За талент і майстэрства

- 10:51Выхаванне

У Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў адбылося святочнае ўшанаванне, на якім намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Вадзім Шпетны ўручыў матэрыяльную дапамогу актыўнай удзельніцы рэспубліканскіх мастацка-творчых мерапрыемстваў Маргарыце Федарук. Гэтае заахвочванне дзяўчынка атрымала ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі. Неўзабаве Маргарыта атрымае і пасведчанне спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Выхаванцы нашай установы не раз заахвочваліся гэтым фондам, — гаворыць дырэктар Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Пятрухіна. — У 2009 годзе — юны акардэаніст Пётр Манько (настаўніца Вольга Бягеза), у 2014 — юная цымбалістка Юлія Федарук, родная сястра Маргарыты (настаўніца Наталля Забеліна), у 2016 — юная піяністка Вераніка Федарук, яшчэ адна сястра Маргарыты (настаўніца Маргарыта Рэянтовіч). Сёння Вераніка і Юлія вучацца ў Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Рыгора Шырмы.

Шасцікласніца Маргарыта Федарук з Маларыцкай раённай гімназіі займаецца па класе фартэпіяна ў настаўніцы Маргарыты Рэянтовіч. Дзяўчынка актыўна ўдзельнічае ў канцэртнай дзейнасці дзіцячай школы мастацтваў: іграе ў фартэпіянным ансамблі “Сугучча”, наведвае заняткі па выбары “Асновы цыркавога мастацтва”.

— У скарбонцы дасягненняў Маргарыты — тры перамогі на міжнародных музычных конкурсах, 12 — на рэспубліканскіх, 8 — на абласных, — расказвае Маргарыта Рэянтовіч. — Дзяўчынка не спыняецца на дасягнутым, пастаянна ўдасканальвае выканальніцкае майстэрства, надаючы яму новыя рысы, адценні і адметнасці. Маргарыта паступова і ўпэўнена ідзе да сваёй мэты — стаць музыкантам аднаго са сталічных аркестраў ці артысткай.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.