Нядаўна старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Дзмітрый Субцэльны вярнуўся з Кітая, дзе праходзіў IX Кангрэс Сусветнай федэрацыі асацыяцый, цэнтраў і клубаў ЮНЕСКА (WFUCA), у новым статусе. Па рашэнні кіраўнікоў нацыянальных асацыяцый 85 краін свету Дзмітрый Юр’евіч быў абраны новым віцэ-прэзідэнтам WFUCA ад рэгіёна Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Пра перспектывы, якія адкрывае для БелАЮ новы кіраўніцкі пост, мы і гутарым з Дзмітрыем СУБЦЭЛЬНЫМ.
— Дзмітрый Юр’евіч, віншую вас з новай пасадай. Раскажыце, што ўвойдзе ў вашы кампетэнцыі і якія задачы ставіць перад сабой Сусветная федэрацыя?
— Пасля таго як у 1947 годзе ў Японіі з’явіўся першы міратворчы клуб ЮНЕСКА, гэтую ідэю падтрымалі іншыя краіны свету і пачаўся імклівы рост клубаў. З мэтай каардынаваць іх дзейнасць у 1981 годзе была заснавана Сусветная федэрацыя клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА. Яна выступае ў ролі генеральнага каардынатара для нацыянальных федэрацый у ажыццяўленні міжрэгіянальных, рэгіянальных і субрэгіянальных праграм. На сёння ў Сусветную федэрацыю ўваходзіць 85 краін з усіх кантынентаў зямнога шара і каля 3700 клубаў.
Раз у 4 гады на кангрэсах выбіраецца новае кіраўніцтва і вызначаюцца новыя стратэгіі і перспектывы развіцця сусветнага руху клубаў ЮНЕСКА. Кожны віцэ-прэзідэнт бярэ на сябе пэўныя абавязкі, пэўны напрамак, які ён будзе развіваць. Калі мяне выбралі віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай і Паўночна-Амерыканскай федэрацыі клубаў ЮНЕСКА, я вырашыў засяродзіць увагу на развіцці камунікацыі: навучанні моладзі кіраванню інфармацыйнымі рэсурсамі, развіцці журналісцкага майстэрства, садзейнічанні маладзёжным прэс-цэнтрам ва ўстановах адукацыі, пашырэнні электроннага дыстанцыйнага навучання, падтрымцы маладзёжных ініцыятыў у галіне інфармацыі і камунікацыі. Гэтую работу я працягну і ў новым статусе, толькі пашырыўшы геаграфію.
— Для Беларусі ганарова, што яшчэ раз назва нашай краіны будзе гучаць на розных узроўнях, тым больш што ўпершыню за ўсю гісторыю за пультам сусветнага руху ЮНЕСКА прадстаўнік Беларусі. Раскажыце, ці пашырацца перспектывы для нашых клубаў?
— Усё залежыць ад нашай ініцыятывы, ад таго, наколькі ў спецыялістаў БелАЮ, менеджараў, маладых лідараў будзе хапаць фантазій і ідэй, жадання іх прасоўваць, настолькі можна будзе і атрымліваць канкрэтныя вынікі. Пад эгідай ЮНЕСКА куды прасцей рэалізаваць нават самую маштабную ідэю. Напрыклад, падтрымана наша ідэя стварыць у Беларусі рэсурсны Цэнтр нефармальнай адукацыі. Хоць нефармальная адукацыя — напрамак важны для любой краіны, але ён атрымаў шырокае ўвасабленне і нават стаў асноўнай праграмай, бадай, толькі ў нас. Гэта адукацыя праз усё жыццё — тое, што не даецца ў школе і ва ўніверсітэце, але дазваляе людзям у любым узросце заставацца сучаснымі, актуальнымі для грамадства, атрымліваць веды і навыкі, якія дазваляюць ім пастаянна асобасна і прафесійна расці. Мы пастараемся пашырыць гэты напрамак і стаць памочнікам у яго рэалізацыі на тэрыторыі іншых краін. Галоўная перспектыва, якую адкрые для нас стварэнне такога цэнтра, — адукацыйны абмен. Прычым нам важны не столькі абмен моладдзю (яна і так мабільная), колькі абмен спецыялістамі, якія працуюць з моладдзю, асабліва ў суседніх краінах — Польшчы, Латвіі, Літве, Расіі, Украіне. Гэта і сацыяльныя педагогі, і псіхолагі, і маладзёжныя работнікі, якія працуюць у сістэме маладзёжнай палітыкі, з падлеткамі групы рызыкі. Мы зможам актыўней ездзіць адно да аднаго, дзяліцца вопытам, рэалізоўваць сумесныя праекты.
