З “жураўлямі” — да новых гарызонтаў

- 12:45Актуально, На парадку дня

Круглы стол “Дзейнасць клуба “Крыштальны журавель” у межах Праграмы развіцця Беларускага педагагічнага таварыства на 2023—2027 гады” прайшоў з удзелам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая.

На сустрэчы ў БДПУ імя Максіма Танка сабраліся каля 60 педагогаў — членаў клуба “Крыштальны журавель”, якія прадставілі ўсе рэгіёны нашай краіны. 

Па словах старшыні клуба настаўніцы біялогіі гімназіі № 4 Смаргоні Ірыны Клявец, мэтай работы “Крыштальнага жураўля” з’яўляецца стварэнне ўмоў для развіцця ініцыятывы творча працуючых педагогаў, павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, распаўсюджанне педагагічнага вопыту, а таксама садзейнічанне прафесійным зносінам. Клубаўцы праводзяць кансультацыі, семінары, творчыя майстэрні і майстар-класы, адкрытыя ўрокі, арганізоўваюць выязныя метадычныя мерапрыемствы (вучэбныя візіты, прафесійныя дэсанты) у розных куточках нашай краіны, дзе дэманструюць лепшыя методыкі выкладання, дзеляцца эфектыўным вопытам, эксперыментуюць. 

Па ініцыятыве “жураўлёў” праводзяцца Калядны фестываль педагагічнага майстэрства ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, фестывалі для маладых педагогаў у рэгіёнах. Добрай традыцыяй стала і арганізацыя Рэспубліканскага вучэбнага семінара ў Азёрах. Сярод разгледжаных на ім метадычных тэм — “Метады і сродкі арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках”, “Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці членаў клуба па пытаннях арганізацыі метадычнай работы з педагогамі”, “Арганізацыя вучэбнага супрацоўніцтва на ўроках: ад тэорыі да практыкі”, “Фарміраванне чытацкай дасведчанасці”. 

Падчас сустрэчы былі закрануты пытанні выкарыстання патэнцыялу лепшых настаўнікаў краіны ў павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі, вопыту “жураўлёў” у падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу “Настаўнік года” ў 2023 годзе, перспектывы супрацоўніцтва клуба з установамі дадатковай адукацыі дарослых, установамі вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з асацыяцыяй настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, асацыяцыяй педагагічных класаў, клубам “Будучыня”, які аб’ядноўвае маладых педагогаў, і інш.

 

Чытайце матэрыял Наталлі Калядзіч у нумары ад 10 студзеня 2023 года.