За прафесійнымі кампетэнцыямі — на курсы Гузава

- 11:12Адукацыйная прастора

У канцы мінулага тыдня на базе сярэдняй школы № 13 Жлобіна прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў працоўнага навучання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Развіццё прафесійных кампетэнцый настаўнікаў працоўнага навучання” па аўтарскай праграме заслужанага настаўніка нашай краіны Віталя Васільевіча Гузава.

Тыднёвыя курсы праводзяцца з 2014 года і з году ў год набываюць усё большую папулярнасць, прычым не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Сёлета ў сярэднюю школу № 13 Жлобіна прыехалі 26 чалавек.

Праводзілі ўрокі і давалі майстар-класы настаўнікі-метадысты: настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна Дзмітрый Барысавіч Доўнар, настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 Ельска Яўген Мікалаевіч Козел, а таксама настаўнікі працоўнага навучання Віктар Мікалаевіч Савіцкі з Бабровіцкай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна, Аляксандр Мікалаевіч Атрохаў са Стаўпнянскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна.

Асобна хочацца адзначыць былых вучняў В.В.Гузава, у мінулым алімпіяднікаў, а цяпер педагогаў, якія ўжо самі гатовы даваць майстар-класы. Гэта Іван Сяргеевіч Мазурцоў і Пётр Аляксандравіч Васько. Абодва працуюць у 13-й школе Жлобіна.

Віталь Васільевіч шмат разоў падкрэсліваў, што кожны настаўнік працоўнага навучання мае свае адметнасці як рамеснік, майстар, тэхнолаг, і можа нешта паказаць і нечаму навучыць астатніх, таму кожны слухач курсаў прывозіць свой выраб і расказвае, як ён ствараецца.

У гэтым годзе выкладчыкі курсаў разам са слухачамі распрацоўвалі і мадэлявалі ўрокі: складалі план, абмяркоўвалі структуру заняткаў, вызначылі мэты і задачы кожнага этапу, рэалізацыя якіх дазволіць дасягнуць пастаўленых мэт. Усе ўрокі здымаліся на відэа, і перад гэтым кожны ўдзельнік курсаў атрымліваў канкрэтнае заданне на пэўны этап урока. Відэа дапамагала прасачыць, як былі выкананы заданні, а затым падчас аналізу ўрокаў на стоп-кадры кожны мог рабіць свае заўвагі, падвесці высновы.

Акрамя таго, удзельнікі разам мадэлявалі і разбіралі ўрок праз прызму сучасных падыходаў: гаворка вялася пра тое, ці максімальна забяспечана ўсвядомленая дзейнасць навучэнцаў, як уцягнуць дзяцей у сумесную работу разам з настаўнікам з першых хвілін урока, ці ёсць на ўроку вучнёўская мэтапастаноўка, набліжаная да рэальнага жыцця, як праводзіцца рэфлексія (што і як было зроблена, дзе былі дапушчаны памылкі, якія негатыўна паўплывалі на выніковую адзнаку, і што трэба было зрабіць, каб іх не дапусціць).

Таксама слухачы курсаў вучыліся правільна ацэньваць эфектыўнасць урока. Пад увагу браліся пастаўленыя задачы, мэта ўрока і ступень іх дасягнення, а таксама цікавасць вучняў да заданняў, якія яны выконвалі. Тут важны і кантакт паміж вучнем і настаўнікам, і настрой перад урокам. Калі дзеці ідуць з цікавасцю на ўрок працоўнага навучання, то ён будзе больш прадукцыйным. Увогуле ўрок пераўтвараецца ў творчае сумеснае дзейства, своеасаблівы спектакль, у якім задзейнічаны ўсе.

Разглядаліся на курсах і крытэрыі паспяховасці ўрока, асноўныя з якіх наступныя: мэты заняткаў дасягнуты (вучні атрымалі адзнакі за свае веды і ўменні) і дзецям на ўроку было цікава (у гэтым выпадку вучань з задавальненнем прыйдзе не толькі на наступны ўрок, але і на дадатковыя заняткі).

На курсах В.В.Гузава настаўнікі ствараюць тыя ж вырабы, якія павінны будуць рабіць іх навучэнцы. Сёлета ўдзельнікі выраблялі ружу з металу, а таксама працавалі ў майстэрнях па апрацоўцы драўніны. Пасля заканчэння курсаў педагогі атрымалі неабходны матэрыял на электронных носьбітах для падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”, па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд рознага ўзроўню.

Арганізацыйнае суправаджэнне курсаў ажыццяўляла метадыст Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Н.С.Самойленка. Наталля Станіславаўна адзначыла, што ў планах — правядзенне конкурсу творчых работ навучэнцаў памяці Віталя Гузава, які будзе праходзіць у канцы навучальнага года. Арганізатары конкурсу — упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.