З Жыровічаў — у Вечны горад!

Агульная старонка ў гісторыі беларускага, украінскага і італьянскага народаў

Летась праваслаўныя вернікі адзначылі 550-годдзе з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці — адной з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі, якая на працягу стагоддзяў лічыцца цудатворнай. Ікону шанавалі многія пакаленні нашых суайчыннікаў, таксама як і жыхары іншых краін. Пра гісторыю выяўлення ў Рыме ў ХVIII стагоддзі фрэскавага малюнка Жыровіцкай іконы Божай Маці расказаў дацэнт кафедры гісторыі славян і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей ВЕРАМЕЕЎ.

Гісторык Сяргей Верамееў.

— Сяргей Фёдаравіч, нядаўна вы выступалі на Міжнароднай праваслаўнай навукова-практычнай канферэнцыі з дакладам “Культ Жыровіцкай Божай Маці ў Італіі”. Раскажыце, чаму прадметам даследавання выбралі менавіта гісторыю іконы ў Італіі?

— Выбар гэтай тэмы для вывучэння быў абумоўлены некалькімі прычынамі. У 2020 годзе адзначалася 550 гадоў з таго моманту, калі, згодна з царкоўным паданнем, упершыню была знойдзена знакамітая Жыровіцкая ікона Божай Маці. Кожная юбілейная дата — заўсёды нагода глыбей даследаваць гістарычную падзею, нанова асэнсаваць і ацаніць яе значэнне для сучаснікаў.

Мала хто ведае, што Жыровіцкую ікону Божай Маці шанавалі і маліліся перад ёй вернікі не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. У прыватнасці, яшчэ ў ХVIII стагоддзі склаўся яе культ у Італіі. Я даведаўся пра гэта некалькі гадоў назад падчас свайго першага падарожжа ў Рым. У Вечным горадзе сярод іншага мне давялося пабываць у царкве Святых Сергія і Вакха, дзе і зараз знаходзіцца фрэскавы абраз Жыровіцкай Божай Маці, і ўбачыць яго на ўласныя вочы. Бачыў я і вернікаў, што маліліся перад ім.

Акрамя таго, у нашым грамадстве, на жаль, існуюць даволі цьмяныя ўяўленні пра гісторыю Беларусі ХVI—ХVIII стагоддзяў. Напрыклад, мала хто ведае, што ў той час існавалі трывалыя кантакты паміж нашымі землякамі і жыхарамі іншых еўрапейскіх дзяржаў, асабліва ў культурна-рэлігійнай сферы. Адна з задач гісторыка — пашыраць навуковыя веды пра мінулае, садзейнічаць захаванню грамадствам сваёй гістарычнай спадчыны.

— Раскажыце, пры якіх абставінах у царкве Святых пакутнікаў Сергія і Вакха ў Рыме быў знойдзены фрэскавы абраз Жыровіцкай Божай Маці?

— У жніўні 1718 года па загадзе тагачаснага пракуратара святара Бенедыкта Трулевіча, муляр Сімоне Чоцці пачаў у храме работы па рэстаўрацыі. Здымаючы тынкоўку ў адным з памяшканняў, дзе цяпер знаходзіцца рызніца, муляр нечакана выявіў фрагмент абраза Дзевы Марыі. Пракуратар спачатку не надаў гэтаму значэння і загадаў зафарбаваць малюнак, што і было зроблена. Ранкам наступнага дня Сімоне Чоцці ўбачыў, што вапна, якой ён забяліў выяву, адпала разам з часткай тынкоўкі, і на сцяне з’явіўся фрэскавы абраз Багародзіцы з Ісусам на руках. Бенедыкт Трулевіч пазнаў у ім дакладную копію цудатворнай іконы Жыровіцкай Божай Маці, якая адрознівалася ад арыгінала вялікім памерам. Для параўнання: памер арыгінала складае 43х56 мм, а рымскай копіі — 1х1,5 м.

Мадонна дэль Паскала ў Рыме.

— Фрэска была пакрыта тынкоўкай і доўгія гады знаходзілася ў  халодным памяшканні. Няўжо яна не страціла сваёй прыгажосці? 

— Сапраўды, рымскі абраз Жыровіцкай Божай Маці быў часткова пашкоджаны вострай прыладай, якой карыстаўся муляр падчас сваёй працы, а таксама круком для свяцільні, які яшчэ раней быў убіты ў сцяну. Крук выцягнулі, а замест яго ўставілі кавалачак таго каменя, на якім некалі быў знойдзены арыгінал іконы ў Жыровічах. На сцяне вакол фрэскавага ладу прысутнічаў пашкоджаны кірылічны надпіс — фрагмент знакамітай візантыйскай малітвы да Багародзіцы “Годна ёсць”. Паабапал фрэскі размяшчаліся грэчаскія манаграмы імёнаў Ісуса і Марыі.

Бенедыкт Трулевіч вырашыў аднавіць фрэску і запрасіў для гэтага Ларэнца дэ Кава, вучня знакамітага рымскага мастака Банавентуры Ламбэрці. Той спачатку адмовіўся ад прапановы, але праз некаторы час цяжка захварэў. Успрыняўшы сваю хваробу як знак нябёсаў, мастак пагадзіўся адрэстаўрыраваць ікону. Праз пэўны час яго хвароба адступіла, а фрэскавая выява была адноўлена і адкрыта для пакланення.

— Ці вядома штосьці пра час з’яўлення фрэскі?

— Хроніка царквы Святых пакутнікаў Сергія і Вакха не захавала звестак пра час з’яўлення фрэскі і яе стваральніка. Дакладна невядома таксама, хто, калі і з якой мэтай схаваў гэты малюнак пад тынкоўкай. Можна пагадзіцца з версіяй рымскага гісторыка Нардзі, што абраз Божай Маці мог быць выкананы адным з базіліянскіх манахаў Літоўскай правінцыі, якія прыехалі ў Рым з Жыровіцкага манастыра.

— Знакамітая Жыровіцкая ікона Божай Маці вядома сваёй цудадзейнай энергіяй. А што тычыцца фрэскавай выявы, знойдзенай у рымскай царкве, ці былі выпадкі вылячэнняў?

— Гісторыкі сведчаць, што вобраз Жыровіцкай Божай Маці вельмі хутка праславіўся ў Рыме як цудатворны. Праз год пасля яго выяўлення, у жніўні 1719 года, пачалі фіксаваць першыя выпадкі вылячэнняў лю­дзей, якія, па сведчанні сучаснікаў, адбываліся пасля малітвы перад іконай.

Ікона Жыровіцкай Божай Маці (арыгінал).

Памаліцца перад іконай пры­ходзіла ўсё больш вернікаў — як прос­тых людзей, так і прадстаўнікоў шляхты, у ліку якіх быў і адзін з кардыналаў Рымскай курыі. З-за наплыву вялікай колькасці вернікаў гарадскія ўлады, каб “утрымаць парадак”, закрылі доступ да іконы — узвялі перад ёй каменную сцяну. Аднак гэта не спыняла людзей, якія працягвалі збірацца перад храмам. Па просьбе Бенедыкта Трулевіча Папа Рымскі Клімент XI загадаў перанесці яе ў царкву для ўсеагульнага пакланення.

— Наколькі шырока быў распаўсюджаны культ Жыровіцкай Божай Маці ў Італіі?

