За пакіданне дзяцей у небяспецы — крымінальная адказнасць

- 11:05Сацыяльны ракурс

Лета — гэта час, які кожны імкнецца правесці з максімальнай карысцю для сябе. Як правіла, у спякотныя дні большасць дарослых і дзяцей аддаюць перавагу адпачынку ля вады, выязджаюць на гарадскія пляжы ці шукаюць уратавання ад пякучага сонца на аддаленых ад населеных пунктаў берагах рэк ці азёр. На жаль, не заўсёды такі адпачынак заканчваецца добра: з-за парушэнняў правіл бяспекі на вадзе Асвод штогод абнаўляе афіцыйную трагічную статыстыку па ўтапленнях.

Яшчэ раз нагадаць правілы паводзін  ля вады і на вадзе, якія заўсёды будуць актуальнымі, а таксама вызначыць асноўныя памылкі,  якія прыводзяць да гібелі людзей падчас купання, згадзіўся начальнік аддзела рэспубліканскай вадалазна-выратавальнай службы Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах (АСВОД) Алег Генадзьевіч Баразна.

Пачатку купальнага сезона чакаюць не толькі тыя, хто любіць адпачываць ля вады, але і прадстаўнікі Асвода. Да таго моманту, пакуль купанне ў вадаёмах афіцыйна не адкрыта, ратавальнікі займаюцца падрыхтоўкай пляжаў і месцаў для купання.

Сёння ў нашай краіне, як паведаміў Алег Баразна, налічваецца 423 пляжы, прычым больш за ўсё (а гэта звыш 100) — у Мінскай вобласці. Што тычыцца выратавальных станцый, якія размяшчаюцца побач з пляжамі, іх у нашай краіне 66, выратавальных пастоў — 147, 39 з якіх сезонныя (дзейнічаюць з мая па верасень).

У дачыненні да забароненых для купання месцаў дзейнічаюць асаблівыя правілы. Калі прадстаўнікам арганізацыі трапяць на вочы тыя, хто плавае ў забароненых месцах, іх чакае пакаранне — адміністрацыйны штраф ад 1 да 3 базавых велічынь.

— Выратавальныя пасты бываюць сезонныя і пастаянныя, — тлумачыць начальнік вадалазна-выратавальнай службы. Разам з афіцыйна дазволенымі месцамі для купання ёсць і тыя, дзе плаваць забаронена. Справа ў тым, што ў забароненых месцах ратавальнікаў паблізу няма. А гэта значыць, што ў выпадку, калі спатрэбіцца дапамога, аказаць яе ніхто не зможа. Яшчэ адзін момант: абсталяваныя пляжы маюць умовы для добрага адпачынку і з кожным годам паляпшаюцца. Дарэчы, у Мінскай вобласці сёлета купанне наогул дазволена толькі на абсталяваных пляжах.

Прадстаўнік Асвода нагадаў, што ў дачыненні да забароненых для купання месцаў дзейнічаюць асаблівыя правілы. Калі прадстаўнікам арганізацыі трапяць на вочы тыя, хто плавае ў забароненых месцах, іх чакае пакаранне — адміністрацыйны штраф ад 1 да 3 базавых велічынь.

“Дарэчы, было б не лішнім і зімой за выхад на яшчэ не трывалы лёд увесці адпаведнае пакаранне. Людзі ні летам, ні зімой не думаюць пра сваю бяспеку, рызыкуюць жыццём дзеля таго, каб атрымаць некалькіхвіліннае задавальненне — нырнуць, дзе нельга, ці палавіць рыбу там, дзе забаронена. Але трэба разумець, што мы не ставім сваёй задачай даць чалавеку штраф. Мы імкнёмся да таго, каб папярэдзіць гібель і няшчасныя выпадкі, якіх, на жаль, з кожным годам менш не становіцца”, — канстатуе А.Г.Баразна.

На памылках вучацца?

Штогод, нягледзячы на шматлікія заклікі прадстаўнікоў Асвода не пакідаць дзяцей адных без нагляду ля вады, дарослыя здзяйсняюць адну і тую ж памылку.

