За ідэямі і натхненнем — на кірмаш!

- 12:27Навіны рэгіёнаў

У старадаўнія часы кірмаш быў адной з найважнейшых падзей, якую з нецярпеннем чакалі жыхары гарадоў і мястэчак. Кірмашы былі не проста гандлёвымі пляцоўкамі, а месцам, дзе сустракаўся розны люд, каб павесяліцца і абмяняцца думкамі, ідэямі, поглядамі. Не зніклі кірмашы і ў наш час. Так, нядаўна кірмаш адбыўся ў Дзяржынску. Толькі гэты кірмаш быў асаблівы — адкрыты адукацыйны, дзе не гандлявалі, а толькі абменьваліся — ідэямі, напрацоўкамі, матэрыяламі.

Па сутнасці, стварэнне пляцоўкі для прафесійнай камунікацыі калег і ёсць галоўная мэта і ідэя кірмашу. Тут можна было знайсці натхненне для работы ў новым навучальным годзе, а таксама ідэі, методыкі, каб рэалізаваць сваё натхненне ў справе. “Сёння ў вас, паважаныя кіраўнікі і педагогі, ёсць цудоўная магчымасць не толькі падзяліцца назапашаным вопытам работы, лепшымі метадычнымі здабыткамі, але і зазірнуць у іншыя майстэрні, творчыя лабараторыі”, — падкрэсліў, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Вацлаў Іванавіч Матусевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама. Адукацыйны кірмаш “Якасць адукацыі — сучасны вектар развіцця ўстаноў адукацыі” прайшоў упершыню і аб’яднаў прадстаўнікоў усіх устаноў адукацыі раёна. Распачынала мерапрыемства выстава “Адукацыйны маркетынг устаноў адукацыі, спорту і турызму”. Удзельнікі выставы праз змястоўную рэкламу адукацыйных паслуг стараліся паказаць, чым адметная іх установа, і даказаць, што менавіта яна самая лепшая. Буклеты, лістоўкі, прэзентацыі, відэаролікі дазволілі кожнаму пазнаёміцца з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі раёна.
“Модны паказ” таксама стаў часткай мерапрыемства. Вучні 2 класа сярэдняй школы № 1 Фаніпаля пад кіраўніцтвам дырэктара Ганны Уладзіміраўны Халопіцы прэзентавалі на подыуме камплекты адзення дзелавога стылю. Школа ўдзельнічае ў рэспубліканскім праекце “Школа будучыні”. Узоры адзення, паказаныя на кірмашы, распрацаваны сумесна з канцэрнам “Беллегпрам”, ААТ “Белкрэда”, ЗАТ “Калінка”. Прадстаўнікі гэтых прадпрыемстваў сталі гасцямі кірмашу. Далей работа праходзіла на чатырох пляцоўках. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч арганізавала пляцоўку “Эфектыўнае кіраванне — аснова павышэння якасці адукацыі”, галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Валер’еўна Грыгаровіч — пляцоўку “Якасная дашкольная адукацыя — фундамент развіцця асобы дзіцяці”, галоўны спецыяліст Галіна Уладзіміраўна Гапанькова — “Асобасна арыентаванае выхаванне: сучасныя падыходы і эфектыўныя рашэнні”. Метадысты раённага вучэбна-метадычнага кабінета Галіна Юльянаўна Бурынская і Галіна Іванаўна Южык арганізоўвалі работу пляцоўкі “Рэалізацыя прынцыпаў кампетэнтнаснага падыходу пры праектаванні і стварэнні сістэмы павышэння якасці адукацыі ва ўмовах установы”.
На гэтых пляцоўках удзельнікаў кірмашу чакалі студыі ўзаемадзеяння, творчыя галерэі, прафесійныя гасцёўні, майстар-класы і іншыя формы работы, якія выкарыстоўваюцца для павышэння якасці адукацыі.
Надзвычай актуальнае пытанне, якое ўсё часцей абмяркоўваецца ў апошні час, — профільнае навучанне. Гэтай тэме быў прысвечаны майстар-клас “Справа ў капелюшы”, які правяла настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Дзяржынска Алена Чаславаўна Сяліцкая. Яна расказала калегам аб асаблівасцях выкарыстання метаду шасці капелюшоў для арганізацыі профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Дырэктар гімназіі Фаніпаля Галіна Казіміраўна Майсейчык сумесна з педагагічным калектывам установы прадставіла інфармацыйна-метадычны партал “Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 2015/2016 навучальным годзе: факты і каментарыі”. Яго стваральнікі сабралі разам усе дакументы і матэрыялы, неабходныя настаўнікам, структуравалі інфармацыю і прапанавалі яе для выкарыстання калегам.
Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Дзяржынска Галіна Яўгенаўна Мігура заклікала калег у форме прафесійных дэбатаў паразважаць на тэму “Настаўнік… Прафесія, прызванне ці лад жыцця?”. Удзельнікамі дэбатаў сталі маладыя спецыялісты і вопытныя педагагічныя работнікі, а таксама вучні, якія сёлета прынялі рашэнне вучыцца ў педкласах.
Госці кірмашу наведалі педагагічнае кафэ “Грані майго “Я”, падрыхтаванае намеснікамі дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Ірынай Мікалаеўнай Горбач і Вольгай Віктараўнай Юховіч. Тут пошукам свайго педагагічнага “Я” педагогі займаліся за кубкам гарбаты ў цёплай атмасферы.
Колькі яшчэ цікавых і важных пытанняў змаглі абмеркаваць педагогі на кірмашы, немагчыма апісаць. Колькі карыснай інфармацыі атрымалі, немагчыма вымераць. Амаль кожны, хто прэзентаваў свой вопыт на кірмашы, падрыхтаваў для калег распрацоўкі, якія можна выкарыстоўваць у рабоце, — раздрукаваныя ці на электронных носьбітах, так што педагогі пакідалі кірмаш з мноствам матэрыялаў і ідэй.

Дар’я РЭВА.