— Культ Жыровіцкай Багародзіцы яшчэ ў ХVIII стагод­дзі атрымаў распаўсюджанне сярод жыхароў рымскага квартала Монці. Памаліцца перад іконай прыязджалі жыхары іншых раёнаў Рыма, а таксама іншых гарадоў Італіі. За перыяд са жніўня 1719 па люты 1804 года быў дакументальна зафіксаваны 151 факт вылячэння і дапамогі па малітвах да Дзевы Марыі перад іконай. Выяўлены ў Рыме абраз стаў вядомы як “Мадонна дэль Паскала”. У пера­кладзе з італьянскага — Мадонна на пашы. Такая назва нагадвала пра пастухоў, якія яшчэ ў ХV ст. знайшлі абраз на месцы цяперашняга Жыровіцкага манастыра.

Сёння фрэскавы абраз знаходзіцца ў алтары царквы Святых пакутнікаў Сергія і Вакха. Ікону пакрываюць сярэбраная і залочаная рызы, вырабленыя ў 1819 годзе. Над іконай знаходзіцца ўбудаваны ў авальнае акно вітраж з выявай голуба — сімвала Святога Духа.

— Як праходзіла каранацыя цудадзейнай іконы Божай Маці папскімі каронамі ў Італіі і Рэчы Паспалітай?

— Пасля даследавання Рымам шматлікіх фактаў цудаў, якія здарыліся пасля малітвы перад Жыровіцкай іконай Божай Маці, Папа Рымскі Бенедыкт ХIII у красавіку 1726 года прыняў рашэнне аб яе каранацыі. Гэтаму рашэнню спрыяла таксама знаходка копіі абраза ў Рыме і рост яе папулярнасці сярод вернікаў. Цырымонія каранацыі была запланавана на 8 верасня 1728 года, аднак з-за смерці кіеўскага мітрапаліта Ільва Кішкі яе перанеслі.

Царква Святых Сергія і Вакха ў Рыме.

Урачыстая цырымонія каранавання папскімі каронамі Жыровіцкай іконы Божай Маці прайшла 19 верасня 1730 года. Урачыстасці праходзілі як у Жыровічах, так і ў Рыме. У Жыровічах цырымонію правёў тагачасны кіраўнік уніяцкай Рускай царквы мітрапаліт Афанасій Шаптыцкі, які ўсклаў на абраз дзве залатыя папскія кароны. Гэта была першая ў гісторыі Кіеўскай мітраполіі каранацыя цуда­дзейнага абраза Божай Маці папскімі каронамі. Акрамя мітрапаліта і епіскапаў, на ёй прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх базіліянскіх манастыроў Літоўскай правінцыі, шмат магнатаў, шляхта, простыя жыхары з розных рэгіёнаў Рэчы Паспалітай і іншых краін. Пілігрымамі былі перапоўнены Жыровічы, Слонім і іх ваколіцы.

— Мадонну дэль Паскала шанавалі Рымскія Папы?

— У 1801 годзе храм св.Сергія і Вакха наведаў Папа Пій VII у суправаджэнні сваёй світы. Панціфік памаліўся перад іконай і падзякаваў Дзеве Марыі за сваё вызваленне з напалеонаўскага палону. У 1827 годзе Папа Леў XII прысвяціў храм Святых пакутнікаў Сергія і Вакха іконе “Мадонна дэль Паскала”. З тых часоў другая назва гэтай царквы — царква Мадонны дэль Паскала. Сёння яна з’яўляецца галоўным храмам Апостальскага экзархата для ўкраінцаў візантыйскага абраду ў Італіі, які быў заснаваны Папам Францішкам у 2019 годзе.

Крыху раней, у кастрычніку 2018 года, кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук падчас святкавання 300-годдзя адкрыцця ў Рыме копіі іконы Жыровіцкай Божай Маці абвясціў гэты абраз галоўным святым абразом украінцаў у Італіі. Шануецца рымская выява і беларусамі, якія пражываюць у Вечным горадзе ці наведваюць яго, а таксама мясцовымі італьянцамі-католікамі. Культ Жыровіцкай Божай Маці ў Італіі — агульная старонка ў гісторыі беларускага, украінскага і італьянскага народаў і наш агульны здабытак.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і з архіва Сяргея Верамеева.