Асенняя адукацыйная сустрэча “За кадрам сучаснага ўрока” для ўдзельнікаў шостага і сёмага набораў праграмы “Настаўнік для Беларусі” прайшла на базе гімназіі № 1 імя Ф.М.Сінічкіна Слоніма. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гімназія з’яўляецца школай-партнёрам праграмы, і тут працуюць два педагогі — удзельнікі праграмы “Настаўнік для Беларусі”. Гэта настаўнік інфарматыкі Аляксей Саванец і настаўніца фізікі Таццяна Афанасік.
У навучальнай установе сабралася 55 педагогаў з розных куткоў краіны, каб павучыцца адзін у аднаго. Асеннія канікулы — самы час, каб пашырыць прафесійныя зносіны і павысіць прафесійныя кампетэнцыі.
— Асенняя адукацыйная сустрэча ўдзельнікаў праграмы “Настаўнік для Беларусі” арганізуецца з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў, стварэння ўмоў для іх самаразвіцця, фарміравання пазітыўнай устаноўкі на працяглую педагагічную дзейнасць у рэгіянальных і сельскіх школах, — адзначыла прадстаўнік кіраўніцкай каманды “Настаўніка для Беларусі” Таццяна Багдановіч.
Праграма двухдзённага інтэнсіву складалася з некалькіх блокаў. А пачыналася ўсё з тымбілдынгу: удзельнікі сустрэчы шмат кантактавалі, прадстаўлялі трэйлеры “Адзін ідэальны дзень у школе”, выступаючы ў ролі акцёраў кіно. Было шмат цікавых і смешных момантаў. Адметным стала тое, што ўся дзейнасць настаўнікаў была накіравана на работу ў групах. Так педагогі на практыцы змаглі азнаёміцца з новымі алгарытмамі дзялення на групы і арганізацыі ўзаемадзеяння паміж імі.
Усё нефармальнае навучанне было падзелена на тры блокі з агульнымі тэмамі: “Кааператыўная методыка навучання”, “Фарміруючае ацэньванне” і “Функцыянальная адукаванасць”. У кожным блоку настаўнікамі-майстрамі праводзіліся майстар-класы.

Напрыклад, на майстар-класе Юліі Некраш, удзельніцы шостага набору праграмы “Настаўнік для Беларусі”, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Міханавіцкай сярэдняй школы, ішла гаворка пра тэхналогію кааператыўнага навучання як альтэрнатыву традыцыйным формам групавой работы на ўроку. Настаўнікі азнаёміліся з прыёмамі кааператыўнага навучання і, прымераўшы на сябе ролю вучня, змаглі ацаніць эфектыўнасць работы ў камандзе на занятках па тэме “Беларускі арнамент як форма трансляцыі народнага вопыту”.
Наступны майстар-клас праводзіўся ў пары. З яго ўдзельнікамі працавалі Любоў Сардалішвілі, настаўнік-метадыст, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 94 Мінска імя Я.Д.Бяляева, і Ірына Калеснікава, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Веткі імя А.А.Грамыкі.
Любоў Аляксандраўна з’яўляецца метадыстам праграмы, а Ірына Сяргееўна — удзельніцай сёмага набору “Настаўніка для Беларусі”. Яны з дапамогай кааператыўнага навучання паказалі, як вырашаць дзіцячыя канфлікты ў класе. Па меркаванні педагогаў, канфлікт — не праблема, а замок, які можна адчыніць.

Пяць чароўных ключоў для вырашэння канфлікту
Пагавары. Спакойна растлумач, што цябе засмуціла, выслухай іншага. Выкарыстоўвай “Я-паведамленне” (прыём, з дапамогай якога чалавек гаворыць пра свае пачуцці і перажыванні, не пераходзячы на асобы і не ацэньваючы паводзіны).
Падзяліся. Уменне дзяліцца дапамагае пазбегнуць сварак і ўмацаваць сяброўства.
Папрасі прабачэння. Калі памыляўся, то папрасі прабачэння. Гэта крок да міру.
Саступі. Часам лепшая перамога — гэта захаваць сяброўства, а не выйграць спрэчку.
Звярніся па дапамогу. Калі не атрымліваецца дамовіцца, смела прасі дапамогі ў дарослых.
Настаўнікі-метадысты — настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 20 Барысава Ірына Адамовіч і настаўніца геаграфіі Мінскага абласнога ліцэя Людміла Альгамец — правялі майстар-клас па тэме “Адзнака, якая вучыць”. Педагогі з’яўляюцца метадыстамі праграмы “Настаўнік для Беларусі”.
— Мы гаварылі пра фарміруючае ацэньванне, пра адзнаку не як пра канчатковы вынік, а як пра працэс. Вучылі ацэньваць не навучэнца, а яго прагрэс. А для гэтага неабходна мець пастаянную зваротную сувязь са сваімі вучнямі. Такі кантакт на кожным этапе ўрока дапамагае карэкціраваць вучэбныя дзеянні школьнікаў. Калі гаварыць пра інструменты для настаўнікаў, то пачыналі з мэтавызначэння. Вельмі важна паставіць вучням зразумелую і дасягальную мэту, каб у выніку атрымаць рэальны выхадны кантроль. Падчас сумеснай работы на майстар-класе мы выкарыстоўвалі лато, квадрат Дэкарта, кола самаацэнкі. Практыкавалі ўзаемаацэньванне, самаацэньванне, — адзначыла Ірына Адамовіч.

На майстар-класе “Здабываю + ужываю + ацэньваю = функцыянальная адукаванасць” Ала Ляховіч (куратар праграмы “Настаўнік для Беларусі”) і Вольга Канановіч (удзельніца шостага набору), настаўнікі-метадысты, настаўніцы пачатковых класаў Косаўскай сярэдняй школы імя А.Зайкі, сканцэнтраваліся на шляхах фарміравання функцыянальнай адукаванасці школьнікаў. Удзельнікі іх майстар-класа гаварылі пра сутнасць функцыянальнай адукаванасці, спрабавалі стварыць уласную мадэль яе фарміравання, асвойвалі інтэрактыўныя метады і прыёмы, якія развіваюць уменне думаць, аналізаваць, супрацоўнічаць і ацэньваць сябе. І, безумоўна, атрымалі практычныя інструменты для ўкаранення на ўроках.
Падарожжа ў гульнявы свет фінансавай адукаванасці прапанавала Тамара Гайдук, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 імя Ф.М.Сінічкіна Слоніма. На майстар-класе яна дэманстравала інтэрактыўныя гульнявыя прыёмы ў фармаце “даведаўся і прымяніў”. Акрамя таго, расказала педагогам цікавыя факты пра беларускія грошы, а пасля яны адпрацавалі практычныя прыёмы ў ролях настаўніка і вучня.
Удзельнікі адукацыйнай сустрэчы “За кадрам сучаснага ўрока” не толькі атрымалі пазітыўныя ўстаноўкі на новую чвэрць — яны папоўнілі свае прафесійныя партфоліа практычнымі ведамі, метадычнымі ідэямі, атрымалі неабходныя рэсурсы для дасягнення пастаўленых мэт і развілі здольнасць эфектыўна працаваць разам для дасягнення агульных задач. Калі гаварыць коратка, то педагогі адчулі калектыўную эфектыўнасць, якая здольна павысіць якасць школьнай адукацыі.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара





