Пасяджэнне гарадской педагагічнай майстэрні “Адкрываючы ўласны вопыт” па тэме “Развіццё лагічнага мыслення ў адукацыйным працэсе на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі” прайшоў на базе сталічнай гімназіі № 6. Педагогі навучальнай установы вядуць сістэматычную мэтанакіраваную работу па развіцці логікі і мыслення малодшых школьнікаў не толькі ў пазаўрочнай дзейнасці, але і падчас вучэбных заняткаў праз выкарыстанне сучасных форм і метадаў работы.
Па словах метадыста аддзела пачатковай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Святланы Рыгораўны Пухоўскай, мэта педагагічнай майстэрні — садзейнічаць удасканаленню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па развіцці лагічнага мыслення навучэнцаў у адукацыйным працэсе, актуалізаваць іх тэарэтычныя веды і практычныя ўменні ў гэтым напрамку.
Гімназія № 6 невыпадкова была выбрана месцам правядзення мерапрыемства. “Наша навучальная ўстанова ўнікальная, — адзначыла дырэктар гімназіі Вольга Яўгенаўна Смірнова. — Па-першае, яе гісторыя бярэ пачатак у далёкім 1867 годзе з жаночага духоўнага вучылішча. Па-другое, установа з’яўляецца адной з першых устаноў адукацыі, якая набыла фінансавую самастойнасць. Па-трэцяе, гімназія № 6 — адна з нямногіх у рэспубліцы, якая размяшчаецца ў трох карпусах. Шматступеньчатая сістэма існуе і ў метадычнай рабоце ўстановы адукацыі. Магутная педагагічная школа склалася на ўсіх ступенях навучання. Першая ступень налічвае 28 класаў, у якіх выкладаюць у асноўным настаўнікі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі з сярэднім стажам работы 19—20 гадоў. Ім сапраўды ёсць чым падзяліцца, у іх ёсць чаму павучыцца”. У штодзённых зносінах мы часта выкарыстоўваем выразы “гэта нелагічна”, “дзе логіка?”, “жалезная логіка” і інш. Што ж значыць мысліць лагічна? У першую чаргу гэта паслядоўнасць і заканамернасць у працэсе мыслення. Лагічнасць мыслення неабходна ў многіх сферах дзейнасці: эканоміцы, матэматыцы, гуманітарных навуках. Логіка мыслення не даецца ад нараджэння, а развіваецца ў працэсе навучання і вопыту. У раннім дзяцінстве вядучую ролю адыгрывае фарміраванне ўспрымання, у дашкольным перыядзе — памяці, а ў малодшых школьнікаў асноўным становіцца развіццё мыслення. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Маратаўна Бялт, якая курыруе дзейнасць пачатковых класаў, мысленне малодшых школьнікаў мае свае асаблівасці. Менавіта ў гэты перыяд наглядна-вобразнае мысленне, якое мела раней асноўнае значэнне, трансфармуецца ў слоўна-лагічнае. Адукацыйны стандарт па вучэбных прадметах ставіць перад пачатковай адукацыяй дакладныя мэты, таму адна з важных задач настаўніка пачатковых класаў — развіццё самастойнай логікі і мыслення, што дазволіць навучэнцам прыводзіць доказы, будаваць выказванні, часткі якіх лагічна ўзаемазвязаны паміж сабой, рабіць высновы, абгрунтоўваць свае меркаванні і ў канчатковым выніку самастойна набываць веды.
У гімназіі створаны пэўныя педагагічныя ўмовы, якія стымулююць навучэнцаў да развіцця лагічнага мыслення, раскрываюць інтэлектуальны і творчы патэнцыял, дапамагаюць выйсці за межы звычайных рэчаў. Гэта сфарміраванае адукацыйнае асяроддзе на вучэбных, факультатыўных і стымулюючых занятках, лагічныя пяцімінуткі паміж урокамі, а таксама заняткі ў гуртку “Логіка”, які паспяхова функцыянуе на платформе Logic.by ўжо трэці год. Усе напрамкі цесна ўзаемазвязаны паміж сабой праз узаемадзеянне на пасяджэннях метадаб’яднання, трансляцыю вопыту на адкрытых вучэбных занятках, узаеманаведванні заняткаў, гімназічны метадычны партал. Як адзначалася, для настаўніка ў практычным плане найбольш важна веданне тых відаў заданняў і практыкаванняў, на якіх павінна фарміравацца і развівацца лагічнае мысленне. І найбольш выніковымі з’яўляюцца наступныя прыёмы работы: па-першае, гэта ўлік узроўню інтэлектуальнага развіцця дзіцяці і выкарыстанне дыферэнцаванага падыходу на ўсіх этапах вучэбных заняткаў, які грунтуецца на індывідуальных асаблівасцях навучэнцаў; па-другое, прымяненне на кожным уроку спецыяльных заданняў, накіраваных на фарміраванне слоўна-лагічнага мыслення, з выкарыстаннем прыёмаў мадэлявання; па-трэцяе, фарміраванне слоўна-лагічнага і абстрактнага мыслення ў цеснай сувязі з развіццём практычна-дзейснага і наглядна-вобразнага мыслення. Крытэрыем сфарміраванасці лагічнага мыслення з’яўляецца рэгулярнае прымяненне на вучэбных занятках нестандартных задач.
90% навучэнцаў 1—4 класаў гімназіі наведваюць факультатыўныя заняткі “Рашэнне тэкставых задач”. Для 1—3 класаў на кожны клас выдзелена 2 гадзіны факультатыўных заняткаў, менавіта прадметных. У 1—3 класах адведзена па 2 гадзіны стымулюючых заняткаў, а ў 4 класах — па 3 гадзіны. Асаблівай увагі заслугоўвае работа гуртка “Логіка”, кіраўніком якога з’яўляецца настаўніца пачатковых класаў Ганна Уладзіміраўна Лебядзюк. Гурток дзейнічае на платнай аснове, таму супрацоўніцтва сям’і і гімназіі па далучэнні навучэнцаў да актыўных форм пазнавальнай дзейнасці дае вынікі. Заняткі ў гуртку забяспечваюць паўнацэннае разумовае развіццё, звязанае з фарміраваннем устойлівых пазнавальных інтарэсаў, уменняў і навыкаў малодшых школьнікаў, якасцей розуму, творчай ініцыятывы. Сёлета 90 навучэнцаў займаецца ў гэтым гуртку.
Удзельнікі педагагічнай майстэрні на практыцы змаглі пазнаёміцца з метадамі і формамі работы педагогаў гімназіі па развіцці лагічнага мыслення малодшых школьнікаў. Майстар-клас па рускай мове ў 2 класе на тэму “Словы, якія абазначаюць дзеянні прадметаў і адказваюць на пытанні “Што рабіць?”, “Што зрабіць?” правяла настаўніца пачатковых класаў Вольга Васільеўна Міхасенка. Педагог прадэманстравала шэраг практыкаванняў, накіраваных на развіццё мыслення і логікі дзяцей. Так, практыкаванне “Чацвёрты — лішні” дазваляе выдзеліць вывучаныя раней групы слоў, паўтарыць матэрыял і падвесці вучняў да вывучэння новай тэмы. Школьнікі пазнаёміліся з паняццямі “шыфроўка”, “кадзіраванне”. Практыкаванне “Шыфроўка” дазволіла арганізаваць работу па пашырэнні ведаў у розных напрамках рускай мовы, напрыклад, сінаніміі, антаніміі, авалоданні лексічным значэннем новых слоў. Былі створаны спрыяльныя ўмовы не толькі для развіцця лагічнага мыслення, але і для маўленчага развіцця малодшых школьнікаў. Практыкаванні ўзнаўлення паслядоўнасці падзей з дапаўненнем словамі, якія падыходзяць па сэнсе, садзейнічалі развіццю ўмення лагічна мысліць, увагі, аналітыка-сінтэтычных здольнасцей і маўлення. Вольга Васільеўна прапанавала дзецям шэраг гульняў, накіраваных не толькі на фарміраванне лінгвістычных ведаў, уменняў і навыкаў, але і на развіццё слоўна-лагічнага мыслення, увагі і памяці. Па перакананні В.В.Міхасенка, урокі рускай мовы ўтрымліваюць вялікія магчымасці для развіцця лагічнага мыслення школьнікаў. Сістэматычнае ўключэнне лагічных заданняў садзейнічае павышэнню якасці засваення матэрыялу, развівае інтэлект навучэнцаў, фарміруе цікавасць да ведаў, пазнавальную актыўнасць і самастойнасць.
