За будучыню ў ІТ-прасторы

Да новага навучальнага года ў гімназіі № 28 Мінска адкрыўся філіял кафедры лічбавай эканомікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. З нагоды гэтай падзеі прайшоў урок па тэме “Моладзь Беларусі за будучыню ў ІТ-прасторы”, які для вучняў 10 класа правяла настаўніца матэматыкі і класны кіраўнік Марыя Канстанцінаўна Лагутава. Цяпер яе навучэнцы ў рамках аб’яднання па інтарэсах пачнуць вывучаць курсы “Асновы інфармацыйных тэхналогій” і “Увядзенне ў інтэрнэт рэчаў”, якія будзе весці выкладчык кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій акадэміі Вольга Аляксандраўна Лаўшук.

ІТ-урок пачаўся з тэлемоста паміж 28-й гімназіяй і акадэміяй сувязі. Да гімназістаў звярнуўся рэктар акадэміі прафесар Андрэй Алегавіч Зяневіч: “З году ў год наша ўстанова нарошчвае свой матэрыяльна-тэхнічны ўзро­вень. Да новага навучальнага года на базе акадэміі сувязі мы адкрываем новую лабараторыю інтэрнэту рэчаў, а ў гімназіі № 28 Мінска — філіял кафедры лічбавай эканомікі”.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Наталля Генадзьеўна Кучынская, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Юрый Аляксандравіч Сцепанчук і выкладчык кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій акадэміі Вольга Аляксандраўна Лаўшук.

“У Ленінскім раёне Мінска быў распрацаваны план па развіцці ІТ-прасторы і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, згодна з якім кожная ўстанова адукацыі павінна знайсці свой кірунак, сваю нішу ў ІТ-сферы і прадставіць свой план развіцця, — падкрэсліла Наталля Генадзьеўна. — Сёлета на жнівеньскай канферэнцыі педагогаў раёна праходзіла выстава “ІТ-школа= ІТ-краіна”, падчас якой установы дзяліліся сваім вопытам работы ў названым кірунку. Гімназія № 28 Мінска прадставіла план па ўзаема­дзеянні з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй сувязі”.

“Наша ўстанова беларускамоўная, — падкрэсліла дырэктар гімназіі Алеся Мікалаеўна Зяневіч. — Традыцыйна на павышаным узроўні тут выкладаюцца беларуская і замежныя (французская і англійская) мовы. У той жа час мы шукаем шляхі для задавальнення разнастайных адукацыйных запытаў сучасных вучняў. У бягучым навучальным годзе вучні нашага 10 класа ў якасці профільных прадметаў выбралі не традыцыйныя беларускую і замежную мовы, а замежную мову і матэматыку. Гэта дазволіць ім у далейшым спыніць свой прафесійны выбар, напрыклад, на эканамічных спецыяльнасцях. Дзякуючы адкрыццю ў гімназіі філіяла кафедры лічбавай эканомікі, старшакласнікі змогуць вывучаць курсы “Асновы інфармацыйных тэхналогій” (2 гадзіны ў ты­дзень) і “Уводзіны ў інтэрнэт рэчаў” (1 гадзіна ў тыдзень). Заняткі будуць праходзіць па суботах на бясплатнай аснове ў рамках дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах”. 

“Актуальнасць курса “Уводзіны ў інтэрнэт рэчаў” вызначаецца тым, што ў цяперашні час усё больш людзей выкарыстоўвае інтэлектуальныя прылады ў што­дзённым і працоўным жыцці, — адзначыла яго выкладчык Вольга Аляксандраўна Лаўшук. — З курса вы даведаецеся аб тым, як расце рынак лічбавых тэхналогій, звязаных з інтэрнэтам, што такое інтэрнэт рэчаў, якія яго функцыі, якое месца ў лічбавай трансфармацыі ён займае і як можна стаць часткай гэтага працэсу. Мы пагаворым аб экспанентным павелічэнні колькасці інтэ­лектуальных прылад, якія падключаны да інтэрнэту, і вы навучыцеся праграмаваць адну з іх. Мы разгледзім тэхналогіі штучнага інтэлекту і ўплыву аўтаматызацыі на нашу будучыню. Акрамя таго, пры вывучэнні курса мы акцэнтуем увагу на важнасці канфідэнцыяльнасці і інфармацыйнай бяспекі.

Вучэбная праграма ўключае ў сябе інтэрактыўныя практыкаванні, створаныя па прынцыпе E-doing, мэта якога — стымуляваць навучанне, замацаваць атрыманыя веды, узбагаціць вучэбны працэс і такім чынам спрыяць больш хуткаму засваенню матэрыялу. Вы атрымаеце інтэрактыўныя заданні, якія дазволяць праверыць яго разуменне. Пры вывучэнні сеткавых тэхналогій трэба будзе настроіць простую сетку з дапамогай інструмента для мадэлявання сеткі Packet Tracer. Па кожным раздзеле курса прадугледжана інтэрактыўная кантрольная работа, пасля яго заканчэння пройдзе інтэрактыўны фінальны экзамен.

Курс “Асновы інфармацыйных тэхналогій” пашырае, дапаўняе і паглыбляе веды і ўменні вучняў у галіне ўстройства камп’ютара, асноў работы і ўстаноўкі аперацыйных сістэм, архітэктуры сетак і работы ў інтэрнэце. Найважнейшым складнікам курса з’яўляюцца лабараторныя заняткі (па зборцы персанальнага камп’ютара, устаноўцы аперацыйных сістэм, стварэнні і тэсціраванні сеткавых кабеляў і г.д.)”.

Ужо ў гэтую суботу Вольга Лаўшук правядзе свае першыя заняткі для дзесяцікласнікаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.