Заахвочванні лепшым студэнтам

Самых таленавітых і актыўных студэнтаў заахвоцілі надоечы ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Узнагароджанне лепшых навучэнцаў ужо стала традыцыяй рэктарата і маладзёжнага прафсаюза.

— Студэнты, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучэбнай, інтэлектуальнай, грамадскай і спартыўнай дзейнасці, заўсёды адпаведна адзначаюцца. Яны атрымліваюць надбаўкі да стыпендый, ганаровыя граматы, каштоўныя падарункі. Да таго ж мы штогод праводзім сярод студэнцтва агляд-конкурс на выяўленне лепшых у розных намінацыях, — расказаў старшыня студэнцкага прафкама Віталь Сідзюк.

Выдатнікаў вучобы, прызёраў розных конкурсаў і спаборніцтваў, маладзёжных лідараў ушаноўвалі ва ўрачыстай атмасферы. Лепшым культарганізатарам назвалі прадстаўніцу эканамічнага факультэта Хрысціну Волчак. Сярод прафсаюзных лідараў таксама адзначылі студэнта эканамічнага факультэта Канстанціна Барэля. У арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў летась не было роўных студэнтцы землеўпарадкавальнага факультэта Дар’і Яцэвіч. Пераможны кубак і сертыфікат на 100 базавых велічынь як лепшай групе быў уручаны вучэбнаму калектыву пад нумарам тры з факультэта бізнесу і права. А лепшай студэнткай і па сумяшчальніцтве старшынёй студэнцкага савета інтэрната была прызнана навучэнка факультэта бухгалтарскага ўліку Таццяна Жытава. Акрамя ганаровага дыплома і кубка, яна атрымала ва ўзнагароду надбаўку да стыпендыі ў 10 базавых велічынь і планшэт.

Адметна, што студэнтаў-выдатнікаў заахвочвае і кіраўніцтва акадэміі. Па выніках мінулага навучальнага года 21 малады чалавек атрымаў імянную стыпендыю ад рэктарата. Яшчэ восем прадстаўнікоў гэтай навучальнай установы сёлета сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *