За кожным з нас стаіць настаўнік

У летапіс гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка і сярэдняй школы № 83 Мінска імя Г.К.Жукава ўпісана важная падзея — падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве. Вучні педагагічных класаў школы атрымалі пасведчанні юнага педагога з рук дэкана гістарычнага факультэта ўніверсітэта. Ва ўрачыстай атмасферы юнакі і дзяўчаты прамовілі клятву педагога.

Паступіць без ЦТ?

“Штогод з нашага факультэта, атрымаўшы кваліфікацыю выкладчыка, у вялікае жыццё выходзяць каля 100 выпускнікоў, — вітаючы школьнікаў, адзначыла дэкан гістарычнага факультэта Вераніка Скок. — Сёння мы вядзём падрыхтоўку па наступных спецыяльнасцях: “Гісторыя. Грамадазнаўчыя дысцыпліны”, “Гісторыя. Экскурсійна-краязнаўчая работа”, “Гісторыя і сусветная мастацкая культура”. На спецыяльнасць “Гісторыя. Грамадазнаўчыя дысцыпліны” выпускнікі педкласаў могуць паступаць без уступных выпрабаванняў, толькі прайшоўшы субяседаванне. Гістарычны факультэт сёння — гэта адзін з найстарэйшых факультэтаў БДПУ, сучасны адукацыйны і навуковы цэнтр, вучэбныя, у тым ліку патокавыя, аўдыторыі якога аснашчаны сучасным абсталяваннем. Шырока ўкаранёны ў адукацыйны працэс факультэта анлайн-тэхналогіі. 

Сёння на гістарычным факультэце БДПУ імя Максіма Танка вучацца каля 500 студэнтаў І і ІІ ступеняў навучання, аспіранты і дактаранты, працуюць больш за 50 прафесараў-выкладчыкаў, 35 з якіх — кандыдаты навук, 7 — прафесары. На гістарычным факультэце дзейнічаюць кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў, усеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі, сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. У склад факультэта ўваходзіць беларуска-казахстанскі культурна-адукацыйны цэнтр і цэнтр іраназнаўства і вывучэння персідскай мовы.

Дэкан гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Вераніка СКОК: “Для таго каб быць добрым настаўнікам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і тых, каму выкладаеш. Прафесія настаўніка — самая высакародная і дастойная. Бо і вучонага, і касманаўта хтосьці навучыў іх справе. За кожным з нас стаіць настаўнік, на якога мы раўняемся, з якога хочам браць прыклад. Няма нічога даражэйшага для настаўніка, калі да яго падыходзяць яго вучні і проста гавораць “дзякуй”, ды так, што на вачах наварочваюцца слёзы”.

Што дае гістарычная адукацыя  

Большасць выпускнікоў гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка становяцца настаўнікамі гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін, а таксама дысцыплін, звязаных з мастацтвам. Сярод выпускнікоў факультэта — дырэктары школ і гімназій, музеяў, уладальнікі аграсядзіб і г.д. Так, дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк — выпускнік гістарычнага факультэта ўніверсітэта. Міністр адукацыі Ігар Карпенка таксама скончыў гэты ж факультэт. Сярод знакамітых выпускнікоў факультэта і рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой і загадчык Літаратурнага музея М.Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, а таксама дырэктар НІА Валянціна Гінчук. У нас можна атрымаць базавую гуманітарную адукацыю, а далейшы поспех чалавека будзе залежаць ад яго жадання, амбіцый, уменняў і навыкаў, якія ён набыў ва ўніверсітэце.

“Падчас вучобы на гістарычным факультэце вы пройдзеце шэраг цікавых практык, — звярнулася да школьнікаў Вераніка Скок. — Перш за ўсё, вытворчых: на 1 курсе гэта валанцёрская практыка, на 2-м — гістарычна-краязнаўчая і музейна-архіўная. Студэнты змогуць папрацаваць у музеі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальным гістарычным музеі, Нацыянальным архіве Беларусі і г.д. Пасля 3 курса яны пройдуць практыку ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі, напрыклад, стануць важатымі ў летніках. Далей іх чакае паўнавартасная педагагічная і пераддыпломная практыка на базе ўстаноў адукацыі Мінска ў якасці настаўнікаў, класных кіраўнікоў. Яшчэ адзін важны складнік студэнцтва — навуковае жыццё. На гістарычным факультэце дзейнічаюць чатыры студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі і навуковае таварыства. Маладыя людзі з поспехам удзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях і конкурсах, робяць першыя навуковыя публікацыі”.

Дырэктар сярэдняй школы № 83 Мінска імя Г.К.Жукава Глеб КАЛАЧЭЎСКІ: “На педагогах ляжыць вялікая адказнасць за выхаванне дзяцей. Яшчэ большая адказнасць павінна быць на людзях, якія выхоўваюць і вучаць самога педагога”.

