За гонар школы

- 13:02Планёрка ў рэгіёне

Аддзел адукацыі Ашмянскага райвыканкама на працягу шасці гадоў займае прызавыя месцы ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі раённых выканаўчых камітэтаў Гродзенскай вобласці. Сярэдняя школа № 1 Ашмян, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ашмянскага раёна, яслі-сад вёскі Кракоўка ў 2013 годзе вызначаны Брэндамі сістэмы адукацыі Гродзеншчыны. 
Як дасягаюць такіх высокіх вынікаў у рабоце ашмянскія педагогі, расказвае начальнік аддзела адукацыі Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Мікалаеўна БАРКОЎСКАЯ.

— Калі знаёмлюся з дасягненнямі вашага раёна, то складваецца ўражанне, што ў Ашмянскім раёне працуюць асаблівыя настаўнікі — сапраўдныя патрыёты прафесіі, працавітыя, творчыя людзі. Гэта вынік эфектыўнай работы з кадрамі?
— Прэстыж пачынаецца з іміджавых момантаў. Нельга прывіць любоў да прафесіі, калі педагог кожны дзень стогне аб тым, што цяжка працаваць, мала плацяць… Толькі паспяховы, улюбёны ў сваю прафесію настаўнік, кіраўнік можа выхаваць паспяховага вучня, падначаленага. Імкнёмся стварыць у раёне атмасферу творчасці, павагі да прафесіі, імкнення да поспеху.

— Як, можна дакладней?
— Сімволіка — герб, сцяг — створаны ва ўсіх установах адукацыі. Любое мерапрыемства пачынаецца з гімна ўстановы. Зараз праводзіцца конкурс ІТ-візітак устаноў адукацыі, на сайце аддзела адукацыі арганізавана галасаванне. Пасля падвядзення вынікаў візіткі будуць размешчаны на сайтах устаноў.
Імідж сістэмы ствараюць традыцыйныя мерапрыемствы, дзе задзейнічаны педагогі, бацькі, вучні. Гэта выпускны баль, дзе абавязкова гучыць гімн выпускнікоў Ашмяншчыны, раённая бацькоўская канферэнцыя па набалелых пытаннях, конкурс “За гонар школы!”, дзе разам бацькі, вучні, педагогі, адміністрацыя адстойваюць гонар сваёй школы.
Прафесійным конкурсным рухам ахоплены ўсе катэгорыі педагагічных работнікаў. Для маладых педагогаў у раёне праводзіцца конкурс “Адкрыццё”, для вопытных настаўнікаў (у залежнасці ад навучальнага года) — “Настаўнік года”, “Самы класны класны”, “Лепшы ўрок па… ці з прымяненнем…”, для кіраўнікоў — “Малады кіраўнік-2015”.
Шмат увагі ўдзяляем рабоце з маладымі педагогамі. Пачынаецца ўсё са святочнага ўручэння працоўных кніжак маладым спецыялістам старшынёй Ашмянскага райвыканкама. Арганізавана сістэма настаўніцтва, працуе Школа маладога педагога, праводзім дні адкрытых дзвярэй для маладых спецыялістаў іншых раёнаў (у 2014 годзе прымалі Іўеўшчыну), агульныя мерапрыемствы са спецыялістамі іншых галін (КВЗ, “Лепшы ў прафесіі” і інш). У лютым стартаваў месячнік “Педагог майстар — маладому настаўніку”, дзе настаўнікі — удзельнікі і пераможцы абласнога этапу, сярод іх і лаўрэат рэспубліканскага этапу прафесійнага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014” М.Ф.Дудойць, дэманструюць майстар-класы, урокі, вучаць самааналізу маладых спецыялістаў.

— Дзе бераце такую таленавітую моладзь?
— Наладжана работа па арыентацыі выпускнікоў на педагагічныя спецыяльнасці. Новы подых атрымала прафарыентацыйная работа ў раёне з прыходам “Зорнага паходу” студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка, які мы сустракалі чацвёрты раз у студзені.
Штогод каля 30 выпускнікоў раёна паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці па мэтавых накіраваннях. Лідарам у гэтым пытанні з’яўляецца сярэдняя школа № 1 Ашмян, дырэктар М.М.Гружэўскі. Толькі ў 2014 годзе 15 выпускнікоў першай ашмянскай школы паступілі на педагагічныя спецыяльнасці, з іх 8 чалавек — па мэтавых накіраваннях.

— Якія ўмовы створаны на ўзроўні раёна для павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў?
— Развіццё кадраў, павышэнне прафесійнага майстэрства ідзе праз работу ў метадычных фарміраваннях, якіх сёлета працуе 55 для розных катэгорый работнікаў. Акрамя таго, на працягу пяці гадоў праводзім адкрытую навукова-практычную канферэнцыю педагогаў па праблемных пытаннях, метадычную выставу “Фестываль педагагічных знаходак”, працуюць майстар-класы, праблемныя семінары.
Адзін са складнікаў развіцця кадраў — засваенне і выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, стварэнне ўласных электронных прадуктаў. Вырашэнню гэтай задачы садзейнічае работа каардынацыйнага савета па інфарматызацыі, пастаяннага семінара для кіраўнікоў “Павышэнне якасці ведаў вучняў праз выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе”. Гэтай праблеме таксама была прысвечана пятая навукова-практычная канферэнцыя “Інфармацыйнае адукацыйнае асяроддзе як умова развіцця прафесійных кампетэнцый педагогаў: вопыт, праблемы, перспектыктывы”. Актыўна працуем над сертыфікацыяй педагогаў, на сённяшні дзень 73% педагогаў раёна сертыфікаваны.
Цікавы вопыт накоплены Цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ашмянскага раёна (дырэктар Л.М.Казлоўская) па аказанні метадычнай дапамогі педагогам і бацькам раёна ў пытаннях спецыяльнай адукацыі. Дарэчы, гэты вопыт быў прадстаўлены на метадычнай выставе пры падвядзенні вынікаў Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў Мінску. Цэнтрам выдаецца метадычны і практычны часопіс для педагогаў, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Асаблівы педсавет”, для бацькоў “Маміна школа”, “Сонечная крыніца”.

— Як адзначаеце сваіх герояў? Лепшых педагогаў добра ведаюць жыхары раёна?
— З 2009 года ўсе ўстановы адукацыі ахоплены агульным рухам “Школа ўзорнай якасці і парадку”, які дазваляе рухаць установы наперад, дае штуршок да развіцця.Па выніках установа атрымлівае шыльду “Школа ўзорнай якасці і парадку года” або “Лепшая дашкольная ўстанова года”.
Кожная работа павінна быць годна ацэнена. “Загад па выніках работы аддзела і ўстаноў адукацыі за кожны месяц” дазваляе ўбачыць сябе і іншых, прааналізаваць вынікі.
Для стымулявання педагагічных работнікаў створана віртуальная Кніга гонару, якая размешчана на сайце аддзела адукацыі. У мінулым годзе заснавана намінацыя “Маладосць. Перспектыва. Талент”, з гэтага года плануем адкрыць намінацыю “Педагагічныя дынастыі”. Уручэнне пасведчанняў аб занясенні на Дошку гонару адбываецца кожны год на традыцыйным свяце “Віват, настаўнік!”
Чалавекам года Гродзеншчыны ў 2014 годзе названа С.І.Яблонская, загадчык ясляў-сада вёскі Кракоўка.

— Жадаем ашмянскім педагогам яшчэ большых поспехаў! Дзякуй за інтэрв’ю, Святлана Мікалаеўна.

Святлана КІРСАНАВА.