За плённую работу ўзнагароджаны калектывы ўстаноў адукацыі

- 10:03Актуально

На пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства адукацыі словы ўдзячнасці за плённую работу прагучалі ў адрас педагогаў. Міністр адукацыі Андрэй Іванец уручыў калектывам устаноў адукацыі заслужаныя ўзнагароды, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Па выніках работы галіны за 2024 год граматай Міністэрства адукацыі і пераходзячым сімвалам якасці “Лепшы ў адукацыі” адзначаны галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама (у намінацыі “Лепшае структурнае падраздзяленне абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі”), а таксама ўпраўленне адукацыі Лідскага райвыканкама Гро­дзенскай вобласці (у намінацыі “Лепшае структурнае падраздзяленне гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі”).

Лепшай установай дашкольнай адукацыі, якая размешчана ў гарадской мясцовасці, стаў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 8 Магілёва, а лепшай установай, размешчанай у сельскай мясцовасці, — Заслонаўскі дзіцячы сад Лепельскага раёна Віцебскай вобласці.

Сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі лепшымі прызнаны сярэдняя школа № 18 Баранавіч Брэсцкай вобласці і Сноўская сярэдняя школа Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці.

У намінацыі “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” адзначаны Мінскі гарадскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Лідарамі сярод устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сталі Ваўкавыскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці і Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.

Сімвалам якасці “Лепшы ў адукацыі” ўзнагароджаны Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання (у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі”) і Капыльскі дзяржаўны каледж (у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі”).

У намінацыі “За высокія дасягненні ў галіне якасці адукацыі” перамогу святкуе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, а ў намінацыі “Лепшая арганізацыя ў галіне ажыццяўлення навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці” — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.

Віншуем пераможцаў!

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА