За вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі ўжо здадзена больш як 100 тысяч подпісаў

Ініцыятыўная група па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у Прэзідэнты Беларусі ўжо здала ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі больш як 100 тысяч подпісаў. Аб гэтым у сваім відэазвароце на сайце vybory2015.by паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

“У краіне прадаўжаецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Ініцыятыўныя групы працуюць незалежна і не даюць справаздачу нікому, у тым ліку Цэнтральнай камісіі. Тым не менш мы маем інфармацыю, што дзве групы ўжо здалі частку падпісных лістоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Я магу сказаць, што больш як 100 тысяч подпісаў ужо здадзена ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі і больш як 500 подпісаў здадзена ў падтрымку вылучэння Анатоля Лябедзькі”, — расказала Лідзія Ярмошына.
Усяго Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу і збору подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.