з культурнай і гістарычнай спадчынай нашай краіны.

Па словах кіраўніка Міністэрства адукацыі Беларусі, у ходзе візіту дэлегацыі з Новасібірскай вобласці плануецца намеціць кірункі дзейнасці паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю ў сферы навуковых даследаванняў, акрэсліць тэматыку навукова-даследчых праектаў, якія былі б карысныя абодвум бакам. Плануецца падпісаць 2 пагадненні супрацоўніцтва паміж Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання і Сібірскім універсітэтам спажывецкай кааперацыі, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка і Новасібірскім педагагічным універсітэтам. Магчыма, у далейшым з’явяцца новыя адрасы супрацоўніцтва. Як паведаміў Ігар Васільевіч Карпенка, наша краіна гатова ўзаемадзейнічаць з калегамі з Новасібірскай вобласці па іншых напрамках, у тым ліку ахапіць дашкольную і школьную адукацыю, прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю.

— На кожным з гэтых узроўняў нам ёсць што паказаць і прапанаваць для ўкаранення расійскім калегам, — адзначыў І.В.Карпенка.

Акрамя таго, беларускі бок гатовы падзяліцца здабыткамі ў сферы дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, у развіцці маладзёжнай палітыкі, вучнёўскага самакіравання. Кірункі ў патрыятычным выхаванні будуць апрабаваны ў час сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Міністр адукацыі нашай краіны запрасіў калег з Новасібірскай вобласці на міжнародны фестываль “Дружба без межаў”, які праходзіць на базе дзіцяча-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”, на міжнародны злёт “Свет Вялікай Перамогі” , на які ў Беларускім дзяржаўным універсітэце збіраецца наша моладзь.

С.У.Федарчук, міністр адукацыі Новасібірскай вобласці, з задавальненнем прыняў запрашэнне кіраўніка адукацыйнай галіны Беларусі.

— Нас звязваюць багатыя традыцыі, цёплыя сустрэчы і дзелавое ўзаемадзеянне, якое мы гатовы мацаваць і ў далейшым,— адзначыў Сяргей Уладзіміравіч. — Наш рэгіён адзін з самых далёкіх у Расійскай Федэрацыі, і нас з беларусамі раздзяляюць тысячы кіламетраў. Але мы адчуваем сябе ў Беларусі вельмі камфортна, настолькі тут цёплая, добразычлівая атмасфера. Менавіта на гэтай чалавечай цеплыні мы развіваем нашы адносіны, назапашваем вопыт і будуем планы на будучыню.

С.У.Федарчук паведаміў, што падчас сумесных конкурсаў, алімпіяд, семінараў і канферэнцый заўсёды адчуваецца, як дзеці, моладзь, педагогі і навукоўцы абедзвюх краін гатовы супрацоўнічаць, як з энтузіязмам і ініцыятывай імкнуцца выбудоўваць агульную адукацыйную прастору. Найбольш яскравым прыкладам цеснага ўзаемадзеяння і цёплага сяброўства паміж дзецьмі дзвюх краін з’яўляюцца алімпіяды і іншыя адукацыйныя праекты ў рамках Саюзнай дзяржавы.

— Сённяшняя сустрэча — гэта дадатковы штрых у наша супрацоўніцтва, якое мы гатовы працягваць і памнажаць, — адзначыў Сяргей Уладзіміравіч Федарчук. — І калі побач такі надзейны партнёр, як Беларусь, то ў нас усё атрымаецца.

У далейшай праграме дэлегацыі з Новасібірскай вобласці быў прадстаўлены маршрут наведвання вядучых універсітэтаў Мінска, агульнаадукацыйных і прафесійных устаноў, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і шэрага іншых адукацыйных аб’ектаў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.