За трэнажорам, як у кабіне камбайна

- 9:50Навіны рэгіёнаў

Сеткавыя заняткі для навучэнцаў профільных устаноў адукацыі з 1 сакавіка арганізаваны на базе рэсурснага цэнтра Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа на Гродзеншчыне.

Выкарыстоўваць сучаснае вучэбнае і вытворчае абсталяванне і тэхніку, якая працуе ў рэальным сектары эканомікі, цяпер могуць навучэнцы 10 устаноў прафесійнай адукацыі вобласці. Набыць такую тэхніку для кожнага каледжа дастаткова праблематычна. Да таго ж, у вытворчасці ўсё хутка мяняецца, на змену яшчэ ўчора перадавым механізмам прыходзяць новыя. Таму цалкам апраўдвае сябе арганізацыя навучання, правядзення практычных заняткаў будучых спецыялістаў-аграрыяў на базе менавіта такіх рэсурсных цэнтраў, дзе пры неабходнасці абсталяванне можна хутка абнавіць.

Рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” (кваліфікацыя “тэхнік-механік”) і “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” (кваліфікацыя “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі “А”, “В”, “D”) на базе Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа пачаў працаваць са снежня 2020 года. На яго стварэнне было затрачана 1 274 263 рублі з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, набыты тэхніка і абсталяванне па дагаворах бязвыплатнай перадачы. У прыватнасці, ААТ “Мінскі трактарны завод” перадаў каледжу два трактары “Беларус-3522” і “Беларус-2103”, а СВК “Свіслач” — трактар “Беларус-1523”, магілёўскае прадпрыемства “НТП “Цэнтр” — 3 вучэбна-лабараторныя стэнды. Усяго абсталявана 8 вучэбных лабараторый, 4 кабінеты, набыта 10 вучэбных стэндаў для правядзення лабараторных і практычных работ. Сярод навінак тры ўнікальныя трэнажоры дапоўненай рэальнасці: сельскагаспадарчага трактара, збожжаўборачнага камбайна і экскаватара-пагрузчыка. Ёсць і абсталяванне для вывучэння канструкцыі, абкаткі вузлоў і агрэгатаў сельскагаспадарчых машын і трактароў, для іх тэхнічнага абслугоўвання і правядзення рамонту. На сённяшні дзень каледж мае больш за 15 відаў сучаснага абсталявання.

— У кожнай вобласці павінен быць рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы навучэнцаў па пэўных спецыяльнасцях. Па тых, што рыхтуем мы (“Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці” і “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”), у нашай вобласці рэсурснага цэнтра не было, у той час як у іншых яны былі, — расказаў загадчык рэсурснага цэнтра Алег Жыліч. — Наш каледж выступіў ініцыятарам стварэння такога рэсурснага цэнтра, таму было прынята рашэнне аб яго адкрыцці менавіта на нашай базе.

Ініцыятыву каледжа падтрымалі кіраў­ніцтва Гродзенскага аблвыканкама і Сло­німскага райвыканкама, Міністэрства адукацыі, РІПА, галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

Акрамя закупкі абсталявання, право­дзіліся рамонтныя работы ў кабінетах, а таксама ў інтэрнаце, для таго каб прымаць вучняў з іншых раёнаў. Заключаліся дагаворы на навучанне з сеткавымі ўстановамі адукацыі нашага профілю, складаліся графікі заняткаў.

Першымі апрабавалі абсталяванне, безумоўна, навучэнцы Жыровіцкага каледжа падчас правядзення лабараторных работ. А першай групай, для якой пачаліся заняткі ў рэсурсным цэнтры, сталі навучэнцы Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. За імі прыехалі навучэнцы Скідзельскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Як расказаў майстар вытворчага навучання Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа Мікалай Барташэвіч, навучэнцы засталіся задаволеныя практычнамі заняткамі ў рэсурсным цэнтры:

— Нашым першакурснікам было цікава паспрабаваць сябе ў ролі камбайнера або трактарыста, бо яны пакуль што прайшлі толькі тэорыю і на тэхніцы не працавалі, тым больш на такім сучасным абсталяванні. Вельмі добра пачынаць знаёмства з тэхнікай менавіта на трэнажорах. Калі маладому чалавеку адразу даверыць сапраўдны камбайн, гэта можа прывесці да паломак. А так мы зберагаем тэхніку і даём навучэнцам неабходныя працоўныя навыкі.

Сапраўды, на трэнажорах дапоўненай рэальнасці навучэнцы прафесійных каледжаў і ліцэяў могуць атрымліваць навыкі ваджэння, работы з рознымі машынатрактарнымі агрэгатамі, убіраць збожжавыя культуры на камбайне, не выходзячы ў поле. 

— Магчыма, гэта не дае таго вопыту работы, які можна атрымаць на сапраўднай машыне, але дазваляе адпрацаваць першасныя навыкі, набліжаныя да рэальных, — адзначыў Алег Жыліч. — Мы стараліся закупляць механізмы, максімальна набліжаныя да вытворчасці, якія выкарыстоўваюцца на рамонтных заводах, на станцыях тэхнічнага абслугоўвання. Такі падыход прымяняўся і пры выбары абсталявання для вывучэння вузлоў і агрэгатаў.

Згодна з графікам, у гэтым годзе навучанне на базе рэсурснага цэнтра яшчэ пройдуць навучэнцы Скідзельскага, Шчучынскага і Бераставіцкага дзяржаўных сельскагаспадарчых прафесійных ліцэяў, а ў маі — навучэнцы Жыровіцкага каледжа. Улетку плануецца правесці канферэнцыю з кіраўнікамі сеткавых каледжаў, для таго каб яны пазнаёміліся з базай рэсурснага цэнтра, і на падставе гэтага скласці праграму на 2021/2022 навучальны год.

Як паведаміла кіраўніцтва  Жыровіцкага каледжа, запланавана даабсталяванне рэсурснага цэнтра за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Жыровіцкім аграрна-тэхнічным каледжам.