Фрагмент вучэбных заняткаў па матэматыцы па тэме “Складанне двухзначных лікаў” у 2 класе прадэманстравала настаўніца пачатковых класаў Жанна Іванаўна Данілава. Спачатку вучні прыгадалі тры спосабы складання двухзначных лікаў. Як заўважыла настаўніца, звычайна гэтыя спосабы класіфікуюцца, параўноўваюцца, сярод іх вучні знаходзяць рацыянальныя, зручныя для сябе. Затым, прымяняючы вылічальныя навыкі, другакласнікі разгадалі рэбус, рашылі задачу некалькімі спосабамі, склалі адваротную задачу. Вынікам работы па групах на дошцы з’явіўся прыгожы цвецік-сяміцвецік. Не абышлося і без лагічных задач, якія выклікалі азарт, ажыўленне.
Факультатыўныя заняткі па курсе “Вучуся творча мысліць” у 1 класе правяла настаўніца пачатковых класаў Людміла Казіміраўна Гушчына. Мэта гэтага факультатыву — навучыць дзяцей выкарыстоўваць асноўныя мысліцельныя аперацыі: вучыцца разважаць, класіфікаваць, устанаўліваць заканамернасці, рабіць высновы. З геаметрычных фігур рознага колеру малодшыя школьнікі на дошцы складалі клоўна. Прычым кожная дэталь абазначала правільна выкананае заданне. Першакласнікі з раскіданых літар складалі словы, вучыліся працаваць па алгарытме, знаходзіць заканамернасці ў фігурах і словах, гаварыць аб прычынах і іх наступствах, паспрабавалі быць вынаходнікамі і будавалі новыя словы.
Фрагмент урока “Чалавек і свет” па тэме “Прыродныя багацці роднага краю. Абагульненне” ў 3 класе паказала настаўніца пачатковых класаў Наталля Яўгенаўна Новік. Майстар-клас па правядзенні заняткаў гуртка “Логіка” прадэманстравала настаўніца пачатковых класаў Ганна Уладзіміраўна Лебядзюк. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю і захапленнем малодшыя школьнікі працуюць, дэманструючы свае веды, уменні, кругагляд і эрудыцыю! Практыкаванні, якія прапаноўвалі вучням педагогі, садзейнічалі развіццю лагічнага мыслення, фантазіі, прасторавага ўяўлення, рашэнню лагічных задач і галаваломак.
— Проста так нічога не даецца. Любая работа акупіцца з лішкам, прынясе вынік, калі прыкласці намаганні, пераадольваць цяжкасці, працаваць у сістэме. Немалаважным пры гэтым з’яўляецца жаданне і ініцыятыва самога педагога. А нашы педагогі гараць жаданнем працаваць. Для развіцця лагічнага мыслення дзяцей імі створана вялікая колькасць заданняў, практыкаванняў, трэніровачных форм і метадаў арганізацыі дзейнасці. Умелае іх выкарыстанне прыносіць найлепшыя вынікі. Так, на гарадскім конкурсе “Юны матэматык” навучэнцы заваявалі 6 дыпломаў І ступені, 2 — ІІ ступені, 1 — ІІІ ступені, — зазначыла Т.М.Бялт.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.