За бяспечнае лета!

Чарговы сход абласнога бацькоўскага актыву прайшоў у Магілёве. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі ўпраўленняў і камітэтаў аблвыканкама, бацькоўская грамадскасць і настаўнікі з розных куткоў вобласці, прадстаўнікі абласной пракуратуры, устаноў аховы здароўя, рэгіянальнага таварыства ратавання на водах, УУС, МНС, ДАІ. Прысутнічаў на мерапрыемстве намеснік старшыні аблвыканкама А.М.Кунцэвіч.

Двухбаковая гутарка была прысвечана надыходзячым летнім канікулам і  тэму мела адпаведную — “За бяспечнае лета!”.

— Удзельнікі сходу атрымалі магчымасць азнаёміцца з усімі формамі і відамі аздараўлення, занятасці непаўналетніх у летні перыяд. Акцэнт быў зроблены таксама на прапагандзе здаровага ладу жыцця, асноў бяспекі жыцця­дзейнасці, інфармаванні бацькоў аб адказнасці за жыццё, здароўе і выхаванне сваіх дзяцей, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Н.М.Кульчанка.

Па яе словах, галоўны акцэнт быў зроблены на пытаннях бяспекі навучэнцаў. Тэма не новая, абмяркоўвалася яна ўжо неаднойчы. Тым не менш з году ў год яна застаецца актуальнай.

У вобласці дзейнічае пэўная сістэма работы па фарміраванні ў дзяцей навыкаў здаровага ладу жыцця, асноў бяспечнай жыццядзейнасці. Прычым далучаны да гэтай работы не толькі педагогі, але і супрацоўнікі іншых зацікаўленых службаў. Ад такога міжведамаснага ўзаемадзеяння прасочваюцца пэўныя станоўчыя тэндэнцыі, аднак і шэраг праблемных момантаў па-ранейшаму прысутнічае.

Удзельнікі сходу наведалі абласны адука­цыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці, дзе ўсім зноў нагадалі: кантроль за дзецьмі павінны ажыццяўляць не толькі ўстановы адукацыі, а і бацькі.

Падчас сходу бацькоўская ­грамадскасць змагла многае ўзяць для сябе, бо пасяджэнне прайшло ў форме камунікатыўнай пляцоўкі, структураванага дыялогу, дзе кожны быў зацікаўлены ў вырашэнні пастаўленых праблем. Галоўная ж выснова сустрэчы была простай: забяспечыць здаровую і бяспечную будучыню дзяцей магчыма толькі сумеснымі намаганнямі. Таму так важна цеснае ўзаемадзеянне сям’і і школы, супрацоўніцтва бацькоў і педагогаў, бо толькі іх паразуменне дазволіць выклю­чыць праблемы ў выхаванні падрастаючага пакалення.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Галіны РАДЗЬКОВАЙ.