Студэнт на адзін дзень

Бадай, самай займальнай традыцыяй факультэта і ўніверсітэта стаў праект “Студэнт на адзін дзень”. Кожны школьнік можа выбраць той факультэт, на якім ён хацеў бы вучыцца, аформіць заяўку і ўсё — ён студэнт, але на адзін дзень. У гэты дзень ён можа акунуцца ў жыццё студэнтаў выбранага факультэта: паслухаць лекцыі, наведаць практычныя, семінарскія і лабараторныя заняткі і г.д. У пэўнай ступені гэта дапаможа школьніку зразумець, ці на правільным ён шляху. Студэнты ўніверсітэта традыцыйна праходзяць практыку на базе ўстаноў адукацыі, разам з выкладчыкамі ўдзельнічаюць у прафарыентацыйных мерапрыемствах для школьнікаў, праводзяць урокі мужнасці ў рамках рэспубліканскай канферэнцыі, прысвечанай ВАВ. Нядаўна быў запушчаны адукацыйны праект “Дарогамі памяці” для школ і гімназій Мінска. Студэнты, выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, расказваюць вучням аб самай страшнай старонцы нашай гісторыі.

На базе аздараўленчага комплексу “Ракета” працуе педагагічны атрад гістарычнага факультэта “Равеснік”, дзе ў рамках другаснай занятасці студэнты могуць працаваць важатымі. Неад’емная частка прафесійнай адукацыі будучых педагогаў — працоўнае выхаванне, спартыўнае жыццё (універсітэцкая спартакіяда), грамадская дзейнасць (валанцёрская, цьютарская, работа студсавета, прафсаюзнага бюро студэнтаў і пярвічнай арганізацыі БРСМ). Яшчэ адзін модны і сучасны напрамак — адукацыйны турызм. Студэнты падарожнічаюць па ўжо існуючых адукацыйных маршрутах, а таксама распрацоўваюць свае экскурсійныя маршруты. Варта нагадаць і пра традыцыю ўніверсітэта, якой ужо больш за 50 гадоў, — “Зорныя паходы” студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.

Перавагі педпрафесіі

“З 2016 года ў нашай школе арганізавана профільнае навучанне педагагічнай накіраванасці на ІІІ ступені (10—11 класы). На павышаным узроўні ў 10—11 профільных класах вывучаюцца: замежная мова (англійская, нямецкая, французская), гісторыя Беларусі, руская мова, хімія, біялогія, а таксама факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, — расказаў дырэктар сярэдняй школы № 83 Мінска імя Г.К.Жукава Глеб Калачэўскі. — Каб трапіць у педклас, вучні павінны мець сярэдні бал атэстата аб базавай адукацыі не ніжэйшы за 7, па профільных прадметах адзнакі таксама павінны быць не ніжэйшыя за 7 балаў. На базе школы дзейнічае філіял кафедры факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка. Перавагі профільнага навучання прафесійнай педагагічнай накіраванасці ўжо ацанілі выпускнікі нашай школы і іх бацькі. Так, выпускніца нашага першага педкласа Таццяна Косарава сёння праходзіць у школе практыку, а з верасня 2022 года будзе працаваць настаўніцай пачатковых класаў. І нават калі выпускнікі школы не выберуць педагагічную прафесію, атрыманыя імі веды па педагогіцы і псіхалогіі спатрэбяцца ім у любым выпадку, перш за ўсё як будучым бацькам”.

Дыхаць педагогікай

Дзіма ДЭРЫК, вучань 11 (педагагічнага) класа сярэдняй школы № 83 Мінска імя Г.К.Жукава: “З дзяцінства мяне прыцягвалі гуманітарныя навукі, асабліва гісторыя, якую я вывучаў сам звыш школьнай праграмы. Мне вельмі падабаецца працаваць з архівамі. Я добра выступіў на раённай алімпіядзе па гісторыі. Жаданне звязаць сваё жыццё з педагогікай узнікла дзякуючы настаўніцы гісторыі Наталлі Янушкевіч. Захацелася стаць падобным на яе”.

Зарына ПАХОМ, вучаніца 10 (педагагічнага) класа сярэдняй школы № 83 Мінска імя Г.К.Жукава: “На мой погляд, сапраўдны педагог — гэта святы чалавек, які жыве гэтай прафесіяй, дыхае ёй, імкнецца дзяліцца сваімі ведамі з навакольнымі. У кожнага вучня ён укладвае часцінку сябе. Як педагогу ў будучыні мне цікава будзе бачыць вынікі сваёй работы ў дзецях, каб яны неслі ў жыццё тыя веды, якімі я з імі буду дзяліцца. На атрыманне педагагічнай прафесіі мяне натхнілі мае педагогі, падтрымалі ідэю і бацькі. Я захапляюся спевамі і танцамі, займаюся ў дзіцячай харэаграфічнай школе мастацтваў № 1. Думаю, у педагагічнай прафесіі  абавязкова знайду прымяненне сваім творчым здольнасцям”.

Вучні педкласаў у працэсе навучання збіраюць партфоліа, якое ўключае іх прафесійныя пробы ў выхаваўчых мерапрыемствах і на ўроках. Так, вучні 10-х педкласаў спрабуюць свае сілы ў пачатковых класах, дзе яны дапамагаюць настаўніку ў правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, класных гадзін, гадзін інфармавання. У 11 класе школьнікі ўжо праводзяць элементы ўрокаў або ўрокі па прадметах, у залежнасці ад выбраных імі прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні. Будучыя педагогі ўдзельнічаюць у раённым і гарадскім злётах педкласаў (летась праходзіў рэспубліканскі злёт), у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы”. Штогод выпускнікі педкласаў сярэдняй школы № 83 Мінска імя Г.К.Жукава выбіраюць педагогіку. У БДПУ імя Максіма Танка іх цікавяць наступныя факультэты: фізіка-матэматычны, гістарычны, пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі, сацыяльна-педагагічных тэхналогій, фізічнага выхавання.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.