За ініцыятыву, творчы падыход і высокі прафесіяналізм

Напярэдадні Дня друку ў рэдакцыю нашай газеты завітаў памочнік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты Артур Стрэх, які павіншаваў калектыў з надыходзячым прафесійным святам. Рэдактар аддзела прафесійнай адукацыі і сацыяльнай работы “Настаўніцкай газеты” Галіна Сідаровіч была адзначана каштоўным падарункам. Віншуем!

Як адзначыў Артур Віктаравіч, за “эфектыўную арганізацыю ўзаемадзеяння з Беларускай натарыяльнай палатай, актыўны ўдзел ў асвятленні дзейнасці натарыята Рэспублікі Беларусь, прапаганду яго ідэй і публічна-прававых прынцыпаў, праяўленыя ініцыятыву, творчы падыход і высокі прафесіяналізм”.

Як вядома, натарыус — гэта службовая асоба, якая ўпаўнаважана сведчыць, афармляць розныя юрыдычныя акты, дакументы. І калі спецыялісты такога рангу сведчаць пра прафесіяналізм журналістаў, то гэта высокая ацэнка нашай дзейнасці. Тым больш, што працаваць даводзіцца са спецыфічнай тэрміналогіяй.

Дарэчы, магчымасць пагружацца ў іншыя сферы і прафесіі — тое, за што мы любім сваю журналісцкую работу, таму, калі Галіна Сідаровіч пачынае закідваць нас натарыяльнай лексікай, ніхто не здзіўляецца, а некаторыя спрабуюць нават пракансультавацца.

Ужо шмат гадоў у “Настаўніцкай газеце” ў дадатку “Адукацыя: дакументы і каментарыі” вядзецца рубрыка “Кансультацыя натарыуса”, у якой спецыялісты Беларускай натарыяльнай палаты кожны месяц адказваюць на шматлікія пытанні чытачоў. І трэба адзначыць, што іх колькасць і якасць, калі можна так сказаць, увесь час павялічваецца. За гады існавання рубрыкі педагогі сталі больш дасведчанымі. Не сумняваюся, што дзякуючы нашай рубрыцы.

Больш за тое, многія свае пытанні шлюць напрамую ў Беларускую натарыяльную палату, бо ведаюць, што адказ прачытаюць на старонках нашай газеты. У сувязі з гэтым нам таксама хацелася б падзякаваць натарыусам натарыяльнай палаты за давер і цеснае супрацоўніцтва, якое мы з задавальненнем будзем працягваць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.