— Чым, на ваш погляд, вызначаецца дзейнасць беларускіх клубаў ЮНЕСКА? Ці адрозніваемся мы ў гэтым ад нашых партнёраў з іншых краін і як выглядаем у міжнародным кантэксце?
— Адрозненні істотныя, прычым у лепшы бок. БелАЮ — унікальны прадстаўнік руху ЮНЕСКА ва ўсім свеце па некалькіх прычынах. Часта клубы ЮНЕСКА пэўных краін маюць толькі адзін напрамак. Некаторыя займаюцца выключна культурай (напрыклад, Казахстанская федэрацыя), некаторыя — толькі адукацыйнымі праграмамі, у некаторых выключна міратворчая дзейнасць. Мы ж актыўна развіваем адразу некалькі напрамкаў. Напрыклад, мы прапагандуем здаровы лад жыцця, займаемся прафілактыкай асацыяльных паводзін, развіваем інфармацыйныя тэхналогіі, імкнёмся накіроўваць іх у добрае рэчышча, каб з іх дапамогай моладзь займалася канст-руктыўнай дзейнасцю. Вельмі актыўна развіваем дзіцячае самакіраванне, вучым дзяцей браць на сябе адказнасць, быць лідарамі. Прычым не проста думаць пра ўсё чалавецтва ў цэлым, пра мір ва ўсім свеце, а думаць пра тое, што актуальна для яго: клапаціцца не пра паркі ў Афрыцы, а пра парк у яго вёсцы ці горадзе, пра гісторыка-культурную спадчыну, якая яго акружае. Акрамя таго, нашы дзеці вучацца самастойна вырашаць мясцовыя праблемы. Дзякуючы таму, што нашымі партнёрамі ў гэтым напрамку выступае сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь, з гэтымі задачамі мы паспяхова спраўляемся.
— А якія ідэі мы можам запазычыць у замежных партнёраў?
— На жаль, з большасцю асацыяцый мы рэдка сустракаемся, часам толькі на кангрэсах, таму пра іх дзейнасць мала ведаем. А вось з нашымі пастаяннымі партнёрамі, з якімі супрацоўнічаем каля 15 гадоў, — асацыяцыямі Расіі, Казахстана, Румыніі, Італіі — вельмі актыўна абменьваемся вопытам і многае бяром на заметку. У Расіі, напрыклад, вельмі актыўна развіваюцца тэмы прамоўніцкага, журналісцкага майстэрства. У Казахстане наладжана цеснае супрацоўніцтва федэрацыі з парламентам, з дзяржаўнымі структурамі ў галіне адукацыі і мастацтва. Тут часта праводзяцца сумесныя нацыянальныя конкурсы пад эгідай ЮНЕСКА для дзяцей і моладзі ў галіне мастацтва. У Румыніі варты ўвагі і пераймання маладзёжны праект папулярызацыі музейных фондаў “Метамарфозы”, у межах якога моладзь уключаецца ў тэматыку захавання спадчыны і пашырае рады яе аматараў.
У многіх краінах ёсць унікальныя рэчы, якія можна пераймаць, што мы і робім. У Беларусі дзейнічаюць 60 клубаў ЮНЕСКА, кожны з якіх мае свой напрамак. Трэба сказаць, яны актыўна супрацоўнічаюць з клубамі з розных краін, якія працуюць у адным рэчышчы, рэалізоўваюць сумесныя праграмы.
— Падзяліцеся, якія планы вы ўжо вызначылі?
— Наперадзе ў нас 4 гады, каб акумуляваць свае ідэі і рэалізаваць іх пад эгідай Сусветнай федэрацыі клубаў ЮНЕСКА. Пакуль наша бліжэйшая задача — гучней заявіць пра Беларускую асацыяцыю падчас кастрычніцкіх сустрэч. На Еўрапейска-Азіяцкім адукацыйным форуме мы разам з прадстаўніком Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі раскажам пра напрамкі работы з падлеткамі, прафарыентацыю, сацыяльную абарону моладзі, а ў канцы кастрычніка абмяняемся вопытам на Міжнародным форуме ЮНЕСКА, які пройдзе ў Парыжы. У кастрычніку наступнага года плануем правесці ў Мінску Сусветны кангрэс Еўрапейскай і Паўночна-Амерыканскай федэрацыі клубаў ЮНЕСКА: на працягу 4 дзён прадстаўнікі ўсіх краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі будуць знаёміцца з нашымі клубамі. Разам мы прымем новыя рашэнні па развіцці федэрацыі.
— Дзмітрый Юр’евіч, дзякуй за размову. Хочацца пажадаць беларускім клубам ЮНЕСКА, каб бліжэйшыя 4 гады былі максімальна плённымі і цікавымі.
Святлана НІКІФАРАВА.