З ёй можна падарожнічаць, марыць, фантазіраваць

- 12:07Якасць адукацыі

Як сучасны настаўнік роднай мовы і літаратуры сваёй задачай лічу папулярызаваць беларускую мову праз чытанне кніг беларускіх аўтараў менавіта на беларускай мове. Сваім вучням прапагандую беларускія кнігі, спрабую заахвоціць іх жывым беларускім словам. Некаторыя з іх нават самі спрабуюць пісаць свае невялікія замалёўкі, вершы. 

У апошні час у нас склаліся цесныя ўзаемаадносіны з газетай “Переходный возраст”, дзе за красавік і май надрукаваны тры матэрыялы маіх вучняў на беларускай мове. І гэта далёка не ўсе нашы работы, бо некалькі матэрыялаў ужо знаходзяцца ў газеце, а некаторыя дапрацоўваем і плануем адправіць.
Дзеля пашырэння ўжывання беларускага слова практыкую сустрэчы з разнастайнымі людзьмі. Напрыклад, вясной у нас адбылася цікавая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі рэдактарам раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя” Мікалаем Уладзіміравічам Леўчанкам. Такая сустрэча не першая. Адбылося тры сустрэчы з Людмілай Іванаўнай Банадысёвай, якая працавала дырэктарам нашай школы. Яна наш часты госць: будучы на пенсіі, працягвае актыўна дапамагаць у выхаванні сучаснай моладзі. Акрамя сустрэч, наладжваем з вучнямі выставы кніг, абмяркоўваем найбольш цікавыя з іх, а таксама навінкі беларускіх выданняў. Урокі пазакласнага чытання планую, абапіраючыся на тыя творы, якія спадабаліся вучням. Пры правядзенні звычайнага ўрока літаратуры з вучнямі абавязкова звяртаемся да тых твораў аўтара, якія дзеці ўжо ведаюць: так яны лягчэй успрымаюць новую тэму.
У цяперашні час настаўнікі адзначаюць, што дзеці ў большасці сваёй вельмі мала чытаюць. У нашай краіне традыцыя чытаць зарадзілася даўно. Раней людзі праводзілі велізарную частку свайго вольнага часу за чытаннем кніг. У савецкі час гэта было нават модна.
У наш час чытанне як захапленне стала менш папулярным. Акрамя кніг, газет, часопісаў, тэлевізара, радыё, у нас ёсць інтэрнэт. Цяпер мы атрымліваем інфармацыю дома. Прачытаць навіны, паглядзець фільм, паслухаць музыку, пагуляць і г.д. — практычна ўсё гэта можна зрабіць у інтэрнэце. Вядома, у гэтым мы шмат у чым выйграём, эканомім час. Але як гэта адбіваецца на нашых дзецях? І як быць з тым, што яны вельмі зацягнуты сацыяльнымі сеткамі, камп’ютарнымі гульнямі? Цяга да іх настолькі вялікая, што пра кнігі дзеці і не ўспамінаюць.
Тлумачу вучням, што школьная праграма пабудавана на класічнай літаратуры. А класічная літаратура — гэта аснова светапогляду чалавека. Яна не проста забяспечвае чалавеку добрае баўленне часу, а фарміруе правільную жыццёвую пазіцыю, развівае інтэлектуальнае здароўе. Дзякуючы літаратуры, думка становіцца больш яснай, развіваецца лагічнае мысленне. Пры чытанні выпрацоўваецца разуменне псіхалогіі, развіваецца духоўны свет. Усвядомленае чытанне кніг нясе пазітыў, развівае фантазію, вядзе да запамінання слоў, іх напісання — інакш кажучы, развіваюцца пісьменнасць і мысленне. А пры адсутнасці неабходнага чытання ў вучня бедны слоўнікавы запас, у гаворцы з’яўляюцца словы-паразіты. У выпадках, калі неабходна правільна выказаць сваю думку, дзіця губляецца. Складана вучыцца тым, хто дрэнна чытае. Такія вучні пачынаюць адставаць па праграме. Калі ў пачатковых класах дзіця добра вучыцца, то ў старшых класах яго паспяховасць зніжаецца. Праграма ўскладняецца, вучань, які дрэнна чытае, не спраўляецца з матэрыялам. У яго знікае жаданне вучыцца.
У той сітуацыі, якая існуе на цяперашні момант, настаўніку важна не разгубіцца, быць дасведчаным, ведаць патрабаванні і жаданні сучаснага дзіцяці. Калі вучань на інтэрнэт аддае шмат свайго часу, то знайсці і прачытаць патрэбны твор у арыгінале можна і ў інтэрнэце. Застаецца толькі правільна скіраваць дзіця, бо ўся справа — у правільным, разумным выкарыстанні інтэрнэт-інфармацыі.
Мы, дарослыя, з’яўляемся прыкладам для дзяцей. Гэта я добра разумею, таму што сама і мама, і настаўніца адначасова. Выхоўваючы дзяцей, толькі дарослыя з’яўляюцца іх скульптарамі. Што вылепім, тое і атрымаем пазней. Задача бацькоў і настаўнікаў вялікая і складаная.
Зараз канікулы. Цудоўная пара, калі можна адпачыць, і дапаможа ў гэтым кніга. З ёй можна падарожнічаць, марыць, фантазіраваць. Сваім вучням абавязкова даю на лета спіс літаратуры, каб яны маглі прачытаць не дзеля патрэбы, а для сябе, для душы. Сваіх вучняў пераконваю, што кнігу ніхто не адмяняў, што ніякі інтэрнэт не заменіць жывыя зносіны з кнігай, якая абавязкова стане іх сябрам, дапаможа ім вырасці выхаванымі і цікавымі людзьмі.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.