За парадай — у метадычны кабінет

- 14:48"Настаўніцкай газеце" — 70

10 ліпеня 1947 года. На тэрыторыі Беларусі ўжо наладзілася мірнае жыццё. У кожным раёне паспяхова адноўлены вучэбны працэс. Больш за тое, беларускае настаўніцтва імкнецца да яго ўдасканалення, паляпшэння якасці выкладання.

Вось і настаўнікі чыгуначнай школы № 22 райцэнтра Крычава Магілёўскай вобласці актыўна займаюцца метадычнай работай. Літаральна за адзін пасляваенны год эфектыўных педагагічных напрацовак назапасілася столькі, што ў школе змаглі арганізаваць метадычны кабінет. Як відаць з тагачаснага газетнага матэрыялу, метадычны кабінет з’яўляўся добрай падтрымкай для павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства мясцовых настаўнікаў. А якім чынам ажыццяўляецца метадычная работа на Крычаўшчыне сёння?
— Усю метадычную работу ў раёне курыруе раённы вучэбна-метадычны кабінет. Ён уваходзіць у склад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, які зараз узначальвае Дзіна Іванаўна Шамро. Такім чынам работа вялася і ў пасляваенныя гады, — распавядае загадчыца РВМК Алена Максімава. — Асобна ў кожнай навучальнай установе існуе свая метадычная служба, метадычныя аб’яднанні па профілях. Уся гэтая структура ў нас выбудавана ў шырокую метадычную сетку, усе звёны ў якой узаемазвязаны, — дадае Алена Вячаславаўна.наст70
Як высветлілася, чыгуначная школа № 22 ужо некалькі дзесяцігоддзяў як ліквідавана. Аднак яе закрыццё ніяк не паўплывала на якасць метадычнай работы, што ажыццяўляецца ў раёне.
— Мы стараемся ісці ў нагу з часам, быць у курсе змяненняў, новаўвядзенняў у адукацыі. Працуем па ўсіх напрамках педагагічнай дзейнасці. Дзякуючы пастаяннаму аналізу, спецыялісты РВМК добра ведаюць запыты, патрэбы, цяжкасці педагогаў і своечасова аказваюць ім метадычную падтрымку, — кажа Алена Максімава.
Па словах загадчыцы РВМК, найбольш аб’ёмная частка іх работы — метадычнае забеспячэнне агульнай сярэдняй адукацыі. У раёне функцыянуе сем вучэбна-педагагічных комплексаў, пяць сярэдніх школ, а таксама гімназія. Усяго трынаццаць устаноў, у кожнай з якіх неабходна максімальна эфектыўна арганізаваць вучэбны працэс.
— Працаваць даводзіцца шмат, бо мы ўлічваем усе аспекты функцыянавання нашых агульных сярэдніх устаноў адукацыі, — адзначае Алена Максімава. — Гэта і выхаваўчая работа, і дапамога ў адміністрацыйным кіраванні, гаспадарча-матэрыяльнай дзейнасці, і пазаўрочная занятасць навучэнцаў, і якасць навучання па прадметах, інавацыйная дзейнасць.
Распаўсюджванню ў школах перадавога педагагічнага вопыту, вядзенню эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці метадысты РВМК удзяляюць асаблівую ўвагу, усяляк падтрымліваючы педагогаў-наватараў. Гэта дае свой вынік. На цяперашні момант у раёне дзейнічаюць два рэсурсныя цэнтры — па арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў на базе крычаўскай сярэдняй школы № 1 і па выкладанні біялогіі ў сярэдняй школе № 3 горада. Акрамя таго, у трэцяй гарадской школе займаюцца апрабацыяй мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі вучняў на завяршэнні ІІ ступені сярэдняй адукацыі. Ужо на прамежкавым этапе гэтага эксперымента зразумела, што такі метад павышае адукацыйную кампетэнцыю навучэнцаў. Як падкрэсліла загадчыца РВМК, інавацыйная дзейнасць развіта і ва ўстановах іншага профілю. Так, у яслях-садзе № 19 райцэнтра апрабуюць праект “Укараненне мадэлі фарміравання эфектыўнага бацькоўства як умовы сацыяльнага дабрабыту выхаванцаў дашкольнай установы”. Праект набліжаецца да свайго завяршэння. Ёсць станоўчыя вынікі — адказнасць бацькоў за выхаванне сваіх дзяцей павысілася, што паўплывала на статыстыку сямейнага недабрабыту ў раёне.
Асобны акцэнт у раённым вучэбна-метадычным кабінеце робяць на дапамогу крычаўскім настаўнікам у рабоце з адоранымі навучэнцамі. Метадыстамі сфарміраваны банк даных таленавітых дзяцей, пашпарты іх дасягненняў, пад увагай знаходзяцца і педагогі-прадметнікі, якія паспяхова рыхтуюць вучняў да розных конкурсаў.1111
— Лепшыя настаўнікі перыядычна праводзяць для калег майстар-класы, дзеляцца сваім вопытам. На падтрымку астатніх педагогаў раёна ў павышэнні прафесійнага майстэрства накіравана таксама наша група прафесійных цяжкасцей. На пасяджэннях групы разглядаюцца праблемы, якія ўзнікаюць у настаўнікаў, даюцца парады па іх пераадоленні, — адзначыла Алена Максімава.
