За ведамі або за адзнакамі?

- 10:37Меркаванне

Вольга ДУБОЎСКАЯ

 

 

 

 

 

 

“Навучанне — гэта не спаборніцтвы”, — напісала нядаўна дачцэ, даводзячы да яе, што каштоўнасць адукацыі — у развіцці і асобасным росце, а не ў пахвале выкладчыка. 

Напісала, а пасля падумала: ці ўсё ж спаборніц­твы? Пагоня за ведамі пачынаецца ў школе. І гэтыя самыя спаборніцтвы стартуюць ужо ў першым класе. Спачатку дзецям за правільныя адказы ставяць смайлікі, птушачкі, якія старанна падлічваюцца, а затым кантроль ведаў фіксуецца ў дзённіках і класных журналах. Пачынаецца сапраўдная бітва за адзнакі, у якой не хочуць прайграваць ні вучні з бацькамі, ні настаўнікі.

І тут ужо хочацца спы­таць найперш у бацькоў: у школу сваіх дзяцей адпраўляеце за ведамі або за адзнакамі? Пераканана, што адказ будзе прыкладна такі: “Канечне за ведамі!” А пасля чую развагі: “Ой, у нас па матэматыцы — 9. Мала. Трэба 10. Трэба схадзіць да настаўніка і даведацца, што трэба зрабіць, каб была дзясятка” або: “Мой зусім дрэнна вучыцца. Адны сямёркі-вась­мёркі”. Атрымліваецца, што за парты дзеці садзяцца, каб атрымаць адзнакі.

Безумоўна, добрую адзнаку за “прыгожыя вочы” не паставяць. На тую ж дзявятку трэба ох як папрацаваць! Ды і на васьмёрку таксама. Але. Здараецца так, што дзіця вучыцца-вучыцца, атрымлівае высокія балы, прывыкае да сваіх дзявятак-дзясятак і настаўнікі меншага ад яго не чакаюць. А потым раз — і на высокую адзнаку яго адказ не цягне. Бывае. Тут клас замірае: што ж паставіць гэтаму выдатніку педагог? А педагог, як правіла, каб не псаваць статыстыку, ставіць высокі бал. Што адчуваюць аднакласнікі? Правільна — несправядлі­васць, асабліва калі некаторыя падрыхтаваліся лепш, а атрымалі менш. Настаўнік жа тлумачыць, што высокая адзнака заслужаная, а сёння проста зоркі не сышліся. Ну, бывае.  

Сапраўды, бывае. Мы ж не робаты, каб штодзень усё выконваць без збояў. Мне падаецца, што не многія дзеці здольны пастаянна вучыцца на высокія балы. Сустракаюцца, канечне, унікумы, але гэта адзінкі. Успамінаецца ­адзін хлопец, які быў не проста здольным вучнем, а геніяльным. Мы пазнаёміліся пасля яго трыумфальнай перамогі на Рэспубліканскай алімпія­дзе па біялогіі, вынікі якой дазволілі яму быць залічаным у Ліцэй БДУ. Затым ён лёгка перамагаў не толькі на рэспубліцы, але і на міжнародцы. Як так? Для яго ўсё было проста, бо юнак меў выключную памяць. Мог узгадаць любы тэкст слова ў слова, ды яшчэ і з усімі знакамі прыпынку. І адзнакі для яго не мелі ніякага значэння, бо ён разумеў, што ведае шмат і чаго можа дасягнуць са сваім багажом ведаў.

Як зрабіць так, каб усе школьнікі зыходзілі не з адзнак, а з усведамлення каштоўнасці ведаў? Каб матывацыя да навучання будавалася не на балах, а на персанальным развіцці кожнага вучня? Адказ просты і складаны адначасова. Просты, бо дзіця павінна вучыцца, развівацца і атрымліваць адзнакі адносна сваіх магчымасцей. Мы ад прыроды ўсе розныя: нехта кеміць хутка, а некаму патрэбен час, хтосьці запамінае адразу, а іншаму зноў-такі патрэбен час. А складаны, бо можа здарыцца так (і здараецца), што веды абсалютна розных вучняў могуць ацэньвацца, напрыклад, у аднолькавыя васьмёркі.

Нягледзячы на сваю рознасць, кожны з іх засвоіў нешта новае і пашырыў свой кругагляд. Але паміж сабой яны не спаборнічаюць, бо з самага пачатку знаходзяцца ў “розных вагавых катэгорыях”. Прыклад: настаўніца задала вывучыць табліцу множання. Заўсёды ёсць тыя, каму яна запамінаецца адразу, бо яны бачаць прагавораныя педагогам аналогіі. А ёсць і такія, каму трэба прыкласці больш намаганняў, чым аднакласнікам. Умоўна, Пеця вывучыў за дзень і атрымаў дзясятку, а Маша патраціла два або тры дні і таксама атрымала дзясятку. Чаму? Кожны справіўся з пастаўленай задачай.   

Думаецца, што трэба пашыраць такую практыку. 

І тады нашы дзеці ў школу будуць хадзіць з куды большым задавальненнем, бо кожны з іх будзе ўсведамляць сваю вучнёўскую значнасць.