За руку па школьных прыступках

Многае ў жыцці вырашае выпадак. Прынамсі, гэта можа пацвердзіць настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 91 Мінска імя Хасэ Марці Аксана Аляксандраўна Пракапенка. Пасля заканчэння школы ў вёсцы Быстрыца Капыльскага раёна яна ехала паступаць на эканаміста ў БДЭУ, а апынулася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

Нягледзячы на тое, што яе мама працуе настаўніцай хіміі, наўмысна падштурхоўваць дачку да настаўніцтва, каб працягнуць педагагічную дынастыю, яна не хацела: эканаміст — значыць эканаміст. Але незадоўга да пачатку прыёмнай кампаніі, праязджаючы міма Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Ніна Аляксандраўна спытала ў сваёй Аксаны: “Можа, паспрабуем паступіць сюды?”

Адразу сказаўшы не, цяперашняя настаўніца пачатковых класаў Аксана Аляксандраўна Пракапенка хутка перадумала і падала дакументы на педагогіку і методыку пачатковага навучання.

“У сярэдняй школе № 91 працую з 1995 года, — расказвае А.Пракапенка. — Спачатку мяне ўзялі проста выхавальніцай, бо ўсе пачатковыя класы былі заняты. Праз некаторы час перавялі выхавальніцай у клас. Так я працавала 5 гадоў. Паралельна скончыла перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Сурдапераклад і выкладанне жэставай мовы”. А пачынаючы з 2003 года прыйшла выхавальніцай да дзяцей з парушэннямі слыху. Тое, што тут вучацца такія навучэнцы, — гэта асаблівасць і адметнасць нашай навучальнай установы, яна такая адна ў краіне. Такія дзеткі займаюцца асобна, але працаваць з імі не вельмі проста. Разам з тым яны звычайныя. Асаблівасць толькі ў тым, што дрэнна чуюць. Самі разумееце, калі дзіця дрэнна чуе, яно не зусім поўна пазнае свет. З маўленнем таксама ўзнікаюць праблемы. Але мы знаходзім агульную мову. Разам з педагогам, якая непасрэдна займаецца малышамі, што слаба чуюць, працуем, супрацоўнічаем, праводзім шматлікія мерапрыемствы. Астатнія дзеці прымаюць адэкватна і правільна сваіх равеснікаў, якія маюць пэўныя асаблівасці ў развіцці”.

Аксана Аляксандраўна выпусціла ўжо чатыры чацвёртыя класы і кажа, што да кожнага, каго вучыла, ставілася не толькі як настаўніца, але і як мама.

“Усе дзеткі пакідаюць свой след у памяці, — працягвае настаўніца. — Маленькія навучэнцы, якім на момант, калі яны ідуць у 1 клас, споўнілася толькі 6 гадоў, зусім яшчэ дзеткі. Тыя, каму 7 гадоў, больш дарослыя. І гэта вельмі адчуваецца. Шасцігодкі больш прывязваюцца да мяне, яны такія непасрэдныя і любяць, каб іх шкадавалі. Увогуле, прафесія настаўніка незвычайная, тут кожны наступны дзень не падобны на папярэдні. Толькі ад нас залежыць, які фундамент мы закладзём у сваіх дзетак. І толькі настаўнікі могуць дапамагчы сфарміраваць правільныя адносіны да жыцця, да вучобы. Зносіны паміж навучэнцамі таксама кантралюе настаўнік. Усе дзеці розныя, а навучыць іх кантактаваць паміж сабой вельмі важна. Мы павінны дапамагчы зразумець, што кожны з іх — асоба, індывідуальнасць, што ўсе яны па­свойму цудоўныя”.

Вучыць дзяцей будаваць дыялог і ўзаемадзейнічаць — важнае правіла, якім кіруецца А.Пракапенка.

“Кожны ўрок пачынаю з абмеркавання нейкай тэмы, праблемы, — працягвае дзяліцца педагагічнымі знаходкамі настаўніца. — Гэтым дзеці цікавяцца, яны спрабуюць знайсці адказ, як вырашыць прапанаваную складанасць. Безумоўна, не ўсё і не адразу ў іх атрымліваецца бездакорна. І гэта нармальна: побач ёсць настаўнік, які падкажа ці падштурхне да правільных думак. Напрыклад, у нас ёсць пэўная тэма ўрока. Гэтая тэма, зразумела ж, прапісана ў плане. Я не адразу яе агучваю, а падводжу праз апісанне чагосьці, праз тлумачэнне. Дзеткі пачынаюць цікавіцца тым, што расказваю. Так мне ўдаецца тры­маць іх увагу. І гэта вельмі важна. Бо калі яны нешта прапус­цяць, не пачуюць, то будуць не ў тэме”.

Акрамя жадання вучыцца, Аксане Аляксандраўне важна за чатыры гады не толькі прывіць любоў да навукі, але і выхаваць у маленькіх вучнях чалавечыя якасці: спачуванне і ўменне дапамагаць. А яшчэ настаўніца лічыць, што выхоўваць малышоў педагог павінен не адзін, а з бацькамі.

“Быць мамамі і татамі сёння вельмі проста, — канстатуе Аксана Аляксандраўна. — Для дзяцей створаны розныя магчымасці для навучання: школа ранняга развіцця, падрыхтоўка да школы і інш. Але гэта не значыць, што дзеткамі не трэба займацца. Бацькі павінны разумець, як бывае цяжка ўсадзіць малое, прымусіць слухаць і рабіць тое, што трэба. Таму, прыходзячы ў школу, неабыякавыя бацькі пачынаюць вучыцца разам са сваімі малышамі. Самае простае, што могуць зрабіць дарослыя, — пасадзіць дзіця і паказаць, як, напрыклад, пісаць літары. Няхай бу­дзе атрымлівацца непрыгожа, але сэнс у тым, каб была спроба іх напісаць”.

За крыху больш чым 20 гадоў работы з дзецьмі Аксана Аляксандраўна яшчэ ні разу не пашкадавала аб сваім выпадковым выбары. Яна шкадуе толькі аб тым, што за ўсімі настаўніцкімі клопатамі так мала часу застаецца на зносіны з малышамі, а таксама на тое, каб навучыць іх яшчэ большаму.

“Ведаеце, якое ў мяне самае вялікае жаданне? — шчыра пытаецца настаўніца. — Каб мы бачылі і заўважалі, як растуць нашы дзеткі. Чатыры гады, пакуль яны знаходзяцца з намі, пралятаюць імгненна. Не паспееш азірнуцца, як пара адпускаць гэтых маленькіх вучняў, якіх літаральна толькі ўчора брала за руку і дапамагала пераступаць такія высокія прыступкі школьнага ганку”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.