За межамі вучэбных сітуацый і сюжэтаў

- 14:35Якасць адукацыі

Колькасць інфармацыі і яе тэхнічных увасабленняў, якія афармляюць і складаюць жыццё чалавека, пастаянна прырастае. Гэтая акалічнасць ператварае жыццё ў шлях, падобны да аўтастрады, дзе неабходна кампетэнтна і імгненна рэагаваць на дынаміку сітуацый. Яна патрабуе ад чалавека пастаяннага засваення новай інфармацыі, абумоўлівае неабходнасць інтэнсіфікацыі навучання. Гэта кідае пэўныя выклікі сістэме адукацыі ў частцы вызначэння комплексу вядомых і стварэння новых мадыфікацый педагагічных сродкаў, а таксама выяўлення педагагічных умоў іх эфектыўнага ўкаранення ў адукацыйную практыку.
У сярэдняй школе № 3 Лепеля рэалізоўваецца творчы праект “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнтнасцей школьнікаў ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі” пад кіраўніцтвам дырэктара школы А.М.Бруцкага-Стампкоўскага.

Мэтазгоднасць ажыццяўлення творчага праекта абумоўлена сучаснымі тэндэнцыямі развіцця сістэмы адукацыі. Сёння ў свеце адбываецца інтэграцыя ва ўсіх галінах чалавечых ведаў і чалавечай дзейнасці: палітычнай, культурнай, эканамічнай, інфармацыйнай і г.д. Можна зрабіць несуцяшальную выснову, што дзяленне агульнай карціны свету і адасобленасць яе вывучэння, слабая сувязь паміж прадметамі абумоўлівае сур’ёзныя цяжкасці ў фарміраванні цэласнай карціны навучання, садзейнічае абмежаванаму ўспрыманню культуры. Значыць, усе вучэбныя прадметы існуюць кожны сам па сабе і не адпавядаюць сучасным рэаліям. Увядзенне метапрадметных кампетэнтнасцей у адукацыйны працэс — гэта адказ сістэмы адукацыі на патрабаванні часу і грамадства, якія патрабуюць ад школы выхавання ў яе падапечных умення “эфектыўна дзейнічаць за межамі вучэбных сітуацый і сюжэтаў” (В.А.Болатаў, У.У.Серыкаў).
Метапрадметныя кампетэнтнасці — гэта тыя кампетэнтнасці, якія выступаюць сродкамі і інструментамі і вызначаюць агульны напрамак і спосабы вырашэння пазнавальных праблем. Яны ўяўляюць сабой інтэграцыйную сукупнасць асобасна асэнсаваных ведаў, уменняў, каштоўнасных установак, якія дазваляюць навучэнцам эфектыўна ажыццяўляць самакіруемую дзейнасць па вырашэнні вучэбна-пазнавальных праблем, якая суправаджаецца авалоданнем неабходнымі для гэтага ведамі і ўменнямі па пошуку, здабыванні, перапрацоўцы, захаванні і выкарыстанні інфармацыі.
Мэта творчага праекта — укараніць мадэль фарміравання метапрадметных кампетэнтнасцей школьнікаў ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі і выявіць комплекс арганізацыйна-педагагічных умоў яе эфектыўнага функцыянавання ў практыцы работы ўстановы адукацыі.
Першы этап праекта прадугледжвае гатоўнасць школьніка эфектыўна выкарыстоўваць метапрадметныя кампетэнтнасці пры ўключэнні ў актыўную дзейнасць на вучэбных занятках наступных тыпаў: урок-гульня, урок-даследаванне, урок-канферэнцыя.
Для павышэння кваліфікацыі настаўнікаў праводзіліся вучэбны семінар “Метапрадметныя кампетэнтнасці”, семінар-практыкум “Маніторынг метапрадметных кампетэнтнасцей навучэнцаў ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі”, круглы стол “Гульня як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці”.
* * *
