Забеспячэнне стварэння ўмоў для свабоднага і дастойнага развіцця асобы — агульная задача ўсіх галін улады

- 11:32Інфармацыйная гадзіна

Нацыянальныя інтарэсы павінны ўлічвацца пры ажыццяўленні саюзнага будаўніцтва, заявіў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч пасля Паслання Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Беларусі і палатам Нацыянальнага сходу “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе”.

Значнасць асобных паўнамоцтваў Канстытуцыйнага Суда з часам узрастае, адзначыў Міхаіл Мясніковіч. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на актуаль­насць пытанняў суадносін нацыянальнага і наднацыянальнага права з улікам далейшага ўдасканалення права Еўразійскага эканамічнага саюза і саюзнага будаўніцтва Беларусі і Расіі. “Гэта новая функцыя і Нацыянальнага сходу, і Канстытуцыйнага Суда. Лічым, што любыя крокі па развіцці нашых ключавых інтэграцыйных аб’яднанняў — Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС — павінны рабіцца пры захаванні суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасці. Пры гэтым бясспрэчным павінен заставацца прынцып кансэнсусу і ў прыняцці рашэнняў аб руху наперад па шляху саюзнага будаўніцтва і ўліку нацыянальных інтарэсаў”, — падкрэсліў Старшыня Савета Рэспублікі.

Шырокае і адкрытае прадстаўленне Паслання Канстытуцыйнага Суда служыць важным элементам для пабудовы дэмакратычнай дзяржавы. Сенатары актыўна ўключаны ў працэс выпрацоўкі пазіцый КС па актуальных прававых пытаннях на ўсіх стадыях заканатворчасці. Верхняя палата парламента і Канстытуцыйны Суд наладзілі зваротную сувязь, і іх узаемадзеянне, акцэнтаваў увагу Міхаіл Мясніковіч, накіравана на дасягненне агульных мэт: забеспячэнне канстытуцыйнай законнасці, больш поўную рэалізацыю патэнцыялу Канстытуцыі.

Беларусь адбылася як суверэнная дзяржава, з меркаваннем якой лічацца ў свеце. Беларускаму народу ёсць чым ганарыцца ў фарміраванні сучаснага і даволі поўнага заканадаўства. “Але жыццё не стаіць на месцы. Эвалюцыйныя пераўтварэнні ўлічваюцца ў законапраектнай дзейнасці. Ужо сёння развіццё нацыянальнага заканадаў­ства ідзе ў рэчышчы трэндаў, абазначаных у Пасланні Канстытуцыйнага Суда: гуманізацыя прававога рэгулявання, павышэнне ролі самарэгулявання, лічбавізацыя розных сфер грамадскіх адносін, інтэграцыя з нацыянальнымі прававымі сістэмамі іншых краін”, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Беларускія законы з 2019 года будуць распрацоўвацца з пэўнымі інавацыямі, якіх раней не было. Размова ідзе аб прагназаванні наступстваў прыняцця нарматыўных прававых актаў, уключаючы ацэнку іх рэгулюючага ўздзеяння на ўмовы вядзення бізнесу. Акрамя таго, з гэтага года заканадаўцы практыкуюць пакетны прынцып падрыхтоўкі праектаў законаў, што дае магчы­масць павялічыць коль­касць норм прамога дзеяння, скараціць ведамасную нарматворчасць. Сярод важных інструментаў фарміравання сістэмы права, адэкватнай сучасным грамадскім па­трэбнасцям, спікер назваў навуковую экспертызу.

Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што на II з’ездзе вучоных у снежні 2017 года прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначаў неабходнасць стварэння ў краіне сістэмы ўсебаковай гуманітарнай экспертызы важнейшых заканадаўчых ініцыятыў і праектаў не толькі з пункту гледжання права, але і з пазіцый сацыя­логіі, псіхалогіі, культуры і традыцый грамадства. Савет Рэспублікі сумесна з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі і Нацыянальнай акадэміяй навук ужо выпрацаваў асноўныя падыходы да яе правядзення.

Рэзюмуючы, спікер нагадаў, што ў артыкуле 2 Канстытуцыі замацавана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. “Забяспе­чыць стварэнне ўмоў для свабоднага і дастойнага развіцця асобы — агульная задача ўсіх галін улады. У гэтым залог стабільнасці і паступальнага развіцця на карысць чалавека”, — сказаў Старшыня Савета Рэспублікі.