З ёй не засумуеш!

- 10:25Выхаванне

Да таго як вучні Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна сустракаюць Наталлю Анатольеўну Юшкевіч, яны ўяўляюць бібліятэкара ціхмяным, спакойным чалавекам, нават у некаторай ступені меланхалічным, які толькі і робіць, што праводзіць усё сваё жыццё з кнігамі, не адрывае галавы ад белых старонак, усеяных дробнымі і буйнымі літарамі. Наталля Анатольеўна пераварочвае ўяўленні і вучняў, і настаўнікаў аб прафесіі бібліятэкара.

У нашай школе яна працуе больш за 25 гадоў. Стала бібліятэкарам невыпадкова: лічыць, што кнігі дапамагаюць людзям разумець сутнасць свету, бачыць усё, што адбываецца, у колерах вясёлкі, у розных вымярэннях. Таму ў 1985 годзе Н.А.Юшкевіч паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна, скончыла яго з адзнакай і прыйшла працаваць у Пятрэвіцкую сярэднюю школу.

З гэтага моманту ў нашай школе пачалося незвычайнае насычанае жыццё. Калі Наталля Анатольеўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, то ў самых непрадказальных ролях — Змяя, Фея, Рэпка (рэпка музычная, якой неспакойна адной у полі), Царэўна-Несмяяна (прычым ужо толькі ад яе выгляду ўтрымацца ад смеху проста немагчыма). Калі бібліятэкар удзельнічае ў рэалізацыі нейкага праекта, то гэты праект грыміць на ўвесь раён і вобласць. Напрыклад, праект “Інфармацыйная прастора на карысць” стаў тройчы прызёрам на раённым і абласным, рэспубліканскім узроўні. Калі школе патрэбен прэс-менеджар, то ім, вядома, становіцца Наталля Анатольеўна. Калі арганізоўваюцца экскурсіі — з намі школьны бібліятэкар. З ёй мы ўдзельнічалі ў XXI і XXIII міжнародных спецыялізаваных выставах “СМІ ў Беларусі”, наведалі Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, сустрэліся з алімпійскай чэмпіёнкай Настассяй Пракапенка, пабывалі ў рэдакцыях рэспубліканскіх газет. У перспектыве — паездка ў Беларускі дзяржаўны цырк, дзе пройдзе ІІ Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва.

У рамках Года малой радзімы наша школа спрабуе вырашыць пытанне, як праславіць малую радзіму. Наперадзе ўсіх — зноў жа Наталля Анатольеўна. Па яе ініцыятыве зняты дзве абласныя перадачы пра нашу школу і Пятрэвічы ў рамках праграмы “Надзея на сяло”. Яна стварыла групу ў “Аднакласніках” “З любоўю з пятрэвіцкай школы”, дзе асвятляюцца ўсе асноўныя падзеі нашага школьнага жыцця. З імі знаёмяцца жыхары аграгарадка, навучэнцы школы і былыя выпускнікі. Цяпер наш бібліятэкар з’яўляецца суаўтарам праектаў “Матывацыя”, “Адраджэнне”, накіраваных на аднаўленне культурных каштоўнасцей малой радзімы і стымуляванне вучняў да ўдзелу ў сацыяльна значных справах. З настаўнікаў школы была створана вядомая ў раёне, ды і ўсёй Гродзенскай вобласці, шоу-група “Пятрэвіцкі батальён”, якая сваім самабытным каларытам, непрадказальным рэпертуарам славіць малую радзіму ў рэальным і віртуальным жыцці. Натуральна, што такая падзея не магла прайсці міма нашага школьнага бібліятэкара: яна ўдзель­ніца гэтай групы. І хоць, як гаворыць Наталля Анатольеўна, з вакалам ёй не па дарозе, але сваёй харызмай і харэаграфіяй яна запальвае ўсмешку на тварах усіх гледачоў.

А якім цікавым становіцца шосты школьны дзень, калі за справу бярэцца наша Анатольеў­на (так жанчыну называюць усе, хто яе любіць)! Да нас прыязджаюць вучні з іншых школ Навагрудчыны, найбліжэйшых раёнаў. А як жа інакш? Мерапрыемствы ў гэтыя дні яркія, маляўнічыя, насычаныя. У якасці спонсараў на іх выступаюць вядучыя прадпрыемствы Навагрудчыны. Наш школьны бібліятэкар — чалавек з шырокай душой і несуцішнай энергіяй. У кастрычніку гэтага года на базе школы будзе арганізавана дыстанцыйнае навучанне ў рамках рэалізацыі культурна-адукацыйнага праекта “Прэс-цэнтр”.

Наталля Анатольеўна — неардынарная асоба не толькі на працы, але і дома. Ніхто і ніколі яшчэ не заставаўся абыякавым да яе кулінарных шэдэўраў. Простая вясковая ежа, але з іскрынкай ад гурмана — усё, гатаванае яе рукамі, мае вытанчаны смак. Ды што там казаць! Наша гераіня сваімі рэцэптамі неаднаразова дзялілася на старонках “Настаўніцкай газеты”. Імі актыўна карыстаюцца і педагогі, і навучэнцы, і іх бацькі.

Кажуць, што ў бібліятэцы павінна быць цішыня… Цішыня ў нашай бібліятэцы?! Гэта падобна на жарт. Там заўсёды масавы сход дзяцей і дарослых. Там заўсёды нараджаюцца новыя ідэі, рыхтуюцца святы. А вось знаёмства з кнігамі інтэрактыўнае. У любой кнізе, у любым творы для Наталлі Анатольеў­ны ёсць нейкі ключ (слова або выраз), сэнс якога можна зразумець, толькі прачытаўшы кнігу. Ну, як тут устаяць і не прачытаць усё, ад вокладкі ад вокладкі!

Вучні неяк спыталіся ў Наталлі Анатольеўны, навошта ёй уся гэтая актыўнасць, неабыяка­васць. Адказ быў просты і ўнікальны: “Для жыцця… Пакуль я жыву, я павінна не тлець, а гарэць!” Няхай гэты артыкул стане добрым сюрпрызам нашаму школьнаму бібліятэкару напярэдадні яе прафесійнага свята — Дня бібліятэк.

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.