У снежні 2014 — студзені 2015 года прайшла панарама адкрытых урокаў па ўкараненні гульнявых прыёмаў і сітуацый на ўроках гісторыі, біялогіі, матэматыкі, рускай мовы, якія выступаюць як сродак заахвочвання і стымулявання навучэнцаў да актыўнай вучэбнай дзейнасці. Гульня — гэта ўнікальны механізм акумуляцыі і перадачы сацыяльнага вопыту, як практычнага — па авалоданні сродкамі рашэння задач, так і этычнага, звязанага з пэўнымі правіламі і нормамі паводзін у розных сітуацыях. З’яўленне гульнявога метаду звязана з патрабаваннямі павышэння эфектыўнасці навучання за кошт больш эфектыўнага ўключэння навучэнцаў у працэс не толькі атрымання, але і непасрэднага выкарыстання ведаў. Пры дапамозе гульні больш актыўна і хутка адбываецца ўзбуджэнне пазнавальнага інтарэсу. Гульня эмацыянальная па сваёй прыродзе, таму здольная нават самую сухую інфармацыю ажывіць і зрабіць яркай, запамінальнай.
Ідэя ўрока рускай мовы ў 6 класе (настаўніца С.І.Драбышэўская) — паказ работы рэдакцыі часопіса “Любознайка”, падрыхтоўка і выданне выпуску “Имя существительное — часть речи удивительная”. Рэдакцыя часопіса — творчы праект — дзелавая гульня шасцікласнікаў. У рэдакцыі працуе 5 аддзелаў: адбору інфармацыі, карэспандэнцыі, рэкламы, рэдагавання, афармлення і падрыхтоўкі да друку. На працягу ўрока аддзелы не толькі выконваюць сваю работу, але і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Такім чынам, нават настаўнік, “галоўны рэдактар”, у пачатку работы над кожным з выпускаў не ведае, якім будзе вынік. Вядома толькі, што часопіс павінен складацца з некалькіх старонак, кожная з якіх прадставіць рубрыку — этап работы над тэмай.
Гэтая гульня садзейнічала развіццю актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў (работа з
“Тлумачальным слоўнікам рускай мовы” С.І.Ожагава і “Школьным словаўтваральным слоўнікам рускай мовы” падрэдакцыяй А.М.Бардовіча), стымуляванню і развіццю разумовай дзейнасці (пастаноўка і вырашэнне праблемы, вызначэнне і тлумачэнне паняццяў, аналіз, параўнанне, выдзяленне галоўнага ў адказах), а таксама прадастаўленню навучэнцам магчымасці для развіцця крытычнага мыслення пры засваенні інфармацыі; арганізацыі сітуацый для развіцця выразнага вуснага і пісьмовага маўлення навучэнцаў; развіццю ўзаемакантролю і самакантролю за вучэбнай дзейнасцю. Акрамя таго, сродкамі матэрыялаў урока аказваўся ўплыў на выхаванне ў навучэнцаў любові да роднага краю.
Такія дзейнасна-арыентацыйныя прыёмы, як дыферэнцыраваная работа ў групах, вуснае выказванне, свабодны відэадыктант, збор інфармацыі (работа з падручнікам), устанаўленне адпаведнасці паміж прапанаванымі назоўнікамі і іх марфалагічнымі прыкметамі (заданне “Для смелых”), работа па складанні словазлучэнняў у зададзенай граматычнай катэгорыі склону, работа з дэфармаванымі сказамі (“Сінтаксічная галаваломка”) і інш., фарміравалі ўнутраную пазіцыю школьнікаў, асобасную матывацыю да вучэбнай дзейнасці, арыентацыю на маральныя нормы і іх выкананне.
Асобаснымі мэтамі для навучэнцаў было заахвочванне да выкарыстання фантазіі, уяўлення пры выкананні вучэбных дзеянняў, фарміраванне пазітыўных адносін да сябе і навакольнага свету, развіццё ўмення задаваць пытанні, фарміраванне жадання выконваць вучэбныя дзеянні, павышэнне матывацыі да вучэбнай дзейнасці.

