Забяспечваць пераход у лічбавую эпоху — такая місія ўскладзена на сістэму адукацыі

На базе Залатавустаўскага тэхнікума тэхналогій і эканомікі (Расія) прайшла IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная падрыхтоўцы кадраў для лічбавай эканомікі. Мерапрыемства было арганізавана Чэлябінскім інстытутам развіцця прафесійнай адукацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і навукі і Міністэрства інфармацыйных тэхналогій і сувязі гэтага рэгіёна. У ліку 5 краін — удзельніц канферэнцыі была і Беларусь, якую прадстаўлялі кіраўніцтва і супрацоўнікі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Яны ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве ў відэафармаце. Здабыты вопыт у сферы лічбавай адукацыі нашай краіны, які быў станоўча ўспрыняты калегамі з іншых краін, назапашаны за кошт актыўных дзеянняў Міністэрства адукацыі і непасрэдна РІПА.

Упэўнены пераход нашага грамадства ў лічбавую эпоху ў першую чаргу можа забяспечыць адукацыйная галіна. Менавіта сістэма адукацыі павінна падрыхтаваць такіх спецыялістаў, якія гатовы ствараць ІТ-краіну, здольныя працаваць ва ўмовах лічбавай эканомікі, валодаюць мабільнымі і інтэрнэт-тэхналогіямі, арыентаваныя на пастаяннае ўдасканаленне сваёй прафесійнай падрыхтоўкі згодна з лічбавымі пераўтварэннямі ў эканоміцы і грамадстве. Сёння лічбавыя тэхналогіі ўжо выходзяць за межы ўспрымання іх толькі пэўным інструментам. Гэта ўжо асяроддзе існавання для кожнага з нас, якое адкрывае новыя гарызонты: вучыцца ў любы зручны час, у тым ліку бесперапынна, самастойна праектаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю і пры гэтым можна выкарыстоўваць не толькі ўжо існуючы электронны рэсурс, а ствараць новы. Усе гэтыя лічбавыя асаблівасці, безумоўна, патрабуюць ад нашых педагогаў сучасных падыходаў у адукацыйным працэсе згодна з развіццём і ўкараненнем інфармацыйна-камунікацыйных рэсурсаў. Педагог нясе ў навучэнскую аўдыторыю не толькі веды і навыкі, але і з’яўляецца для навучэнцаў правадніком у лічбавым асяроддзі.

На што скіроўваць увагу педагогаў пры падрыхтоўцы кадраў ва ўмовах лічбавізацыі адукацыі — аб гэтым і іншым вялася гутарка на міжнароднай канферэнцыі.

Ва ўступным слове рэктар РІПА кандыдат педагагічных навук В.М.Галубоўскі выказаўся аб значнасці падрыхтоўкі кадраў для лічбавай эканомікі.

— Гэта стратэгічная задача для нашых краін, вырашэнне якой павінна забяспе­чыць выхад эканомікі на новыя тэхналагічныя ўклады, на высокую прадукцыйнасць працы, прадаставіць моладзі магчымасць прафесійнага росту ва ўмовах развіцця сучаснай эканомікі, скіраванай на павышэнне якасці жыцця нашых грамадзян, — падкрэсліў Валерый Мікалаевіч.

Наша краіна ідзе па інавацыйным шляху, імкнецца развівацца ва ўнісон з сусветнымі тэндэнцыямі і тым самым забяспечыць эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць сваёй эканомікі. Для эканамічнага развіцця ў лічбавым фармаце ў нашай краіне створана адпаведная заканадаўчая база, якая складаецца з Дэкрэта прэзідэнта краіны № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, Стратэгіі развіцця інфарматызацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2016—2022 гады, Дзяржаўнай праграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гады, Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года.

В.М.Бялоцкая, намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі РІПА, у час правядзення канферэнцыі паведаміла ўдзельнікам сустрэчы аб шляхах развіцця прафесійнай адукацыі Рэспублікі Беларусь ва ўмовах лічбавай эканомікі.

Рынак працы сёння патрабуе кваліфікаваных маладых спецыялістаў, здольных аператыўна ўключацца ў вытворчую дзей­насць, набываць уменні і навыкі ў адпаведнасці з хутказменлівымі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Работадаўцы чакаюць выпускнікоў, якія ўмеюць сістэмна мысліць, вычляняць галоўнае, перапрацоўваць вялікі аб’ём інфармацыі, прымяняць атрыманыя веды на практыцы, умеюць працаваць у камандзе, маюць высокакамунікатыўныя навыкі, годна пазіцыянуюць сябе ў грамадстве, што, несумненна, дазваляе не толькі паспяхова працаўладкавацца, але і замацавацца на рынку працы.

