За значнымі дасягненнямі — штодзённая велізарная праца

— Лета — гарачая пара, — сцвярджае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Старадарожскага райвыканкама Мінскай вобласці Сяргей Іванавіч Усік. Толькі праводзілі выпускнікоў са школьнага двара ў дарослае жыццё, як у новыя клопаты акунуліся — аздараўленне дзяцей і падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Адпачываць не прыходзіцца. Але поспехі 2014/2015 навучальнага года падтрымліваюць і матывуюць да працы і новых перамог. Сяргей Іванавіч УСІК — госць нашай чарговай “Суботняй планёркі”.

— Назавіце, калі ласка, галоўныя падзеі, якія адбыліся ў сістэме адукацыі Старадарожскага раёна ва ўжо мінулым навучальным годзе?
— У першую чаргу гэта, вядома ж, нашы выпускнікі. Сёлета іх у нас 179 чалавек. Прыемна, што 24 выпускнікі за сваю вучобу адзначаны 23 залатымі і 1 сярэбраным медалём. За іх высокімі дасягненнямі стаіць штодзённая велізарная праца педагогаў, усёй сістэмы адукацыі раёна. Нашы выпускнікі зараз паспяхова здаюць ЦТ, і, спадзяёмся, 1 верасня яны стануць студэнтамі прэстыжных ВНУ краіны.
Сярод знамянальных падзей мінулага года таксама перамога зборнай каманды нашага раёна ў Рэспубліканскім турніры юных фізікаў, якая атрымала дыплом ІІІ ступені. У склад каманды ўвайшлі юныя аматары фізікі з гімназіі і сярэдняй школы № 2 Старых Дарог. Да інтэлектуальных спаборніцтваў іх рыхтавалі настаўнікі фізікі — Галіна Аляксандраўна Стром з гімназіі і Валянціна Іванаўна Шулікоўская з сярэдняй школы № 2.
Пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Старых Дарог Алены Фёдараўны Русаковіч вучань 10 класа Ілья Карпук з праектам SBox атрымаў дыплом І ступені на Рэспубліканскім конкурсе “#IT_link” у намінацыі “IT-ідэя”.
Па выніках 2014 года Языльская сярэдняя школа стала пераможцай сярод устаноў адукацыі Мінскай вобласці ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі ў выхаванні культуры здароўя і фарміравання здаровага ладу жыцця”. Калектыў школы актыўна далучае да сваіх мерапрыемстваў знакамітых беларускіх спартсменаў, праводзіць майстар-класы, арганізоўвае забегі “Языльскія старты”, лёгкаатлетычныя святы “Дзень бегуна”. У красавіку, напрыклад, на базе ўстановы праходзіла вучоба дырэктараў раёна па тэме “Фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця вучняў праз стварэнне цэласнай сістэмы фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў 6-ты школьны дзень”, пасля чаго ўдзельнікі мерапрыемства прынялі ўдзел у эстафеце. Я таксама ўдзельнічаў у тым забегу. Прызнаюся, што было ганарова бегчы з чэмпіёнамі свету і Еўропы па бегу. Мы не толькі атрымалі шмат пазітыўных эмоцый і зарад бадзёрасці, але і павучылі кіраўнікоў устаноў адукацыі арганізоўваць масавыя мерапрыемствы.

— Доўгачаканае лета для школьнікаў наступіла. Што цікавае для дзяцей, моладзі раёна сёлета падрыхтавалі ўстановы і ўпраўленне адукацыі Старых Дарог?
— Лета — гарачая пара, таму што даводзіцца адначасова займацца аздараўленнем дзяцей і падрыхтоўкай устаноў адукацыі да новага навучальнага года. Гэтым летам у нас будзе працаваць 28 аздараўленчых лагераў — усе тры месяцы! Гэта і кругласутачныя, і дзённага знаходжання, і профільныя, і палатачныя, і перасовачныя. Цэлае лета дзеці будуць знаходзіцца пад наглядам педагогаў і з карысцю для сябе праводзіць летнія канікулы.
З 1 па 9 чэрвеня адбыўся перасовачны турыстычны лагер. Школьнікі наведалі месцы баявой славы Старадарожскага раёна. Усяго ў нас 103 помнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Каля вёскі Сінегава збудаваны мемарыял у гонар воінаў 121-й стралковай дывізіі ва ўрочышчы “Гасцінскі брод”, якая паспяхова змагалася з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За 9 дзён дзеці пабывалі ва ўсіх гэтых памятных мясцінах, дзе праводзілі мітынгі, запрашалі на сустрэчы ветэранаў, прадстаўнікоў грамадскасці. Сёлета мы святкавалі значную для краіны падзею — 70-годдзе Вялікай Перамогі, і прыемна, што патрыятычная тэматыка цікавіць нашу моладзь.
Заканчваецца першая змена ў стацыянарным лагеры “Крынічка”, дзе адпачывалі і ўмацоўвалі сваё здароўе не толькі дзеці з нашага Старадарожскага раёна, але і 25 школьнікаў з Капыльскага раёна. Першая змена мела экалагічную накіраванасць.
12 чэрвеня адкрыўся профільны палатачны археалагічны лагер. Пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алега Іова 22 вучні пачалі раскопваць курганы і ўжо знайшлі рэшткі глінянага гаршка. Мяркуецца, што гэты посуд ХІ ці ХІІ стагоддзя. Вучым дзяцей праводзіць раскопкі, выхоўваем у іх любоў да малой радзімы, развіваем цікавасць да гісторыі краіны, а таксама знаходзім артэфакты, якія могуць паслужыць нашай навуцы.
З 15 чэрвеня на базе сярэдняй школы № 2 Старых Дарог пачаў работу лагер працы і адпачынку. Па дамоўленасці з кіраўніцтвам ЖКГ школьнікі будуць прыбіраць вуліцы горада, тэрыторыі ўстаноў. Працаваць яны будуць тры гадзіны ў першай палове дня, а пасля смачнага сытнага абеду для іх будуць арганізаваны цікавыя гульні, мерапрыемствы. Такім чынам, мы паспрабуем сфарміраваць у дзяцей пачуццё адказнасці за свой дом, тэрыторыю, за экалогію. Акрамя таго, яны змогуць зарабіць каля мільёна рублёў за 18 дзён.
У ліпені — жніўні будуць арганізаваны лагеры працы і адпачынку на базе сельскіх школ, дзе вучні будуць аказваць дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам.
На базе гімназіі створаны летнік для адораных дзяцей, дзе яны паглыблена займаюцца па сваіх любімых прадметах — фізіцы, матэматыцы, англійскай, беларускай, рускай мове. Мы лічым гэта пэўным этапам падрыхтоўкі да рэспубліканскіх алімпіяд.

— Як ідзе падрыхтоўка ўстаноў адукацыі раёна да пераходу на профільнае навучанне на старшай ступені агульнай сярэдняй адукацыі?
— Пасля папярэдняга камплектавання, якое прайшло ў канцы мая, магу сказаць, што профільнае навучанне будзе арганізавана ва ўсіх гарадскіх установах адукацыі — трох школах і гімназіі Старых Дарог.
Плануем адкрыць профільныя класы або групы яшчэ на базе дзвюх сельскіх школ — Пастовіцкай і Крываносаўскай. На жаль, сёння пакуль не кожная сельская школа можа арганізаваць профільнае навучанне для сваіх старшакласнікаў, але мы працуем над гэтым пытаннем, шукаем магчымасці.

Святлана КІРСАНАВА.