* * *

Урок біялогіі ў 10 класе (настаўніца А.А.Цыганкова) — урок вывучэння новага матэрыялу з выкарыстаннем ІКТ у форме дзелавой гульні “Семінар біяфізікаў”. Клас падзелены на групы такім чынам, каб у кожнай былі лідары, навучэнцы з высокай ступенню навучанасці і даверу аднакласнікаў. Дзеці ў групах падабраны з розным тэмпераментам і розным тыпам мыслення, што дапамагло дасягнуць пастаўленых мэт.
Праблема фармулявалася так, каб школьнікі, вырашаючы яе, выконвалі ў групе заданні і вывучалі механізм працякання фотасінтэзу са складаннем канчатковага прадукту ўрока — памяткі, выкананай на ватмане. На ўроку ствараецца творчая дзелавая атмасфера, якая прымушае навучэнцаў прымаць правільныя рашэнні ва ўмовах недахопу часу, непаўнаты інфармацыі, процідзеяння іншых удзельнікаў гульні. У заключнай частцы ўрока навучэнцамі праведзена самаацэнка як сваіх дзеянняў, так і дзеянняў аднакласнікаў.
Падчас урока навучэнцы самастойна ставілі асобаснанеабходныя вучэбныя і жыццёвыя задачы і вызначалі, якія веды трэба набыць для іх вырашэння; супастаўлялі, адбіралі і правяралі інфармацыю, атрыманую з розных крыніц, для паспяховага прасоўвання па самастойна выбранай адукацыйнай траекторыі; ператваралі інфармацыю з аднаго віду ў іншы і выбіралі зручную для сябе форму фіксацыі і прадстаўлення інфармацыі; аналізавалі, параўноўвалі і тлумачылі біялагічныя з’явы; пры неабходнасці карэктна пераконвалі іншых у праўдзівасці сваёй пазіцыі (пункту гледжання); вучыліся разумець сістэму поглядаў і інтарэсаў іншага чалавека. Такой формай урока настаўніца стварала ўмовы для фарміравання асобасных універсальных вучэбных дзеянняў: жадання выконваць вучэбныя дзеянні; праяўляць цікавасць да навакольнага свету і да сябе; камунікатыўных УВД: умець вызначаць мэты, функцыі ўдзельнікаў групы, спосабы ўзаемадзеяння; умець выказваць свае думкі, тлумачыць свой выбар, адказваць на пастаўленае пытанне, аргументаваць; развіваць кампетэнтнасці ў галіне ІКТ; рэгулятыўных УВД: самастойна выяўляць і фармуляваць праблему ў класнай, групавой і індывідуальнай вучэбнай дзейнасці; умець ацэньваць ступень паспяховасці сваёй індывідуальнай адукацыйнай дзейнасці.

* * *

Урок матэматыкі ў 8 класе (настаўніца В.К.Бруцкая-Стампкоўская) праводзіўся ў форме дзелавой гульні “Правядзенне тэндара паміж будаўнічымі фірмамі”, падчас якой кожнаму навучэнцу неабходна было максімальна мабілізаваць веды, вопыт, фантазію, каб знайсці правільную лінію рашэння праблемнай задачы: напрыканцы ўрока кожная фірма (у асобе дызайнера) дэманструе і абараняе свой праект укладкі паркету, прадстаўляе ўсе разлікі і ўзор укладкі паркету, выкананы з каляровай паперы (паркетныя пліткі маюць форму прамавугольных трохвугольнікаў, раўнабедраных трохвугольнікаў, паралелаграмаў і раўнабедраных трапецый; памеры плітак у сантыметрах указаны на малюнку). Падчас урока кіраўнікі (менеджары) максімальна эфектыўна арганізоўваюць работу сваіх фірм, пастаўшчыкі і эканамісты разлічваюць неабходную колькасць паркетных плітак, паркетчыкі і дызайнеры разглядаюць розныя спосабы яе ўкладкі і выбіраюць найбольш удалы варыянт спалучэння колераў плітак паркету. Кожная фірма стараецца стварыць найбольш прыгожы малюнак з адной і той жа пліткі. Асаблівую каштоўнасць мае тое, што справа не зводзілася толькі да механічнага выкарыстання праграмнага матэрыялу. Асноўная ідэя гульні заключалася ў тым, каб стварыць вытворчую сітуацыю, у якой навучэнцы, паставіўшы сябе на месца чалавека той ці іншай спецыяльнасці, змаглі ўбачыць і ацаніць значэнне матэматычных ведаў у вытворчай працы і прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Дзякуючы спаборніцкаму характару дзелавой гульні, актывізавалася фантазія ўдзельнікаў, што дапамагала ім знаходзіць індывідуальныя рашэнні пастаўленай задачы. У працэсе ўрока ствараліся ўмовы, пры якіх навучэнцы маглі праявіць свае дзелавыя якасці, уменне прэзентаваць сябе на рынку працы, уменне кіраваць калектывам, ініцыятыўнасць, смеласць, камунікатыўнасць і інш.

