Заадно з планетай

- 11:36Навіны рэгіёнаў

Цікава і насычана арганізаваць для навучэнцаў суботні дзень? У сярэдняй школе № 34 Бабруйска ведаюць, як гэта зрабіць. 

Распрацаваная педагагічным калектывам установы ініцыятыва “З планетай #ЗААДНО” ўвайшла ў лік пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу праектаў па арганізацыі шостага школьнага дня.

34-я школа — новая навучальная ўстанова. Яна была ўрачыста адкрыта ўсяго тры гады назад, але, дзякуючы плённай працы педагогаў, займае высокія пазіцыі ў рэйтынгу ўстаноў адукацыі горада.

— Мы даволі паспяхова працуем па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці. Кожнаму кірунку ўдзяляем павышаную ўвагу. Арганізацыя шостага школьнага дня не выключэнне. Галоўная мэта, да якой імкнёмся, — ахапіць карыснай занятасцю як мага большую колькасць вучняў. Для яе дасягнення ўлічваем інтарэсы навучэнцаў. Раўназначны ўпор робім на грамадзянска-патрыятычнае, працоўнае, экалагічнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін, прафарыентацыйную і прафілактычную работу, удасканаленне здольнасцей школьнікаў, узаема­дзеянне з бацькамі. Стараемся рабіць выхаваўчыя мерапрыемствы разнастайнымі, каб сапраўды захапіць дзяцей. І ў нас гэта атрымліваецца. Вучні з задавальненнем лішні раз ідуць у суботу ў школу, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 34 І.М.Матузава. 

Распрацаваная педагагічным калектывам установы ініцыятыва “З планетай #ЗААДНО” ўвайшла ў лік пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу праектаў па арганізацыі шостага школьнага дня.

Па яе словах, алгарытм арганізацыі суботняга дня ў школе — адладжаная сістэма. Аднак калектыў установы пастаянна прыўносіць у яе нешта новае. 

— Мы разумеем, што, каб захапіць дзяцей, навучальнай установе неабходна ісці ў нагу з часам. Таму рэгулярна ўкараняем новыя, сучасныя формы работы з навучэнцамі. Напрыклад, не так даўно змаглі істотна палепшыць узровень экалагічнага выхавання моладзі. Гэтаму пасадзейнічала адкрыццё ў школе экалагічнага цэнтра “ЗААДНО”. Функцыянаванне экацэнтра, створанага пры падтрымцы кампаніі EPAM і асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”, стала імпульсам для фарміравання адпаведнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Нашы педагогі пры актыўным удзеле вучняў распрацавалі пазнавальныя экскурсіі, аўтарскія гульні і конкурсы. У экацэнтры праводзяцца майстар-класы, розныя маніторынгі і практычныя заняткі па вывучэнні стану навакольнага асяроддзя. Шматлікія напрацоўкі ў плане экалагічнага выхавання паслужылі стымулам для стварэння праекта “З планетай #ЗААДНО”. Яго аўтарамі выступілі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце М.З.Сямашка, а таксама настаўнікі С.У.Здаранкова і Л.У Крылова, — расказала Ірына Мікалаеўна.

Праект, які ўжо адзначаны на абласным узроўні, будзе ажыццяўляцца на працягу двух гадоў. Унікальнасць ініцыятывы заключаецца ва ўкараненні эфектыўнай мадэлі фарміравання экалагічнай культуры ў выхаваўчую прастору школы. Рэалізацыя праекта будзе праходзіць па чатырох напрамках: “ЭКАSTEAM”, “ЭКАКухар”, “ЭКАРух”, “ЭКАHANDMADE”.

— Мы паставілі перад сабой задачу сфарміраваць у падрастаючага пакалення актыўную грамадзянскую пазіцыю, навыкі энергазберажэння і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Рэалізоўваць яе будзем рознымі спосабамі, таму і размежавалі тэматычныя напрамкі. Ужо арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах экалагічнай накіраванасці, работа па сістэматызацыі дыдактычных матэрыялаў па экалагічнай тэматыцы, наладжана супрацоўніцтва з партнёрамі, у ліку якіх — Бабруйскі лясгас, гарадская і раённая інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, — расказала кіраўнік школьнага экацэнтра настаўніца фізікі С.У.Здаран­кова.

Зроблена ў рамках праекта сапраўды нямала. Так, па напрамку “ЭКАРух” у школе праводзяцца круглагадовая экалагічная алімпіяда, квесты экалагічнага зместу, акцыі, конкурсы малюнкаў, лістовак, відэаролікаў. Па напрамку “ЭКАHANDMADE” для навучэнцаў прайшлі разнастайныя майстар-класы па асваенні экарамёстваў, па напрамку “ЭКАКухар” запланаваны заняткі па вывучэнні рацыёну харчавання. Шмат карысных мерапрыемстваў арганізуецца і ў кірунку “ЭКАSTEAM”. 

— Арганізавана правя­дзенне практычных заняткаў для вучняў з выкарыстаннем вучэбна-лабараторнага абсталявання па рэсурса- і энергазберажэнні. Дзеці міжпрадметна вывучаюць прыродныя працэ­сы і з’явы. Пад кіраўніцтвам педагогаў навучэнцы ствара­юць гульні экалагічнага зместу ў асяроддзі Scratch, право­дзяць кансультацыі па пытаннях павышэння энергаэфектыўнасці, вызнача­юць колькасць нітратаў у вадзе і прадуктах харчавання, аналізуюць энерга­спажыванне электрычных прыбораў у розных рэжымах, вядуць маніторынгі спажывання энергарэсурсаў. І гэта толькі малая доля з іх даследаванняў, — падкрэсліла Святлана Уладзіміраўна. 

Фарміраванне ў навучэнцаў экалагічна-адказных паводзін педагогі ажыццяўляюць і праз разнастайныя практычныя мерапрыемствы. Вучні 34-й бабруйскай школы сочаць за чысцінёй экасістэмы роднага мікрараёна, актыўна прыма­юць удзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”. Толькі сёлета школьнікі высадзілі каля 600 маладых дрэў. Як сімвал праекта “З планетай #ЗААДНО” на тэрыторыі школы дзеці пасадзілі са­джанец дуба. 

— Пасля заканчэння рэалізацыі праекта плануем сфарміраваць у навучэнцаў экалагічны светапогляд, прывіць ім навыкі эканамічнага рэсурса­спажывання, уменні выяўляць экалагічныя праблемы і знахо­дзіць шляхі іх вырашэння, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 34 І.М.Матузава.

Дарэчы, у планах педагагічнага калектыву школы — працягваць напаўняць шосты школьны дзень новымі мерапрыемствамі і праектамі, каб суботы заставаліся для навучэнцаў цікавым і карысным часам. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.