За гонар Айчыны, з клопатам пра будучыню

- 12:52Навіны рэгіёнаў

Паспяховая вучоба, спартыўныя дасягненні, мэтанакіраваная падрыхтоўка да службы ў радах абаронцаў Айчыны; строгі распарадак дня, узорная дысцыпліна і па-дамашняму ўтульная, добразычлівая атмасфера, якая пануе ва ўстанове адукацыі; афіцэры запасу поруч з лепшымі настаўнікамі ў якасці педагогаў; дзясяткі выпускнікоў, якія служаць ва Узброеных Сілах, органах пагранічнай службы і ўнутраных спраў, унутраных войсках, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і займаюцца навуковай дзейнасцю, працуюць на ўніверсітэцкіх кафедрах і кіраўніцкіх пасадах… Немагчыма аб’яднаць усё гэта разам? Вопыт Віцебскага кадэцкага вучылішча даказвае: немагчымага няма.

“Гонар маем!”

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Віцебскае кадэцкае вучылішча” была створана ў 2011 годзе па рашэнні Віцебскага аблвыканкама шляхам рэарганізацыі Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці. Унікальны інавацыйны вопыт педагагічнага калектыву дазваляе ўдзяляць павышаную ўвагу патрыятычнаму выхаванню і фізічнай культуры пры высокім узроўні падрыхтоўкі навучэнцаў па агульнаадукацыйных дысцыплінах.
— У комплексных спаборніцтвах сярод навучэнцаў кадэцкіх і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішчаў Рэспублікі Беларусь па ваенна-прыкладных відах спорту мы на працягу двух гадоў саступаем толькі сувораўцам, — расказаў дырэктар установы адукацыі Сяргей Лагвіненка. — Нашы кадэты ўваходзяць у склад каманды “Юны дынамавец”: чатыры гады запар у агульным заліку зборная ўтрымлівае 1 месца. Добрыя вынікі ў нас у баскетболе, футболе, валейболе, цяжкай атлетыцы, плаванні. Мы штогод удзельнічаем у грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змене навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны” ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Амаль усе гады ў камандным заліку мы былі першыя, толькі ў 2012 годзе — другія. Сёлета ўпершыню кадэты вучылішча ўдзельнічалі ў ваенна-патрыятычнай змене навучэнцаў сувораўскіх ваенных (нахімаўскага ваенна-марскога) і кадэцкіх вучылішчаў Беларусі і Расіі ў Анапе: па выніках змены ў нас 1 месца. Наша ўстанова актыўна супрацоўнічае са 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай ваенна-паветранай брыгадай, на базе якой ажыццяўляецца падрыхтоўка кадэтаў у скачках з парашутам, — усяго кадэтамі выканана 118 скачкоў.

“Ад пазнання да творчасці”

Канферэнцыя даследчых работ навучэнцаў пад такой назвай праводзіцца ў вучылішчы штогод.
— Хоць нашы работы пакуль і не адрозніваюцца акадэмічнай глыбінёй даследавання навуковых праблем, але, рыхтуючыся да канферэнцыі, навучэнцы набываюць навыкі працы з літаратурай, вучацца аналізаваць інфармацыю, правільна афармляць работу, набываюць навыкі публічнага выступлення — усё гэта спатрэбіцца ім у будучыні, — упэўнена намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Васільева.
Трэба сказаць, што кадэты ўдзельнічаюць у самых розных конкурсах і праектах: “Шураві”, конкурсах сачыненняў, інтэрнэт-праекце “Вызваленне”. У гэтым навучальным годзе кадэт узвода 11 “А” класа Мікіта Пахоменка (кіраўнік Мікалай Півавар) атрымаў дыплом І ступені на абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў Віцебскай вобласці з работай па гісторыі “Рэйд на Віцебск у 1942 годзе”. Сам Мікалай Васільевіч вельмі цікавы, захоплены сваёй справай чалавек, апантаны краязнавец і кіраўнік эколага-краязнаўчага клуба “Дзвіна”. Менавіта дзякуючы яму кадэты пабывалі ў многіх гістарычных мясцінах Віцебшчыны. Не цураюцца маладыя людзі і вытанчаных мастацтваў. У вучылішчы працуе гурток “Проба пяра”, якім кіруе Іна Лунёва. На рахунку яе выхаванцаў — серыя зборнікаў творчых работ, апошні па часе выдання быў прысвечаны Дню маці. Навучэнцы робяць спробы выдаваць свае газеты. Вельмі цікавыя выпускі атрымліваюцца ва ўзвода 9 “Б” класа, і гэта невыпадкова: выхавальнік Вячаслаў Салдаценкаў — асоба творчая, ён і ідэю падкажа, і аформіць дапаможа. Работа кадэта 9 “Б” класа Таццяны Шумаровай была адзначана дыпломам ІІ ступені абласнога літаратурнага конкурсу, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Высокі ўзровень падрыхтоўкі дэманструюць кадэты і ў Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Усяго за тры гады ў вучылішчы было 12 пераможцаў заключнага этапу спаборніцтва, прычым іх колькасць з году ў год прырастае. Так, па выніках другога этапу алімпіяды 2014/2015 навучальнага года ў кадэтаў 30 дыпломаў, а ў мінулым годзе было 19 — прыкметны рост. Кадэты Кацярына Бакан і Ілья Мілашэнка сталі пераможцамі раённага тура алімпіяды па фінансавай граматнасці, арганізаванай Беларусбанкам.
Сярод лепшых з лепшых і выпускніца мінулага года Дар’я Піталенка. Дзяўчына двойчы была пераможцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Яна ўзнагароджана знакам адрознення “За выдатныя поспехі” трох ступеней. Максім Ціўнэль тройчы быў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, ён — лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Чацвёра кадэтаў вучылішча, у тым ліку і Максім, узнагароджаны медалём “За служэнне Радзіме з дзяцінства”, заснаваным Беларускім саюзам сувораўцаў і кадэтаў.
Гаворачы аб дасягненнях, нельга абысці ўвагай і высокія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання: 100 балаў па матэматыцы і фізіцы ў Паўла Іванова, па матэматыцы — у Аляксандра Марцінайціса, па біялогіі — у Антона Жанеўскага, па 100 балаў на ЦТ маюць пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — іх налічваецца 37 чалавек.

Акадэмічны гарадок для кадэтаў

Віцебскае кадэцкае вучылішча знаходзіцца ў Лужасне — фактычна ў прыгарадзе Віцебска. Месца, дзе размяшчаецца ўстанова адукацыі, выбрана надзвычай удала: гэта адасоблены ўчастак паміж невялікім лясным масівам і маляўнічым берагам Заходняй Дзвіны. Лужасна звязана з Віцебскам маршрутамі гарадскога аўтобуса (дабрацца да вучылішча з абласнога цэнтра на грамадскім транспарце можна за лічаныя хвіліны), непадалёк ёсць аддзяленне сувязі і банкамат. Акрамя таго, установа мае ўласны транспарт, які забяспечвае выезд кадэтаў на спартыўныя спаборніцтвы, экскурсіі, іншыя мерапрыемствы. Тэрыторыя своеасаблівага акадэмічнага гарадка аб’ядноўвае ўсе вучэбныя, спартыўныя, бытавыя і адміністрацыйныя аб’екты. Вучылішча па праву можа ганарыцца сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базай. Яна адна з лепшых не толькі ў рэспубліцы, але і ў краінах СНД, што пацвярджаюць шматлікія госці ў складзе дэлегацый з блізкага і далёкага замежжа. Згодна з дзяржаўнай праграмай “Дзеці Беларусі”, на тэрыторыі тады яшчэ гімназіі ў 2009 годзе ўзведзены культурна-аздараўленчы цэнтр, які ўключае ў сябе актавую залу на 275 месцаў, спартыўную залу для гульнявых відаў спорту з трыбунамі на 300 месцаў, 25-метровы плавальны басейн на пяць дарожак з сучаснай сістэмай ачысткі вады, трэнажорныя залы. Зараз спарткомплекс уключае футбольнае поле са штучным пакрыццём, хакейную пляцоўку, гандбольную залу. Дзякуючы ўвазе і падтрымцы абласных і раённых улад, матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы пастаянна ўдасканальваецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі адукацыйнага працэсу. У вучэбных кабінетах устаноўлена сучаснае абсталяванне, кадэты забяспечаны класамі для самападрыхтоўкі, ёсць бібліятэка з кніжным і мультымедыйным фондамі, доступ да сеткі інтэрнэт. У распараджэнні навучэнцаў — цір, страявая пляцоўка, танцавальная зала і кадэцкае кафэ.
Выдатны падарунак — новы спальны корпус — атрымалі навучэнцы Віцебскага кадэцкага вучылішча ў першы вучэбны дзень 2015 года.
Як паведаміў Сяргей Лагвіненка, у новым кадэцкім інтэрнаце адсвяткавалі наваселле 200 з 261 навучэнца. Да гэтага яны жылі ў больш сціплых умовах, а цяпер размясціліся з камфортам: у кожным з блокаў жылога корпуса — па два ўтульныя і светлыя пакоі на 2 і 3 чалавекі, душавая, туалет. На ўсіх паверхах прадугледжаны бытавыя памяшканні, на першым — сталовая, класы для самападрыхтоўкі, якія можна выкарыстоўваць як шматфункцыянальныя памяшканні, інтэрактыўны лазерны цір, у падвальных памяшканнях — пральны камбінат і склад харчавання. Адкрыццё корпуса было прымеркавана да пачатку вучэбных заняткаў пасля зімовых канікул і супала з завяршэннем акцыі “Нашы дзеці”, таму разам з сімвалічным ключом намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў уручыў дырэктару вучылішча сертыфікат на 100 млн рублёў на закупку аргтэхнікі. Дарэчы, на гэтыя ж мэты ў канцы 2014 года ўжо было выдзелена 50 млн рублёў.
— Узвядзенне новага будынка вялося два гады і абышлося ў 35 млрд рублёў, 20 з іх выдзелена з абласнога бюджэту, — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. — У мінулым годзе конкурс у вучылішча склаў 2,7 чалавека на месца. Да нас едуць дзеці з іншых абласцей, таму што ў Лужасне створаны самыя лепшыя ўмовы для вучобы, прафесійнай падрыхтоўкі, адпачынку. У перспектыве, пасля рамонту старога спальнага корпуса, набор дзяцей можна будзе павялічыць. Я ўпэўнены, што ўсе выхаванцы вучылішча стануць сапраўднымі патрыётамі нашай Беларусі.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Малах асаблівую ўвагу звярнула на аспекты псіхалагічнай адаптацыі і рознабаковага асабістага развіцця навучэнцаў.
— У нашым калектыве ўсе педагогі памятаюць, што вучылішча для кадэтаў — не толькі навучальная ўстанова, але і дом, дзе яны знаходзяцца кругласутачна, а значыць, павінны адчуваць сябе зручна і камфортна, — адзначыла Валянціна Васільеўна. — Безумоўна, шыкоўны студзеньскі падарунак для навучэнцаў — новы спальны корпус — гэтаму яшчэ больш паспрыяе.

