За круглым сталом — ідэолагі

- 13:17Навіны рэгіёнаў

Упершыню на Гродзеншчыне ў абласным інстытуце развіцця адукацыі арганізаваны заняткі па павышэнні кваліфікацыі намеснікаў кіраўнікоў і спецыялістаў па ідэалагічнай рабоце.

Слухачамі курса “Развіццё арганізацыйна-кіраўнічай кампетэнцыі спецыялістаў у галіне ідэалагічнай работы” сталі прадстаўнікі самых розных працоўных калектываў: сельскагаспадарчых, прамысловых прадпрыемстваў, устаноў сацыяльнай сферы.

Першыя заняткі для слухачоў правёў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.

— Грамадства застаецца згуртаваным, у яго агульныя інтарэсы і самы галоўны з іх — развіццё і росквіт роднай Беларусі, — падкрэсліў Віктар Пранюк. — І ўсё ж хацелася б пачуць ад ідэалагічных работнікаў пытанні, якія яны лічаць важнымі для сваіх прадпрыемстваў, калектываў, пачуць голас з рэгіёнаў. Курс лекцый разлічаны на тое, каб слухачы маглі пазнаёміцца з грамадска-палітычным становішчам у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі, атрымаць навыкі работы з вялікімі групамі людзей, навыкі зносін, псіхалогіі, каб мець магчымасць вырашаць канфліктныя сітуацыі цывілізаваным шляхам. Гэта не толькі вучоба, але і зносіны, выпрацоўка агульнай пазіцыі.

У якасці выкладчыкаў былі запрошаны эксперты Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, Акадэміі Міні­стэрства ўнутраных спраў, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гро­дзенскага абл­выканкама.

У фармаце круглых сталоў былі абмеркаваны такія пытанні, як асноўныя напрамкі ўдасканалення ідэалагічнай работы ў рэгіёне, арганізацыйная культура як інструмент кіравання, камунікатыўная кампетэнтнасць ідэалагічнага работніка, роля грамадскіх арганізацый і інш.

Як расказала рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Сяргейка, інстытут праз новыя інтэрактыўныя формы, камунікатыўныя, групавыя, дыялогавыя метады будзе, з аднаго боку, разглядаць асаблівасці розных узроставых  груп — ад моладзі да сталых лю­дзей, метады і формы работы з імі, магчымасць стварэння ўмоў для самарэалізацыі. З другога боку, бу­дзе вучыць гэтым формам работы. У полі зроку і дапамога ідэолагам з боку грамадскіх арганізацый, лідараў аб’яднанняў.

— Заняткі плануецца зрабіць бесперапыннымі, — адзначыла Святлана Сяргейка. — На вочным курсе слухачы атрымаюць веды і ўменні па трактоўцы інфармацыі, інструментарый, з дапамогай якога можна дыягнаставаць праблемы на прадпрыемстве або ў арганізацыі. Затым слухачы будуць выконваць заданне: прааналізаваць праблему і скласці праграму, як яе вырашыць. Далейшае навучанне плануецца арганіза­ваць дыстанцыйна, магчыма, праз семінары. Кожны  тыдзень на вочныя заняткі будуць прыяз­джаць новыя слухачы, а дыстанцыйна іх колькасць будзе пастаянна расці. Такім чынам мы ствараем свое­асаблівую карпарацыю ідэолагаў Гродзеншчыны. І яны  пры неабходнасці змогуць дапамагаць адзі­н аднаму.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.