З зярнятак складзецца колас

Навагрудскі раённы аздараўленчы лагер “Свіцязь” працуе ў гэтым годзе ў чатыры змены, сярод іх спартыўная, лідарская, экалагічная, духоўна-маральная. Апошняя арганізуецца тут трэці год запар. Летам 2018 года яе ўдзельнікамі сталі дзеці не толькі з Навагрудчыны, але і з іншых абласцей Беларусі.

— Сакрэтаў у нас няма, а галоўнае правіла — вучыць дзяцей рабіць дабро, дарыць радасць іншым, — гаворыць ідэйны натхняльнік, а па пасадзе — намеснік дырэктара лагера “Свіцязь” па асноўнай дзейнасці Т.М.Сурага.

Тамара Мікалаеўна — настаўніца гісторыі Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна вядзе таксама факультатыў “Асновы праваслаўнай маральнасці”. Выхаванне моладзі на традыцыях праваслаўнай культуры стала справай яе жыцця, сярод рэалізаваных задумак, якую падтрымала кіраўніцтва аддзела адукацыі Навагрудскага райвыканкама, правядзенне духоўна-маральнай змены ў лагеры “Свіцязь”.

Аб увазе і падтрымцы такой накіраванасці змены гаворыць і тое, што на яе адкрыцці прысутнічалі начальнік аддзела адукацыі Алег Аркадзьевіч Анікевіч, свяшчэннаслужыцелі Навагрудскай епархіі. Настаяцель храма святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія Навагрудка протаіерэй Вадзім Кузьміч пажадаў моладзі, каб “ураджай” гэтай змены рос без пустазелля — злых думак і ўчынкаў, каб дзеці “засявалі” свае душы зярняткамі дабрыні, міласэрнасці, цярпення і іншых дабрачыннасцей.

Ідэя зярнятка і коласа ляжыць у аснове работы духоўна-маральнай змены, якая так і называецца “Зярняткі, альбо Божае слова — жыцця аснова”.

— Наш праект дапамагае дзіцяці акунуцца ў рэаліі хрысціянскіх каштоўнасцей, убачыць першыя вынікі духоўнай работы чалавека, даведацца пра духоўныя традыцыі, гісторыю і культуру нашага народа, — гаворыць Тамара Мікалаеўна. — Вопыт папярэдніх гадоў паказаў, што такія змены ў цяперашні час асабліва актуальныя і запатрабаваныя. Бацькі зацікаўлены ў бяспечным, духоўна-карысным, творчым і фізічна актыўным аздараўленчым адпачынку сваіх дзяцей.

Як паведаміла дырэктар лагера Ірына Мікалаеўна Жагат, на духоўна-маральнай змене адпачываюць 180 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў з Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Іх адпачынак насычаны спартыўнымі і творчымі мерапрыемствамі, дзеці вывучаюць разнастайныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, далучаюцца да багатай спадчыны народных промыслаў, нацыянальнай культуры, ходзяць у паходы. Усё, як і падчас іншых змен. Але ёсць і свае адметнасці. Кожная раніца пачынаецца тут з перазвону, а ў ролі званароў выступаюць браты Максім і Аляксей Клок, якія, дарэчы, трэці раз удзельнічаюць у духоўна-маральнай змене. Атрады называюцца па літарах стараславянскай азбукі, а кожны дзень таксама прысвечаны літары. Напрыклад, у дзень “Букі” прайшоў конкурс малюнкаў “Славянская азбука”, адбылася артыстычная пляцоўка “Слоў карункі”; у дзень “Ведзі” — псіхалагічны мікс “Вер у сябе”, урокі дабрыні “Выбар ёсць заўсёды”; дзень “Дабро” прысвячаўся праваслаўным маршрутам малой радзімы; у дзень “Іжыцы” адбыўся конкурс малюнкаў і калажаў “Маленькія дзеці — вялікія таленты”. Сталовая тут — трапезная, атрад — манастыр, на дрэве пазнання дабра і зла з дапамогай стужачак розных колераў адзначаюцца заахвочванні і пакаранні.

Кожную раніцу Сейбіт — Мацвей Кавеліч, навучэнец навагрудскай гімназіі № 1 — прыносіць дзецям зярняткі-заданні на дзень. У канцы дня хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць каласок або пустазелле, якія адлюстроўваюць ступень іх актыўнасці. І да канца змены ў дзяцей у атрадзе атрымліваецца пшанічны сноп. Удзельнічаючы ў мерапрыемствах, кожнае дзіця набірае каласкі, з якіх збярэ свой сноп. Па выніках змены дзеці ўзнагароджваюцца граматамі і экскурсійна-паломніцкай паездкай. Па велічыні пшанічных снапоў вызначаецца самы ўраджайны манастыр-атрад.

Часта лагер наведваюць свяшчэннаслужыцелі, якія і пад гітару заспяваюць, і ў футбол з выхаванцамі згуляюць, але галоўнае — размаўляюць аб важных справах, зразумела, адкрыта.

Дар’я Гудкоўская з гімназіі № 1 Навагрудка і Хрысціна Чубрык з навагрудскай школы № 5 другі раз адпачываюць у духоўна-маральнай змене лагера “Свіцязь”. Дзяўчатам тут вельмі падабаецца, а жывуць яны ў манастыры “Людзі”, дэвізам якой з’яўляюцца словы “Людзям дружна дапамагаем — веру ў сэрцы запальваем”. Хрысціна гаворыць, што ў лагеры працуюць цікавыя педагогі і важатыя, кожны дзень новыя сустрэчы, новыя веды.

— Сімвалам нашай змены было абрана зярнятка, якое мы пастараліся вырасціць за 18 дзён у каласок, — гаворыць Тамара Мікалаеўна. — Ён стане для дзяцей хлебам жыцця.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.