— Рынак ІТ-паслуг сёння імкліва развіваецца, і мы не павінны ад яго адста­ваць, — адзначыла Вольга Міхайлаўна. — Лічбавая трансфармацыя  адукацыйнай галіны і стварэнне рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя дазваляюць забяспечыць шырокі доступ да інавацыйных тэхналогій усім удзельнікам адукацыйнага працэсу.

У сферы лічбавай трансфармацыі адукацыі цяпер назіраецца шэраг важных тэндэнцый. Сюды ўваходзяць дапоўненая, віртуальная і змешаная рэальнасці, прымяненне лічбавых карыстальніцкіх прылад на ўроках, рабочая прастора, штучны інтэлект, персаналізаваны вучэбны працэс і яго гейміфікацыя, прымяненне тэхналогіі Blockchain і інш.

Калі разглядаць кожны гэты складнік паасобку, то, напрыклад, дапоўненая, віртуальная і змешаная рэальнасці могуць трансфарма­ваць у значнай меры адукацыйны працэс. Штучны інтэлект здольны ацэньваць любыя працэсы — пачынаючы ад лічбавай трансфармацыі і заканчваючы ацэнкай якасці зместу. Лічбавыя тэхналогіі даюць магчымасць навучэнцам выбраць найбольш прыдатны для іх тып навучальнай установы, вызначыць індывідуальны падыход у адукацыі, гэта значыць, персаніфікаваць працэс навучання.

Інфармацыйныя тэхналогіі ў сістэме адукацыі нашай краіны выкарыстоўваюцца дастаткова інтэнсіўна. У большасці ўстаноў адукацыі функцыянуюць аўтаматызаваныя сістэмы адміністрацыйнага прызначэння, якія забяспечваюць збор і апрацоўку інфармацыі. Лічбавая трансфармацыя ўплывае і на змяненне зместу падрыхтоўкі спецыялістаў. Гэта можна прасачыць на прыкладзе падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Мехатроніка”, якая стала асновай для навучання па спецыяльнасцях “Машынабудаванне”, “Вытворчасць харчовых прадуктаў”, “Халадзільнае абсталяванне”, “Радыёэлектронная вытворчасць”. Падрыхтоўка спецыялістаў для лічбавай эканомікі вядзецца ў трыядзе “віртуальнае праграмнае асяроддзе, трэнажоры, сімулятары”. У далейшым — замацаванне прафесійных навыкаў непасрэдна на рэальным абсталяванні.

Як адзначыла В.М.Бялоцкая, перспектывамі развіцця прафесійнай адукацыі і навучання ў лічбавым грамадстве з’яўляюцца далейшае абнаўленне зместу падрыхтоўкі пад уплывам digital skills, увядзенне новых спецыяльнасцей, якія адпавядаюць запытам лічбавай эканомікі, маштабнае выкарыстанне электронных камунікацый для інфармацыйнага ўзаемадзеяння педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў, комплексная інфармацыйная сістэма кіравання ўстановамі прафесійнай адукацыі, удасканаленне сістэмы прагназавання кадраў — пачынаючы ад прагназавання патрэбнасці ў прафесіях і заканчваючы  прагназаваннем кампетэнцый, а таксама распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў: трэнажораў, падручнікаў новага пакалення дапоўненай і змешанай рэальнасці, развіццё тэхналогій электроннага навучання.

Трэндамі лічбавізацыі грамадства і эканомікі з’яўляюцца глабалізацыя і мабільнасць работнікаў, фарміраванне новага тэхналагічнага ўкладу ў прамысловасці, паўсюднае пранікненне ІКТ, узнікненне новых навыкаў і прафесій, рост аб’ёмаў ведаў, развіццё мабільных тэхналогій, стварэнне лічбавага рабочага месца, навучанне на працягу ўсяго жыцця.

Укараненне лічбавых тэхналогій у прафесійнай адукацыі дазваляе павысіць матывацыю навучэнцаў да вывучэння вучэбных прадметаў, спрыяе стварэнню адукацыйнай траекторыі, фарміраванню інфармацыйнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, а таксама стварэнню ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі педагогаў.

Супрацоўнікі РІПА прынялі ўдзел у рабоце секцыі “Кампетэнцыі лічбавай эканомікі: формы, метады і сродкі фарміравання”.

