За новымі перамогамі — у Тайвань!

Беларускія спартсмены адправіліся на ХХІХ Сусветную летнюю ўніверсіяду

17 жніўня ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь адбыліся провады беларускай спартыўнай дэлегацыі на ХХІХ Сусветную летнюю ўніверсіяду, якая пройдзе з 19 па 30 жніўня ў Тайбэі (Тайвань) пад эгідай Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FISU).

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел міністр адукацыі І.В.Карпенка, намеснік міністра спорту і турызму М.П.Партной, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Э.Ю.Сакалоўская, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, чэмпіён летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года, сярэбраны прызёр летніх Алімпійскіх гульняў 2012 года ў складзе экіпажа каноэ-двойкі А.В.Багдановіч, а таксама члены беларускай спартыўнай дэлегацыі — студэнты-спартсмены і трэнеры.

Ад нашай краіны на міжнародным спартыўным форуме выступяць 34 атлеты, якія прадстаўляюць 13 беларускіх УВА: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Беларусы прымуць удзел у спаборніцтвах па 9 відах спорту: фехтаванне, цяжкая атлетыка, тэквандо, плаванне, ролерспорт, настольны тэніс, лёгкая атлетыка, ушу, мастацкая гімнастыка.

У дэлегацыю ўвайшлі славутая беларуска Дар’я Навумава, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2016 года ў спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы; Эльвіра Герман, неаднаразовы прызёр міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы ў бар’ерным бегу; Павел Барэйша, сярэбраны прызёр Сусветнай летняй універсіяды 2015 года ў кіданні молата, і іншыя вопытныя спартсмены.

Міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка выказаў падзяку юным спартсменам за асабісты ўклад у развіццё беларускага спорту.

— Сёння мы праводзім лепшых прадстаўнікоў спартыўнага студэнцтва нашай краіны на ХХІХ Сусветную летнюю ўніверсіяду, — адзначыў міністр. — Гэты найбуйнейшы міжнародны спартыўны форум прыме каля 11 тысяч удзельнікаў з больш чым 130 краін свету, якія будуць змагацца за 275 камплектаў медалёў у 24 відах спорту. Выступленне на гэтых прэстыжных спаборніцтвах — вялікі гонар як для спартсменаў, так і для нашай краіны ў цэлым. Рады бачыць сярод вас знаёмых атлетаў, чые перамогі ўжо неаднаразова праслаўлялі Беларусь на міжнароднай арэне. Рэспубліка Беларусь даўно і паспяхова ўдзельнічае ў спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту. І нам ёсць чым ганарыцца. На апошняй Сусветнай летняй універсіядзе 2015 года ў Кванджу, у якой прымалі ўдзел некаторыя з тых спартсменаў і трэнераў, што знаходзяцца сёння сярод нас (плыўцы Віктар Стасяловіч, Антон Латкін, Ілья Шымановіч, трэнер Ігар Аляксеевіч Макееў), беларусы заваявалі 12 медалёў, а ў 2013 годзе ў Казані паставілі рэкорд — прынеслі ў скарбонку зборнай 40 узнагарод! Важна раўнавацца на нашы папярэднія дасягненні і паспрабаваць іх пераўзысці.

Універсіяда — гэта перш за ўсё маштабнае спартыўнае свята, якое прадастаўляе студэнтам унікальную магчымасць найбольш поўна рэалізавацца праз спорт. Кожная альма-матар імкнецца дапамагчы сваім выхаванцам развіць здольнасці і таленты, навучыць плённа іх выкарыстоўваць. На ўніверсіядзе ў юных спартсменаў з Беларусі будзе шанс наладзіць сяброўскія сувязі з прадстаўнікамі розных краін свету, расказаць ім аб нашай краіне і ў сумленнай канкурэнтнай барацьбе даказаць сабе і іншым, што яны здольны на многае. Універсіяда давала штуршок шматлікім, цяпер ужо знакамітым, спартсменам, такім як плыўчыха Аляксандра Герасіменя, лёгкаатлетка Аліна Талай, гімнастка Любоў Чаркашына, а таксама Марыя Мамашук, якая заваявала “серабро” Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра ў вольнай барацьбе.

— Мы прынялі праграму развіцця студэнцкага спорту, — адзначыў міністр адукацыі І.В.Карпенка. — Важна, каб усе зацікаўленыя падключыліся да яе рэалізацыі. Мы падтрымліваем нашых спартсменаў, выступаем за развіццё масавага спорту, за тое, каб у школах адкрываліся спартыўныя класы. Сёння разглядаецца пытанне аб прадастаўленні маладым спартсменам шэрагу прэферэнцый пры паступленні ва ўніверсітэты. У вышэйшай школе наша задача — стварыць максімальна камфортныя ўмовы для таго, каб студэнты атрымлівалі якасную адукацыю, якая дазволіць ім будаваць сваю спартыўную кар’еру.

Са словамі падтрымкі спартсменаў выступіў намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пятровіч Партной: “Самая лепшая ідэалогія — гэта калі пад роў трыбун узнімаецца сцяг нашай краіны і гучыць гімн. Вы з гэтым паспяхова спраўляецеся. Жадаю кожнаму з вас спартыўнай удачы, прадэманстраваць падчас спаборніцтваў усё сваё спартыўнае майстэрства”.

— Студэнцкі спорт набірае абароты ва ўсім свеце, — падкрэсліў старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Віктаравіч Багдановіч. — Гэта тая база, на якую вы можаце абапірацца. Ва ўніверсітэце пры неабходнасці вы можаце нават перачакаць той момант, калі ў вас нешта не атрымліваецца, калі не ўдаецца дасягнуць жаданых вынікаў. Вам заўсёды пойдуць насустрач, дапамогуць павысіць спартыўнае майстэрства. Жадаю вам у чарговы раз праславіць нашу краіну.

Напрыканцы сустрэчы міністр адукацыі І.В.Карпенка з гонарам ўручыў Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь удзельніку беларускай спартыўнай дэлегацыі Ільі Шымановічу.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.