За крок ад п’едэстала

- 11:19Спартыўныя падзеі

На Сусветнай летняй універсіядзе ў Неапалі скончыліся фінальныя спаборніцтвы ў кіданні молата. Беларусь у сектары для кідання прадстаўлялі студэнт Універсітэта Канзаса Глеб Дудараў і студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Юрый Васільчанка.

Глеб Дудараў спыніўся за крок ад п’едэстала з вынікам 72,35 м. Першае месца заваяваў прадстаўнік Турцыі Азкан Балтаджы (75,94 м). “Серабро” — у спартсмена з Украіны Сяргея Рэгеды (74,27 м), “бронза” — у Тэйлара Кэмпбэла з Вялікабрытаніі (73,86 м).

Юрый Васільчанка размясціўся на 6-м месцы з вынікам 71,59 м.

“Хлопцы паказалі сябе вельмі годна, — пракаменціраваў вынікі выступлення старшы трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Аляксандр Станіслававіч Мялешка. — Было відаць, што змагаліся да канца. Нам крыху непрывычна выступаць пры такіх тэмпературах — гэта пагоршыла фізічныя кандыцыі спартсменаў, але ўжо ў фінале працаваць было лягчэй.

Сапернікі на ўніверсіядзе вельмі моцныя, той жа прадстаўнік Фінляндыі Генры Ліпола ў гэтым сезоне кідаў молат за 75 м, але нават ён не змог справіцца з надвор’ем і напружаннем.

У апошняй спробе Глеба абагналі. Вельмі крыўдна. У прызёрах топ спартсмены сусветнага ўзроўню”.

Нагадаем, што рэкорд сусветнай універсіяды ўстаноўлены нашым суайчыннікам Іванам Ціханам 30 жніўня 2003 года ў Тэгу (Паўднёвая Карэя) — 82,77 м.

Наталля АЛЁХІНА.