За кожным экспанатам — гісторыя перамогі

Музей спартыўнай славы адкрыўся ў сярэдняй школе № 2 Гродна

У рамках чарговага этапу нацыянальнага рэспубліканскага праекта “Гіры без меж, або Спорт для ўсіх”, які праводзіцца пад эгідай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Міжнароднай федэрацыі гіравых відаў спорту, і ў гонар адкрыцця школьнага музея старшыня Міжнароднай федэрацыі гіравых відаў спорту Яўген Назарэвіч правёў майстар-клас для юных спартсменаў.

— Адкрыццё музея спартыўнай славы сведчыць пра тое, што адміністрацыя школы імкнецца захаваць гісторыю спартыўных дасягненняў вучняў і перадаць яе будучым пакаленням, — адзначыў Яўген Назарэвіч. — Такія крокі накіраваны на выхаванне патрыятызму ў падрастаючага пакалення, а таксама папулярызацыю спорту і фізічнай культуры, матывуюць да заняткаў. Як спартсмен, я проста абавязаны сваім прыкладам паказваць, што важна зрабіць першы крок, займацца, і тады ўсё атрымаецца, высокія дасягненні абавязкова прыйдуць.

Яўген Назарэвіч разам са школьнікамі ў гэты дзень устанавілі сімвалічны рэкорд і прысвяцілі яго 30-годдзю стварэння Алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. 30 разоў спартсмен падымаў гіру вагой 50 кілаграмаў, а дзеці — гіры невялікай вагі.

— У нашай школе 11 спартыўных класаў, каля 70 працэнтаў вучняў прафесійна займаюцца спортам, — расказаў дырэктар сярэдняй школы № 2 Гродна Сцяпан Рэкець. — Кожны другі вучань прадстаўляе ўстанову адукацыі на розных спаборніцтвах ад рэспубліканскага да міжнароднага ўзроў­ню. Безумоўна, яны перама­гаюць і заваёўваюць медалі, кубкі, памятныя майкі, клюшкі, шайбы. З 2007 года ў нас сабралася каля 300 экспанатаў. Многія прыносілі свае ўзнагароды ў музейны пакой і часта пыталіся, калі ж у нас бу­дзе сапраўдны музей. І сёння мы адкрываем музей спартыўнай славы, каб кожны мог пазнаёміцца з поспехамі нашых вучняў, выпускнікоў і ганарыцца імі. За кожным экспанатам — гісторыя перамогі.

Нярэдкія госці ў школе — знакамітыя спартсмены. Не засталася без увагі такая важная для ўстановы адукацыі і яе вучняў падзея, як адкрыццё музея. Дзеці былі вельмі рады, што да іх завітаў і нават правёў майстар-клас майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа, заслужаны майстар спорту Міжнароднай федэрацыі гіравых відаў спорту, шматразовы чэмпіён і прызёр Рэспублікі Беларусь, Еўропы і свету, шматразовы рэкардсмен “Сусветных рэкордаў Гінеса” Яўген Назарэвіч. З захапленнем слухалі школьнікі аповед пра яго шлях у спорт. Было бачна, як у хлопчыкаў і дзяўчынак гарэлі вочы. А калі ён прапанаваў разам падымаць гіры, усхапіліся з месцаў усе.

— Я вельмі ганаруся нашымі спартсменамі па хакеі на траве, якія неаднаразова станавіліся прызёрамі рэспубліканскіх чэмпіянатаў, — прызнаўся дырэктар школы. — Нашымі гімнастамі, якія штогод прымаюць удзел у еўрапейскіх і сусветных спаборніцтвах, асабліва Настассяй Алістратавай, у гэтым годзе яна будзе прадстаў­ляць Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Хакеістамі і футбалістамі, якія таксама неаднаразова заваёўвалі прызавыя месцы на дзіцячых і юнацкіх гульнях, футбалістамі. Асаблівая наша гордасць — батутысты. У школе каля 20 відаў спорту. І для кожнага дзіцяці ствараюцца ўмовы для заняткаў.

Начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь адзначыў, што адкрыццё любога спартыўнага аб’екта ў Гродне — гэта заўсёды свята, а музея спартыўнай славы — асаблівае свята, тым больш напярэдадні такога грандыёзнага сусветнага форуму, як Алімпійскія гульні. Ён выказаў упэўне­насць, што асноўныя спартыўныя дася­гненні сённяшніх школьнікаў яшчэ наперадзе, асабліва калі яны вучацца ў школе, дзе традыцыйна ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю спорту, створаны добрыя ўмовы для трэніровак і вучобы.

Павіншавалі юных спартсменаў з адкрыццём у школе музея намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “Белая Русь” Святлана Вараніца і майстар спорту міжнароднага класа трэнер-выкладчык Гродзенскай абласной спецыяльнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў “Нёман” Наталля Болціна.

— Гісторыя стварэння нашага музея бярэ свой пачатак з 2006 года, — расказала, праводзячы экскурсію для першых гасцей, кіраўнік музея Рэгіна Забурчык. — А сёлета дзякуючы пошукавай і даследчай рабоце, намаганням педагогаў, адміністрацыі, навучэнцаў, выпускнікоў, бацькоў і трэнераў, якія працуюць з нашымі дзецьмі, музей набыў сучасны выгляд. Экспанаты перададзены нашымі навучэнцамі, выпускнікамі-спартсменамі і трэнерамі. Менавіта іх поспехам і прысвечана экспазіцыя.

Многія вучні школы займаюцца хакеем з шайбай. У экспазіцыі “Хакей — гэта больш, чым спорт” прадстаўлены медалі і кубкі хакейнага клуба “Нёман”. Ёсць тут і хакейная клюшка з аўтографам братоў Маляўка, гульцоў ХК “Нёман”. Унікальная невялікая калекцыя шайб. Найбольш каштоўная з іх з аўтографам канадскага хакеіста Джона Хэнкока прывезена з Канады выпускніком школы, які гуляў за юніёрскую канадскую каманду Lynx.

Яшчэ адна экспазіцыя прысвечана выпускнікам і вучням, якія дасягнулі значных вынікаў у спорце. Сярод іх выпускнік 2017 года Аляксей Дудараў — член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па скачках на батуце, майстар спорту міжнароднага класа, неаднаразовы чэмпіён першынства свету і Еўропы ў камандных спаборніцтвах, неаднаразовы чэмпіён і прызёр  кубкаў і чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь. Некаторыя свае медалі са спаборніцтваў ён перадаў у школьны музей.

Медалі і кубкі, спартыўную форму перадалі школьнаму музею выпускнікі Ганна Траўкова — майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы міжнароднага класа, удзельніца чэмпіянату Еўропы па спартыўнай гімнастыцы ў 2016 і 2017 гадах, Станіслаў Яскевіч — майстар спорту Рэспублікі Беларусь па скачках на батуце, залаты прызёр у камандным першынстве сярод юніёраў чэмпіянату Еўропы па скачках на батуце ў Сочы ў 2021 годзе.

У гэтым годзе скончыла школу Настасся Алістратава — майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы міжнароднага класа, бронзавы прызёр II Еўрапейскіх гульняў у Мінску ў 2019 годзе.

Цікава, што музей дае магчымасць прасачыць спартыўныя дынастыі. Вельмі часта ў сем’ях спартсменаў дзеці таксама паказваюць высокія вынікі ў спорце. Так, мама Настассі Алістратавай у свой час займалася спартыўнай гімнастыкай, а ў юнай зоркі хакея Аляксандра Надудзіка бацька доўгі час займаўся хакеем з шайбай і дагэтуль застаецца ў хакеі. Школа су­працоўнічае з трэнерам Наталляй Болцінай, якая трэніруе спартсменаў па хакеі на траве, а яе сын Аляксандр, вучань сярэдняй школы № 2, таксама займаецца спортам.

Прадстаўлены ў музеі і дасягненні школы за многія гады. Установа адукацыі не раз займала прызавыя месцы ў розных спартыўных мерапрыемствах і неаднаразова станавілася “Самай спартыўнай школай”. Тут ганарацца не толькі вучнямі, якія займаюцца рознымі відамі спорту, але і педагогамі. Безумоўна, наперадзе ў іх новыя перамогі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.