Забеспячэнне адукаванымі і кваліфікаванымі кадрамі — адна з найважнейшых умоў якаснага развіцця краіны

Стратэгія ўдасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Беларусі была разгледжана на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, паведамляе сайт урада.

Задача па ўдасканаленні гэтай сістэмы прадугледжана Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады. Прэм’ер-міністр Сяргей Румас адзначыў, што ў 2014 годзе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны рэалізоўвала інавацыйны праект па практычным апрабаванні новых элементаў нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Прымяненне гэтых элементаў прадугледжана ў распрацаванай стратэгіі па яе ўдасканаленні.

Кіраўнік урада канстатаваў, што дзеючая нацыянальная сістэма кваліфікацый была сфарміравана ў савецкія часы. У Беларусі, у адрозненне ад краін-партнёраў па ЕАЭС, захавана абавязковае прымяненне яе элементаў для ўсіх наймальнікаў незалежна ад формы ўласнасці. Забеспячэнне сфер эканомікі адукаванымі і кваліфікаванымі кадрамі — адна з найважнейшых умоў якаснага развіцця краіны. Ва ўмовах значна ўзросшай у апошняе дзесяцігоддзе мабільнасці працоўных рэсурсаў і павелічэння попыту на кваліфікаваны персанал гэтае пытанне набыло асаблівую актуальнасць.

Сяргей Румас таксама падкрэсліў, што дзеючая сістэма сябе не вычарпала. “Але яна доўгі час не зведвала істотных змяненняў, а ў міжнароднай практыцы прымяняюцца крыху іншыя падыходы да пабудовы сістэмы кваліфікацый. Улічваюцца не толькі веды, пацверджаныя дыпломам, але і вынікі нефармальнага навучання работніка, што павышае яго зацікаўленасць у самаадукацыі”, — сказаў прэм’ер-міністр.