За “экватарам” універсіяды

Другая палова ўніверсіяды прыемна радуе ўсіх, хто сочыць за выступленнямі спартсменаў беларускай зборнай. Здаецца, што пасля рэкордаў Аляксандры Герасімені, “золата” Жэні Цуркіна ў нашых студэнтаў настрой толькі на перамогу. На цяперашні момант у зборнай ужо 31 (!) медаль: 11 залатых, 10 сярэбраных і 10 бронзавых. Наша невялікая Беларусь займае 6 месца ў рэйтынгавай табліцы.
“Бронза” ў вольнай барацьбе

У суботу жаночы турнір па вольнай барацьбе аказаўся шчодрым на медалі. Адразу дзве “бронзы” ў скарбонку беларускай каманды прынеслі Марыя Мамашук і Галіна Леўчанка.
Марына Мамашук, якая выступала ў вагавой катэгорыі 63 кг, у стартавым паядынку аказалася мацнейшай за ўкраінку Ганну Васіленка. Аднак у чвэрцьфінале саступіла расіянцы Марыі Люльковай. Далейшае паспяховае выступленне дало магчымасць Марыне працягнуць барацьбу ў суцяшальным раўндзе і ў выніку пазмагацца за “бронзу”, якую беларуска літаральна вырвала ў прадстаўніцы Казахстана Кацярыны Ларыёнавай. На першым месцы ў вагавой катэгорыі 63 кг аказалася прадстаўніца Манголіі Батсетсег Саронзанболд, на другім — расіянка Марыя Люлькова, трэцяе месца з нашай Марынай падзяліла прадстаўніца Азербайджана Ірына Нятрэба.
Па той жа схеме складвалася і выступленне Галіны Леўчанка ў вагавой катэгорыі 72 кг. Саступіўшы амерыканцы Брытні Робертс, яна працягнула барацьбу і ў паядынку за “бронзу” ўзяла верх над манголкай Цевегмед Энбаяр.
На першым месцы ў гэтай вагавой катэгорыі расіянка Кацярына Букіна, на другім — ужо вядомая нам прадстаўніца ЗША Брытні Робертс, на трэцім — разам з Галінай Леўчанка канадка Эрыка Элізабет Віебэ.

Самба: адзін крок да перамогі

14 ліпеня яшчэ адзін сярэбраны медаль для Беларусі заваяваў самбіст Аляксандр Кокша. У першы ж дзень турніру па самба Аляксей стаў уладальнікам другога месца ў вагавой катэгорыі да 68 кг.
У чвэрцьфінале нашаму спартсмену саступіў прадстаўнік Балгарыі Марцін Іванаў, у паўфінале — украінец Кірыл Мельнічэнка. Фінальны паядынак прымусіў пахвалявацца не толькі самога Аляксея, але і ўсю беларускую дэлегацыю, якая за яго хварэла. “Золата” было так блізка. Радуе, што яно дасталася расіяніну Дзянісу Давыдаву з мінімальнай перавагай.
Турнір па самба завершыцца ўжо сёння.

Перамогі ў веславанні на байдарках і каноэ

У Казані 14 ліпеня разыграны першыя медалі ў веславанні на байдарках і каноэ. Беларусь не засталася без узнагарод. У нашых байдарачнікаў і “серабро”, і “бронза”.
Ужо ў першым фінальным заплыве байдарак-адзіночак на дыстанцыі 1000 метраў удача ўсміхнулася Алегу Юрэню. Ён саступіў лідару гонкі партугальцу Фернанда Піменце ўсяго 1,679 секунды, пераадолеўшы дыстанцыю за 3 хвіліны 49,814 секунды. На трэцім месцы — паляк Рафал Расольскі з часам 3 хвіліны 50,325 секунды.
Трэба сказаць, што нядзеля прынесла Алегу не толькі “серабро”, але і “бронзу” ў складзе байдаркі-чацвёркі на той жа дыстанцыі, дзе Юрэня выступіў разам з Паўлам Мядзведзевым, Іванам Цуранавым і Артурам Літвінчуком. Час беларускага экіпажа — 3 хвіліны 12,184 секунды, што ўсяго на 3,626 секунды больш, чым рэзультат расійскага экіпажа ў складзе Алега Жасткова, Максіма Спясіўцава, Аляксея Вострыкава, Мікалая Чарвова. Сярэбраны медаль у палякаў Паўла Флорзака, Рафала Расольскі, Марціна Бржэзінскі і Барташа Стабно.
Цікава, што на трэцім месцы разам з беларусамі знаходзяцца венгерскія байдарачнікі, якія паказалі ідэнтычны рэзультат.
15 ліпеня да папярэдніх рэзультатаў беларускіх весляроў дадаліся яшчэ два залатыя, два сярэбраныя і два бронзавыя медалі. Жаночая байдарка-двойка ў складзе Вольгі Худзенка — Марыны Літвінчук стала першай на дыстанцыі 200 метраў з рэзультатам 37,094 секунды. Другімі фінішавалі сербкі з часам 38,026 секунды, трэцімі расіянкі — 38,307 секунды.
На гэтай жа дыстанцыі беларускі сталі пераможцамі і ў складзе байдаркі-чацвёркі, да экіпажа якой акрамя Вольгі Худзенка і Марыны Літвінчук дадаліся Надзея Папок і Маргарыта Цішкевіч. Яны паказалі час 43,637 секунды. Расійскі экіпаж, які знаходзіцца на другім месцы, пераадолеў гэтую дыстанцыю за 35,895 секунды. Замыкаюць тройку лідараў іспанкі з рэзультатам 36,016 секунды.
“Серабро” нашай камандзе прынесла чацвёрка канаістаў на ўсё тых жа 200 метрах. Сяргей Прыволкін, Дзяніс Рэут, Дзмітрый Півавар і алімпійскі чэмпіён Андрэй Багдановіч фінішавалі другімі, саступіўшы расійскай камандзе 1,264 секунды. На трэцім месцы чэшскія канаісты.
Яшчэ адно “серабро” ў вядомай нам Маргарыты Цішкевіч, якая стала другой на дыстанцыі 200 метраў у байдарцы-адзіночцы. Маргарыта фінішавала з часам 42,211 секунды, што ўсяго на 0,568 секунды больш, чым рэзультат пераможцы, расіянкі Наталлі Падольскай.
Два бронзавыя медалі на дыстанцыі 200 метраў у канаіста-адзіночніка Арцёма Козыра і ў экіпажа каноэ-двойкі Глеба Саладухі і Дзяніса Махлая.

Падрыхтавала Наталля АЛЁХІНА.
Фота Яўгена ЧАРНУШЭВІЧА.