Загадчыца кафедры тэхналогій прафесійнай адукацыі РІПА  С.М.Бараноўская адзначыла, што пытанне прафесійнага развіцця педагога з’яўляецца актуальным ва ўсе часы. Сёння яно вызначаецца лічбавай кампетэнтнасцю педагога ў выбары і выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій  у адукацыйным працэсе. Педагог павінен ведаць сучасны стан камп’ютарызацыі адукацыйнага працэсу, валодаць камп’ютарнымі тэхналогіямі,  ведаць сродкі арганізацыі дыстанцыйнага навучання, умець выкарыстоўваць патэнцыял інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Працэс фарміравання і развіцця лічбавай кампетэнцыі педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі — неад’емная частка іх дадатковай прафесійнай адукацыі. Для вырашэння гэтай задачы РІПА прапаноўвае цэлы спектр спецыялізаваных курсаў павышэння кваліфікацыі, змест якіх накіраваны на вывучэнне сучасных інфармацыйных тэхналогій і асаблівасцей іх прымянення ў рамках шматлікіх прадметных галін, пашырэнне і паглыбленне прафесійных ведаў і ўменняў педагогаў у галіне праграмных і тэхнічных рашэнняў актуальных праблем. Сярод педагогаў найбольшую  папулярнасць маюць такія праграмы, як методыка выкарыстання дыстанцыйнага навучання, інтэрнэт-тэхналогій у адукацыйным працэсе, тэхналогій мабільнага навучання, стварэння  вучэбна-метадычнага комплексу з выкарыстаннем  ІКТ і інш.

Прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні якасці прафесійнай адукацыі кандыдат псіхалагічных навук Наталля Міхайлаўна Шаўчэнка-Саўлакова адзначыла, што мэтамі лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі з’яўляюцца фарміраванне ў навучэнцаў лічбавай кампетэнцыі, забеспячэнне доступу да лічбавых тэхналогій, дыстанцыйнае навучанне, даведачна-інфармацыйная падтрымка, аб’яднанне разрозненых інфармацыйных рэсурсаў. У лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі на РІПА ўскладзена задача ажыццяўлення інфармацыйнага і навукова-метадычнага суправаджэння. Так, у прыватнасці, інстытут займаецца стратэгіяй навучання на аснове ІТ, каардынацыяй эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў развіцці  інфармацыйных тэхналогій, экспертызай  і распаўсюджваннем электронных адукацыйных рэсурсаў. У гэтым навучальным годзе ў сферы  інфарматызацыі рэалізоўваецца 7 праектаў на 27 пляцоўках, дзе апрабуюць новыя падыходы ў забеспячэнні  лічбавага навучання. Адным з кірункаў эксперыментальнай работы з’яўляецца арганізацыя вучэбнага ўзаемадзеяння паміж педагогамі і навучэнцамі за кошт выкарыстання спецыялізаванага праграмнага забеспячэння. Цікавай распрацоўкай у сферы прафарыентацыйнай работы стаў інтэрактыўны часопіс для дзяцей “6+”, дзе ўключаны QR-коды, жывыя старонкі для доступу да інтэрактыўных практыкаванняў, анімацыі і відэаролікаў. Шырокае распаўсюджванне мае такі кірунак, як стварэнне банкаў метадычных распрацовак і электронных сродкаў навучання для выкарыстання ў рабоце педагога.

Многія ўстановы прафесійнай адукацыі ствараюць электронныя метадычныя кабінеты, сайты па вучэбных дысцыплінах, адукацыйныя блогі для педагогаў. Укараняюцца дыстанцыйнае і мабільнае навучанне праз электронны падручнік, электронны канспект,электронны практыкум у рэжыме анлайн. З году ў год расце колькасць навучэнцаў, якія прымаюць удзел у прадметных алімпіядах і конкурсах прафесійнага майстэрства, што сведчыць аб паспяховасці і эфектыўнасці падыходу да выкладання вучэбных дысцыплін.

Трансліраванне вопыту ўстаноў прафесійнай адукацыі адбываецца ў час правядзення семінараў, канферэнцый, аглядаў і конкурсаў “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”, “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і інш. Праводзіцца навукова-метадычная экспертыза выданняў, электронных дадаткаў да падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, абнаўляецца  інфармацыйны банк электронных сродкаў навучання. Усю інфармацыю, якая тычыцца лічбавізацыі адукацыі, можна паглядзець на афіцыйным сайце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі (http://ripo.unibel.by).

Па матэрыялах IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі выдадзены зборнік “Кадры для лічбавай эканомікі”, у склад якога ўвайшлі 66 артыкулаў. Аўтарамі некаторых з іх з’яўляюцца супрацоўнікі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота з інтэрнэту.