З жыцця пайшоў чалавек велізарнага таленту

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным, блізкім і калегам народнага артыста СССР Ігара Лучанка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

“Прыміце мае спачуванні ў сувязі са смерцю выдатнага кампазітара сучаснасці народнага артыста СССР Ігара Міхайлавіча Лучанка. З жыцця пайшоў чалавек велізарнага таленту, чыёй творчасцю па праве ганарыцца Беларусь”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Музычныя творы Ігара Міхайлавіча, якія ўяўляюць сабой лепшыя ўзоры высокага мастацтва, заслужылі шчырую любоў і пакарылі публіку розных пакаленняў з многіх краін, — гаворыцца ў спачуванні. — Напісаныя ім песні сталі залатымі шлягерамі на ўсе часы, эталонам прафесійнага майстэрства, неад’емнай часткай скарбніцы нацыянальнай культуры”.

Як падкрэсліў прэзідэнт, светлая памяць пра Ігара Лучанка назаўсёды захаваецца ў сэрцы кожнага беларуса.