Адной з важных задач устаноў адукацыі з’яўляецца гарантаванне бяспекі выхаванцаў і навучанне іх правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару. У Церабяжоўскім яслях-садзе Столінскага раёна ўдзяляецца вялікая ўвага рабоце ў гэтым напрамку.
Надзвычай цікава ў дашкольнай установе прайшоў дзень грамадзянскай абароны з удзелам начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 17 Столінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В.М.Грэчкі і медыцынскай сястры С.В.Кулік, якія правялі з дзецьмі гутаркі на тэму “Малышам — пра агонь”, “Нашы памочнікі і ворагі дома”, “Увага — незнаёмыя прадметы”, абыгралі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі сітуацыю “Як паводзіць сябе, калі…”. Падчас іх дашкольнікі замацоўвалі правілы паводзін у надзвычайных сітуацыях, вывучалі асноўныя спосабы абароны ад іх, знаёміліся з вогнетушыцелем і прадметамі, з-за якіх можа ўзнікнуць пажар, вырашалі сітуацыйныя задачы, спаборнічалі ў знаходлівасці і кемлівасці. Напрыканцы ролевай гульні “Служба выратавання” В.М.Грэчка ўручыў выхаванцам пасведчанні юных ратавальнікаў за праяўленыя веды, уменні і навыкі па грамадзянскай абароне.
З педагогамі ясляў-сада Валянцін Міхайлавіч адпрацоўваў правілы карыстання калектыўнымі і індывідуальнымі сродкамі абароны, а таксама правілы паводзін пры тэрарыстычных актах і надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару. Акрамя таго, В.М.Грэчка расказваў пра папярэджанне надзвычайных сітуацый і мінімізацыю наступстваў у выпадку іх узнікнення. Медсястра С.В.Кулік азнаёміла педагогаў з прыёмамі аказання першай медыцынскай дапамогі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.