“Калі на вадзе гінуць дзеці ва ўзросце да 10—12 гадоў, гэта віна дарослых, — упэўнены спецыяліст Таварыства ратавання на водах. — Да гэтага ўзросту дзеці павінны знаходзіцца пад абавязковым наглядам мамы ці таты. Што тычыцца старэйшых дзяцей, якім ад 12 да 18 гадоў, часцей за ўсё прычынай іх гібелі з’яўляюцца свавольствы на вадзе, а таксама невыкананне правіл паводзін на водах. Сёлета прычынай большасці выпадкаў, звязаных з гібеллю дзяцей, стала іх спроба дапамагчы тым, хто тоне, ці пакіданне непаўналетніх без нагляду, пра што я заўсёды і гавару”.

Няшчасны выпадак здарыўся ў чэрвені ў Смаргонскім раёне непадалёк вёскі Асінаўка, дзе загінула 10-гадовая дзяўчынка. Днём яна разам з 13-гадовай сяброўкай пайшла на вадаём. Бацькоў пра гэта дзяўчынкі не папярэдзілі.

Калі 13-гадовая дзяўчынка зайшла ў вадаём па бетонных плітах, яна паслізнулася і ўпала ў ваду. Плаваць яна не ўмела. На дапамогу сяброўцы кінулася 10-гадовая дзяўчынка, якая ўмела плаваць. Яна ўжо знаходзілася ў вадзе, але, спрабуючы выратаваць сяброўку, патанула. Цела дзіцяці дасталі ратавальнікі.

Ці вось яшчэ выпадак. 7 чэрвеня ў Хоцімскім раёне падчас купання патанула 16-гадовая дзяўчына. Кампанія дзяцей і падлеткаў знаходзіліся на беразе без дарослых. Месца, дзе збіраліся купацца дзеці, для гэтага не было прызначана. Хлопчыка і дзяўчыну, якія зайшлі ў ваду, рэзка пачало несці па цячэнні. Дзеці, якія заставаліся на беразе, спрабавалі дапамагчы, яны працягвалі палкі, хацелі дацягнуцца рукамі да сяброў. На жаль, з вады выбраўся толькі хлопчык, дзяўчыне дапамагчы не ўдалося.

Большасць няшчасных здарэнняў з удзе­лам дзяцей адбываецца тады, калі яны застаюцца без нагляду: ні ў якім разе нельга дзяцей адных пакідаць ля вады!

На наступны дзень, 8 чэрвеня, адбыліся адразу 2 трагедыі ў Гомельскай вобласці. 15-гадовы падлетак адпачываў з сябрамі ля вады. Праз нейкі час хлопец вырашыў паплаваць, ён адплыў на 15 метраў ад берага, знік пад вадой і не выплыў. Цела хлопца шукалі прадстаўнікі Асвода.

А ў Хойніцкім раёне 14-гадовы хлопчык адпачываў разам з мамай ля кар’ера. Падчас нырання падлетак атрымаў траўму шыйных пазванкоў і не змог самастойна выбрацца з вады. Мама дапамагла сыну, дастала яго, а пасля выклікала хуткую дапамогу, якая шпіталізавала дзіця.

“Аналізуючы ўсе выпадкі, можна зрабіць выснову, што большасць няшчасных здарэнняў з удзелам дзяцей адбываецца тады, калі яны застаюцца без нагляду. Не пера­стану звяртацца да дарослых: калі ласка, ні ў якім разе нельга дзяцей адных пакідаць ля вады, — заклікае Алег Генадзьевіч.—  Нельга гэтага рабіць, нават калі бацькі ўпэўнены, што іх дзіця ўмее плаваць. Па-першае, непаўналетняму можа не хапіць сіл, каб утрымацца на воднай паверхні. Па-другое, ніхто не ведае, што дзіця можа прыдумаць. Магчыма, яму захочацца пасваволіць ці камусьці нешта даказаць. Менавіта па гэтай прычыне нельга пакідаць дзяцей адных! Паверце, гэтай меры будзе дастаткова, каб у некалькі разоў паменшыць колькасць няшчасных выпадкаў, якія адбываюцца на вадзе”.

Чарговае здарэнне адбылося ў Віцебскім раёне. 14-гадовая дзяўчынка адправілася з іншымі дзецьмі купацца на раку Сухадроўка. Зразумела, дарослых побач не было. У нейкі момант яна ўбачыла, як тоне 8-гадовы хлопчык, і кінулася яго ратаваць. Хлопчыка дзяўчынка паспела выштурхнуць да берага, але сама пасля гэтага пачала та­нуць. Бачачы гэта, дзеці пабеглі ў вёску, да бацькі дзяўчынкі. Мужчына дастаў з вады цела сваёй дачкі, аднак ужо было позна. Медыкі,  якія прыбылі на месца здарэння, канстатавалі смерць дзіцяці.

Сёлета ў сумнай статыстыцы па гібелі на вадзе ёсць трагічныя выпадкі, калі дзеці тонуць разам з бацькамі.

Так, у адзін з дзён 2 сям’і паехалі адпачываць на бераг Дняпра. Падчас купання 8-гадовая дзяўчынка стала тануць. Ёй на дапамогу кінуліся яе 33-гадовая маці і 9-гадовая дзяўчынка з іншай сям’і. Рыбакі, якія знахо­дзіліся побач, убачылі гэта і кінуліся на дапамогу жанчыне з дзецьмі. Але, на жаль, мужчыны паспелі выратаваць толькі адно дзіця. Дзяўчынка была дастаўлена ў бальніцу ў цяжкім стане. Цела жанчыны і яе 8-гадовай дачкі даставалі  з вады супрацоўнікі МНС і работнікі Асвода.

Асобную статыстыку Асвод вядзе ў дачыненні да дарослых, якія гінуць на вадзе. Алег Генадзьевіч расказаў, што з году ў год сітуацыя аналагічная: у 80% іх гібелі на вадзе прычынай з’яўляецца алкагольнае ап’яненне.

“Усяго з пачатку года на тэрыторыі краіны загінулі 224 чалавекі, 11 з якіх — непаўналетнія, — агучвае статыстыку Алег Баразна. — Дарэчы, калі выключыць са спіса дзяцей, то з 213 чалавек, якія патанулі, 91 знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Гэта папярэдняя прычына гібелі. Яшчэ адной прычынай з’яўляецца неналежнае стаўленне да свайго здароўя. Калі  ведаеце, што ў вас хворае сэрца ці фіксуюцца скачкі ціску, ад плавання на глыбокіх месцах лепш адмовіцца. У такім выпадку аптымальны варыянт — зайсці ў ваду па калена, абліцца вадой і выйсці на бераг. Ні ў якім разе нельга арганізоўваць заплывы ці іншыя спаборніцтвы. Такім геройствам нікому нічога не дакажаш, затое лёгка можна нашкодзіць сабе. Відавочна, элементарнае выкананне правіл знахо­джання людзей на водах дазволіць пазбегнуць няшчасных выпадкаў. На жаль, многія думаюць, што іх “пранясе” і нічога не здарыцца. Падобныя гісторыі не рэдкасць”.

Збег абставін ці недагляд бацькоў?

Галаўным болем для ратавальнікаў з’яўляецца гібель людзей у месцах, забароненых для купання. Такія здарэнні, кажа Алег Генадзьевіч, адбываюцца з году ў год.