У раёне таксама зацвердзілі сваю мясцовую праграму па падтрымцы адораных дзяцей “Маладыя таленты Крычаўшчыны”. У сукупнасці з агульным арганізацыйна-метадычным суправаджэннем, як заўважыла Алена Вячаславаўна, усе вышэйпералічаныя меры даюць чаканы вынік. У мінулым навучальным годзе навучэнцы Крычаўшчыны прывезлі ў родны раён 10 прызавых дыпломаў, 2 граматы трэцяга этапу і 1 прызавы дыплом заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
— Навучэнцаў, якія дасягнулі поспеху, мы ўсяляк заахвочваем. Не забываем і пра педагогаў, якія іх падрыхтавалі. Работа з кадрамі, з настаўнікамі для нас прыярытэтная, бо менавіта іх прафесіяналізм — адзін з асноўных фактараў, якія ўплываюць на якасць адукацыі, — адзначае загадчыца РВМК.
Сёння ў раёне працуе амаль 700 педагагічных работнікаў. Па словах Алены Максімавай, праз сетку прадметных метадычных аб’яднанняў удаецца забяспечыць дыферэнцыраваны падыход да работы кожнага з іх. Аптымальныя метады работы з кадрамі вызначаюцца і праз пастаянную дыягностыку, метадычныя выхады, наведванне ўрокаў, аналіз дзейнасці навучальных устаноў.
— Мы стварылі “Школу рэзерву кіраўнікоў”, сеткавую супольнасць педагогаў-прафесіяналаў, каардынацыйны савет камп’ютарызацыі і інфарматызацыі, “Школу станаўлення маладых спецыялістаў”. Усе гэтыя аб’яднанні даюць станоўчы эфект. Падчас заняткаў і пасяджэнняў выкарыстоўваюцца новыя актыўныя формы работы, якія настройваюць педагогаў на самастойную дзейнасць. Усе распрацаваныя матэрыялы збіраюцца ў метадычныя партфелі, якія захоўваюцца ў РВМК. Іх у любы час можа выкарыстаць кожны настаўнік, — падкрэслівае Алена Вячаславаўна.
Вырашэнне задач па павышэнні прафесійнай культуры настаўнікаў ажыццяўляецца на Крычаўшчыне праз выяўленне метадычных рэсурсаў, якімі валодае ўстанова адукацыі. Гэтаму спрыяе правядзенне дзён дырэктара, конкурсаў прафесійнага майстэрства, эстафеты перадавога педагагічнага вопыту. Дарэчы, да прыняцця гэтай эстафеты педагагічныя калектывы старанна рыхтуюцца, распрацоўваюць новыя методыкі, падыходы да правядзення заняткаў. Па выніках эстафеты РВМК выпускае інфармацыйна-метадычны бюлетэнь “Адрасы перадавога педагагічнага вопыту”, у якім змяшчаюцца спасылкі на вопыт, існуючы ва ўстановах адукацыі. Характэрна, што для своечасовага якаснага аказання настаўнікам метадычнай дапамогі ў раёне штоквартальна выпускаюць свой метадычны веснік.
У кампетэнцыі спецыялістаў раённага вучэбна-метадычнага кабінета знаходзіцца і метадычнае суправаджэнне ўстаноў дашкольнай, спецыяльнай, дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Педагагічным работнікам гэтых устаноў таксама аказваецца кваліфікаваная метадычная падтрымка, якая дазваляе дасягнуць высокіх вынікаў. Калі казаць больш канкрэтна, то, дзякуючы зладжанай рабоце метадыстаў РВМК і педагогаў, удалося палепшыць ступень адаптацыі дашкольнікаў пры пераходзе на навучанне ў 1 клас, атрымалася вывесці на новы ўзровень карэкцыйную работу з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, павысіць колькасць дзяцей, ахопленых дадатковай адукацыяй. У раёне назіраецца зніжэнне выпадкаў сямейнага недабрабыту. А вось паказчык колькасці ўсыноўленых дзяцей-сірот на Крычаўшчыне — адзін з самых высокіх у вобласці.
Калектыў РВМК не спыняе сваю работу нават у перыяд летніх канікул. Метадысты Валянціна Цімафееўна Выдранкова, Ала Уладзіміраўна Кароўкіна, Валянціна Мікалаеўна Чыжова, Вікторыя Вячаславаўна Куляшова, Таццяна Іванаўна Пінчук, Галіна Віктараўна Плюскевіч пад кіраўніцтвам загадчыцы Алены Вячаславаўны Максімавай зараз займаюцца аналізам работы, праведзенай за мінулы навучальны год, выяўляюць, якіх станоўчых тэндэнцый удалося дасягнуць, якія ёсць недапрацоўкі. Вынікам маніторынгу стане справаздача з прапановамі па паляпшэнні работы. Зацвярджаюць яе на жнівеньскай канферэнцыі пры ўдзеле ўсіх педагагічных работнікаў раёна.
Такім чынам, крычаўскі вучэбна-метадычны кабінет сёння — гэта своеасаблівы цэнтр станоўчага развіцця раённай сістэмы адукацыі. Гэта той рэсурс, які забяспечвае якасныя змены ў навучальных установах, дазваляе своечасова абнаўляць змест, формы і метады работы педагогаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.