Працяг абавязкова будзе

Па словах Сяргея Лагвіненкі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы будзе працягвацца. На сёння ўжо ўзгоднены праект на будаўніцтва кантрольна-прапускнога пункта на ўваходзе — да гэтага абавязвае рэжым вучылішча, плануецца адкрыць залу для спартыўных адзінаборстваў — пад яе збіраюцца рэканструяваць аднапавярховы будынак былой пральні.
— Па выніках наведвання гэтай установы адукацыі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам было дадзена даручэнне палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу. Сёння можна з гонарам сказаць, што мы гэтае даручэнне выканалі, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — Як і тое, што рашэнне адкрыць вучылішча, прынятае ў 2011 годзе аблвыканкамам і асабіста яго старшынёй Аляксандрам Косінцам, было беспамылковае: установа даказала сваю запатрабаванасць. Толькі за тры гады яе існавання ў статусе кадэцкага вучылішча 63 выхаванцы паступілі ў профільныя УВА. Для нас важная падрыхтоўка спецыялістаў для любой галіны, але, лічу, тое, што ў рэспубліцы ўдзяляецца вялікая ўвага падрыхтоўцы будучых абаронцаў Айчыны, — надзвычай актуальна. Мы мэтанакіравана працуем з дзецьмі, у якіх ёсць схільнасці да ваеннай службы, да паступлення ў профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі. На тэрыторыі Віцебскай вобласці знаходзяцца два кадэцкія вучылішчы. Другое з іх, Полацкае, мае багатыя традыцыі і гісторыю, высокі патэнцыял і добрыя перспектывы для далейшага развіцця. На сёння перад упраўленнем адукацыі, абласным і раённым выканаўчымі камітэтамі пастаўлена задача стварыць у Полацку базу, аналагічную той, што існуе ў Лужасне. Думаю, што праз некоторы час мы да гэтага прыйдзем. Беларусь укладвае ў адукацыю вялікія грошы, але і мае вялікую аддачу ад выдаткаваных сродкаў. І гэтая палітыка — правільная, абгрунтаваная, патрэбная і неабходная для нашай будучыні.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.