* * *

Урок сусветнай гісторыі ў 9 “Б” класе (настаўнік Н.Р.Міхно) — урок абагульнення “Расійская дзяржава” з выкарыстаннем ІКТ у форме гульні-конкурсу. Асноўная ідэя гульні — паставіць навучэнцаў ва ўмовы пошуку і адбору неабходнай інфармацыі праз калектыўнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне для вырашэння неабходнай вучэбнай задачы.
Клас быў падзелены на 3 каманды. У кожнай камандзе выбралі лідара, каардынатара і выканаўцу. Пры выкананні пэўных заданняў навучэнцы ўзаемадзейнічалі і супрацоўнічалі, планавалі, размяркоўвалі задачы і ролі, каардынавалі свае дзеянні з дзеяннямі іншых членаў групы, ажыццяўлялі калектыўнае падвядзенне вынікаў, раздзяляючы адказнасць з членамі каманды. Школьнікі працавалі ў адным тэмпе, зразумела фармулявалі думкі, улічвалі свае магчымасці і магчымасці членаў групы для вырашэння ўсіх пастаўленых задач (сітуацый), якія навучэнцам неабходна было вырашыць і на якія знайсці адказы, а гатовых спосабаў і сродкаў для гэтага настаўнік не прапаноўваў. Сітуацыі прадугледжвалі самастойнае знаходжанне спосабу дзеяння.
На гэтым уроку абагульнення навучэнцам неабходна было аднавіць у памяці пройдзены матэрыял, але не ў выглядзе простага паўтарэння, а з іншага пункту гледжання — уласнага бачання вырашэння вучэбнай сітуацыі. Гэта забяспечвалася разнастайнымі, разнапланавымі вучэбнымі задачамі і метадычнымі прыёмамі з улікам узроставых і псіхалагічных асаблівасцей дзяцей.
У гэтай гульні фарміраваліся маральныя якасці асобы: актыўная грамадзянская пазіцыя, асобаснае развіццё, ідэі гуманізму і патрыятызму. На ўроку стваралася поле зносін для навучэнцаў, у выніку чаго яны вучыліся самастойна прымаць рашэнні, спраўляцца са сваёй трывожнасцю, адкрыта выказваць жыццёвую пазіцыю, развіваць моцныя бакі свайго характару.

* * *

Урок матэматыкі ў 2 класе па тэме “Замацаванне складання і аднімання двухзначных лікаў у межах 100” (настаўнік З.В.Судак) праводзіўся ў форме падарожжа ў казку, што садзейнічала ўцягненню ўсіх навучэнцаў класа ў актыўны працэс навучання. Казачны пачатак і ход урока (па казцы пра Івана Царэвіча і Васілісу Прыгожую) дазволілі стварыць эмацыянальны настрой на работу і забяспечыць у навучэнцаў неабходную матывацыю, ажывілі вучэбную дзейнасць. Кожны этап меў сваю завершанасць і свой лагічны пераход да іншага этапу. На ўроку прасочвалася актыўнасць навучэнцаў дзякуючы выкарыстанню разнастайных відаў дзейнасці, якія выклікалі ў дзяцей цікавасць, жаданне працаваць. Выкананне заданняў садзейнічала развіццю наступных метапрадметных кампетэнтнасцей: рэгулятыўных (разумець, прымаць і захоўваць вучэбную задачу, ажыццяўляць самакантроль і самаацэнку вучэбных дзеянняў, вучыцца разам з настаўнікам выяўляць і фармуляваць вучэбную праблему); пазнавальных (арыентавацца ў прапанаваным матэрыяле, знаходзіць патрэбную інфармацыю, ацэньваць правільнасць рашэння прыкладаў, выбіраць з прапанаваных варыянтаў больш рацыянальны); камунікатыўных (працягваць развіваць у навучэнцаў уменне весці дыялог з настаўнікам, фарміраваць уменне працаваць у пары, знаходзіць агульнае рашэнне, уменне аргументаваць сваю прапанову); асобасных (развіваць станоўчыя адносіны навучэнцаў да вывучэння матэматыкі, цікавасць да розных відаў дзейнасці).
Працэс фарміравання метапрадметных кампетэнтнасцей арганічна ўбудоўваецца ў працэс асваення розных прадметных галін. З аднаго боку, метапрадметныя кампетэнтнасці з’яўляюцца асновай для фарміравання рознапрадметных акадэмічных кампетэнтнасцей, а з іншага, пры асваенні прадметных галін ідзе ўдасканальванне і “насычэнне” канкрэтным зместам метапрадметных кампетэнтнасцей.

Раіса ІВАНКІЎ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 3 Лепеля 
Віцебскай вобласці.