“Кожнае лета дарослае насельніцтва гіне на тэрыторыях, якія забаронены для купання. У асноўным усе няшчасныя выпадкі адбываюцца ці ў месцах, якія не прызначаны для купання, ці на “дзікіх” пляжах, дзе няма выратавальных службаў. Так адбываецца, таму што людзі прывыклі купацца там, дзе рабілі гэта яшчэ ў дзяцінстве. Але такія месцы нельга назваць пляжам. У тых месцах, дзе знаходзяцца выратавальныя службы, чысціцца дно акваторыі ад пабочных прадметаў. А рызыка атрымаць траўмы ці стаць ахвярай няшчаснага выпадку мінімальная, таму што побач знаходзяцца ратавальнікі. Месцы, якія не з’яўляюцца афіцыйнымі пляжамі, не даследаваны. Ніхто не ведае, што там ляжыць на дне, а значыць, рызыка атрымаць траўму даволі вялікая. Чалавек, калі ідзе купацца ў забароненае месца, вельмі рызыкуе сваім здароўем. Сёлета ў Мінску на мосце праз Свіслач мужчына лавіў рыбу, пацягнуўся за вудачкай і ўпаў праз мост у ваду. У выніку зламаў пазваночнік. Вельмі шмат выпадкаў траўміравання здараецца пасля скачкоў з дамб, тарзанак. Ідучы на такі крок, спрабуючы скокнуць з дамбы, тарзанкі ці ў незнаёмы вадаём, задумайцеся, ці гатовы вы рызыкаваць сваім здароўем”.

Сярод сумных лічбаў статыстыкі ёсць і прыемныя навіны. З пачатку года ратавальнікі дасталі з вады 165 чалавек, 40 з якіх непаўналетнія. Усе яны былі выратаваны.

“Разам з гэтым варта адзначыць, што з 224 чалавек, якія патанулі, менавіта падчас купання загінулі 66 чалавек. Усе астатнія выпадкі — гэта выпадковае падзенне ў ваду, падзенне з лодкі, а таксама дамашнія ванны. Дарэчы, сёлета ўжо былі зафіксаваны і 2 выпадкі, калі людзі на аўтамабілях тонуць у вадзе. 28 чэрвеня кампанія з чатырох маладых людзей рыбачыла на беразе вадаёма ў Бабруйскім раёне. Калі ўжо вярталіся дадому ўздоўж берага, вадзіцель не справіўся з кіраваннем і машына перакулілася ў ваду. Пазней у салоне аўтамабіля знайшлі целы чацвярых мужчын. Падобны выпадак адбыўся таксама ў Брэсце. Двое сяброў паехалі лавіць рыбу. Праз некаторы час адзін з іх адправіўся дадому, а другі яшчэ застаўся рыбачыць. На наступны дзень малады чалавек дадому не вярнуўся. Родныя занепакоіліся. У выніку машыну з целам з вады даставалі ратавальнікі”, — прыводзіць прыклады А.Г.Баразна.

У дачыненні да выпадкаў, калі дзеці гінуць на вадзе з-за недагляду дарослых, павінен працаваць артыкул 159 Крымінальнага кодэкса  “Пакіданне ў небяспецы”.

Утапленні, як заўважыў Алег Генадзьевіч, адбываюцца не толькі ў натуральных ці штучных вадаёмах, але і ў бочках, цыстэрнах. Такія выпадкі — гэта, як правіла, збег абставін, але з дарослых ніхто адказнасці не здымае.

“У гэтым годзе такія здарэнні не фіксаваліся, затое мінулым летам быў выпадак, калі тата паехаў з сынам на кірмаш. Сам пайшоў купляць нейкую дэталь, а дзіця засталося ў машыне чакаць бацьку. Пакуль мужчына хадзіў па кірмашы, хлопчык выйшаў з машыны і патануў у бочцы, якая стаяла непадалёк, на тэрыторыі кірмашу”, — прывёў прыклад спецыяліст.

Выпадкі гібелі дзяцей на вадзе, а таксама няшчасныя здарэнні, калі малышы то­нуць у бочках, штучных вадаёмах на тэрыторыі дома, — усё гэта вынік пакідання дзяцей без нагляду, у небяспецы. Алег Баразна ўпэўнены, што ў дачыненні да такіх прэцэдэнтаў у краіне абавязкова павінен працаваць артыкул 159 Крымінальнага кодэкса  “Пакіданне ў небяспецы”.

“За дзецьмі трэба сачыць вельмі пільна, — кажа прадстаўнік Асвода. — Самае важнае, што хачу данесці да дарослых, — гэта тое, што яны не павінны пакідаць дзяцей у небяспецы. Магчыма, калі б артыкул 159 КК працаваў у дачыненні да выпадкаў гібелі дзяцей на водах, такіх сітуацый было б значна менш”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.